
Brutto. Міхалок вярнуўся дамоў
Герой Міхалка кінуў займацца агітацыяй і прапагандай на лініі фронту і проста вярнуўся дамоў, дзе адсутнічаў з другой паловы 90-х. Па сутнасьці, гэта тыя ж «песьні нашага двара», што і ў «Ляпісе» першага разьліву. Толькі што пяе іх ня той разьдзяўбай, а хлопец з суседняга пад’езду.
Праект Brutto за 17 дзён свайго існаваньня ў публічнай прасторы выдаў два кліпы і адзін альбом ды выклікаў шквал крытыкі нават з боку тых, хто езьдзіў «на Міхалка» ў бліжняе замежжа. Падкрэсьленая спартовая скіраванасьць яго новага гурта і пазбаўленыя інтэлектуальнага налёту песьні частку публікі ўсьміхнулі. Пачалі жартаваць: ёсьць сьпевы пра мяч і гіры, а дзе ж пра маты і турнічок. За песьню «Веселей», дзе пяецца пра «гапырэй», якія «получат пі…люлей», Brutto параўналі з «Сектором газа», што ўжо казаць пра шматпакутны «Мяч» (той, хто пачуе ўступ і падумае, што зараз будзе «Я верю-2», моцна расчаруецца). Абсурдысцкі радок «Вот летит грач, ты не бей его ногою, бей ногою мяч» стаў інтэрнэт-мэмам, спарадзіў дзясяткі пародыяў ды натхніў фэнаў на стварэньне іранічнага кліпа.
Між тым герой Міхалка кінуў займацца агітацыяй і прапагандай на лініі фронту і проста вярнуўся дамоў, дзе адсутнічаў з другой паловы 90-х. Па сутнасьці, гэта тыя ж «песьні нашага двара», што і ў «Ляпісе» першага разьліву («Пойду к своей малой, ёй весело со мной»). Толькі што пяе іх ня той разьдзяўбай — «паренёк под следствием», а хлопец з суседняга пад’езду — той, які ходзіць у качалку ў ЖЭС і ў якога над ложкам вісяць постэры Шварца, Рэмба і… Якуба Коласа. Ён заўзее за мясцовую футбольную каманду і заўжды гатовы паганяць гопнікаў, якія, на яго думку, нічога не разумеюць у гэтым жыцьці і лічаць гопнікам яго самога. Такі выходзіць партрэт нэалюбэра на беларускі лад, які, аднак, трохі больш падкаваны ў філязофіі жыцьця і ведае больш чым адну мову.
Без сумневу, Brutto — новая вяршыня Міхалка-крыэйтара. Гэта дакладны стрэл у акрэсьленую аўдыторыю, проста велізарную, з магутным патэнцыялам і яшчэ маладасьледаваную. Гэта антыгіпстэрская музыка для заангажаваных пацаноў. Музыка качалак, трэнажорак, спортзаляў, якая праз гэта можа загучаць шырэй — на рынгах, арэнах, стадыёнах урэшце рэшт. Размова вядзецца на зразумелай для гэтай публікі мове: «По.уй мажоры, по.уй понты», вось так і не інакш. Дадатковая павага з боку простых рабятаў з пралетарскіх раёнаў усяго постсаўка гарантаваная з улікам таго, што размаўляюць (у песьнях тут якраз размаўляюць) несумнеўныя аўтарытэты ў пэўных колах, імёны якіх непасьвячонаму абываталю анічога ня скажуць — Агурэц, Тапор, Бразіл, Лэфт… Міхалок пакінуў сабе ўсяго чатыры песьні, часткова перанёс адказнасьць на іншых гульцоў сваёй каманды, але пры гэтым ён цалкам кантралюе ўвесь працэс.
Будзем шчырымі, слухаць Brutto вельмі няпроста, прынамсі ў стане поўнага спакою ў хатніх альбо офісных умовах. Уласна таго, што можна назваць песьнямі, на альбоме хіба з тры. Гэта дзьве сынглавыя рэчы — «Brutto» i «Underdog», а таксама «Наша возьме» — яшчэ адзін досыць удалы экспэрымэнт па ўцягваньні адраджэнскай паэзіі XX стагодзьдзя ў сучасны кантэкст. Гэтым разам актуалізаваны раньні верш Якуба Коласа, які і сапраўды гучыць так, нібы яго напісаў Міхалок. Астатняе — зусім бясхітрасныя крычалкі або нецікава перасьпяваныя чужыя песьні. З «гірамі» ды «мячамі» ўся ясна, але вось навошта было перапяваць Andrew W.K. і Duran Duran на мове арыгіналу, не зусім ясна. Масьцерыў альбом чалавек, які працаваў над «American Idiot» Green Day — грошы свае засвоіў сумленна, але агульную сытуацыю ўратаваць аніяк ня мог.
У кожнага свой ніз. У Вольскага, напрыклад, гэтым нізам былі «Куплеты і прыпевы», у Міхалка — «Underdog». Інтрыга ў тым, ці здолее выканаўца пасьля такога зрабіць нешта сапраўды вартае яшчэ да таго часу, калі публіка не напружылася і не зразумела, што ёй упарылі фуфло.
Brutto — Underdog, 2014
Спампаваць альбом на 34mag.
Сяргей Будкін, Tuzin.fm/Budzma.by
Ну я б, Сяргей, паспрачаўся тут трохі ў "ненармальнасці" новай аўдыторыі Міхалка, якую ты тут апісваш. Чаму хлопцы з качалак і трэнажорак адразу быдлосы і гопнікі? Я так не лічу, гэта звычайны і дастаткова танны стэрэатып. Я бачу аднолькавую матывацыю да нейкіх дзеянняў у трэках, напрыклад, "Не быць скотам" і "Наша возьме", хутчэй, тут проста накіраванасць на розную аўдыторыю. Міхалок не толькі музыка, не варта забываць гэта. Калі яго аўдыторыя будзе разумець матамі, тады ён будзе імі карыстацца і зарабляць вядомасць альбо грошы на гэтым. Гэта насамрэч нармальна. Але гэта зусім не значыць, што музыка Міхалка стала слабейшая ці яго аўдыторыя дурнейшая. Яна проста змянілася. Занадта гучна гучыць апошні выраз артыкула. Калі б Міхалок уключыў дыктафон у прыбіральні і потым выклаў новазапісаны альбом у Сеціва - справа іншая. А Underdog, як я лічу, мае права на існаванне. Больш за тое... Наўрад ці магчыма, што спачатку музыка піша гімн шматтысячнай рэвалюцыі, а потым "музыку для гопнікаў", на што ты робіш акцэнт у артыкуле. І там былі гімны, і тут ёсць гімны. Проста аўдыторыя іншая.
У гэтай музыцы ёсьць канкрэтны разьлік і канкрэтны адрасат і гэта выглядае абсалютна на пралічаны ход, Мікола. Гульню з дакладна акрэсьленай аўдыторыяй. Да чаго яна прывядзе - ня ведаю, але калі ты лічаш "Веселей" гімнам, значыць ты яго дастойны:).
Ты трохі не так мяне зразумеў. Сам факт таго, што такая музыка існуе, як і тое, што ёсць людзі, якія яе слухаюць - гэта нармалёва, так было і будзе заўсёды. Мой каментарый не пра хады, але паўтаруся: не варта забываць, што Міхалок не толькі музыка. Ёсць шмат рэчаў у свеце, якія могуць нам не падабацца, але яны маюць права на існаванне і яны павінны існаваць. Так і з такой музыкай. Тое, што Brutto з'яўлецца неякасным прадуктам, у тваім артыкуле нічым не абгрунтавана, як мне падаецца. Сам па сабе, я лічу, прадукт дастаткова добры. А тое, што нам з табой не падабаюцца мацюкі (а я іх, дарэчы, увогуле не прымаю, асабліва ў маёй плыні - рэп-музыцы) - гэта ўласныя забабоны ўсё ж такі. Сама музыка і з імі можа быць дастаткова якаснай і добрай. А пра аўдыторыю - гэта бізнэс і ўласны рост Міхалка. Усё ж аўдыторыя - гэта не падстава, каб называць музыку неякаснай.
Наконт гімнаў і не гімнаў, "Веселей" і не "Веселей". З творчасці Brutto я магу паслухаць некалькі трэкаў, але гімнаў у мяне няма. Калі я абараняю нейкі твор, гэта не значыць, што я яго фанат;)
Ніхто не паўстае супраць існаваньня такой музыкі, Мікола. Безумоўна, што Міхалок-канцэптуаліст яшчэ той. Але будзем справядлівымі - гэты праект-правакацыя па мастацкіх якасьцях слабаваты ў параўнаньні з тым, што рабіў Міхалок раней.
І, аналягічна, калі я крытыкую нейкі твор, гэта ня значыць, што я яго ненавіджу:).
Нормальный альбом. Не супер конечно, но и не отстой. А вот внезапный яростный пыл, с которым все бросились его поливать грязью - вот это как раз вызывает больше беспокойства. Как-будто Михалок всем денег должен был, и как только он ушел из "Ляписов" все резко вспомнили про это... ))
Они (бруттеры) будут бить в одну точку долго и упорно. И многие из тех, кто порицал их - признают. А если не признают, то найдутся свежие умы, готовые увидеть в Михалке не только шута, но и брутала. (;{
КАМЕНТАВАЦЬ