Сонцам сагрэтыя
6778 / 0
04.03.2015

Navi. Сонцам сагрэтыя і богам пацалаваныя

Ксенія Жук і Арцём Лук’яненка часова прыпынілі працу над электрычнай праграмай, каб удваіх запісаць шыкоўны акустычны альбом.

Navi ў такім фармаце і пачынаўся — хлопчык з гітараю ды дзяўчынка з клявішамі, па ўсім бачна, закаханыя адно ў аднаго, пяшчотнымі галасамі пяюць пра каханьне, абдымкі ды шчасьце. Пасьля досыць супярэчлівага ў стылістычным пляне дэбютніка «Лови» яны набралі сталых музыкаў ды ўзялі кірунак на рок-гучаньне, але нечакана ізноў зьвярнуліся да фармату акустыкі на дваіх. Кажуць, што проста неплянавана торкнула — запісаць мінімалістычны альбом, цалкам па-беларуску. Карцела ім чамусьці выдаць рэліз менавіта ў 2014 годзе. Пасьпелі.

Адзіны мінус альбому «Сонцам сагрэтыя» ў тым, што ён закароткі. У астатнім усіх нас можна павіншаваць з тым, што ёсьць такая каманда. Яны бездакорна гучаць дуэтам, багата і аб’ёмна, хоць выкарыстоўваюць адно толькі галасы, акустычную гітару ды зрэдчас піяніна. У іх пазытыўная харызма і бездакорнае адчуваньне мэлёдыі, выдатныя галасы і абсалютнае валоданьне мовай, ад таго іх тэксты выглядаюць жывымі і натуральнымі, а не напружна прыдуманымі з слоўнікам у руках. Калі хто ведае Navi зь песень «Адбымі мяне» і «Не засынай», таму вельмі проста патлумачыць асаблівасьць гэтага альбому — тут усе нумары такога ж высокага выканальніцкага ды эмацыйнага ўзроўню.

Ня ўсё выйшла тут з таго, што задумалі музыкі. У адным з трэкаў мусіў сьпяваць Вова Казлоў з Re1ikt, але з запісам ня склалася. Зрэшты, няма неабходнасьці кагосьці запрашаць падсьпяваць, бо Ксенія мае неверагодна шырокія вакальныя магчымасьці, якія наўрад ці дэманструе ў межах Navi нават на 50%. Зь песень, якія ўражваюць у пляне вакальным, на першым месцы стаіць мусіць «Выдумай». Ну, а самая прыемная нечаканка з альбому — «Стэфка», беларускі рок-гіт часоў перабудовы, зроблены з замілаванасьцю, любоўю і трымценьнем. Арцём і Ксенія ня раз засьведчылі ўжо, што здольныя прыўнесьці сваё і не папсаваць ды ўпрыгожыць якую заўгодна песьню (у іх ёсьць выдатны нявыдадзены нумар «Сівы конь», напрыклад). Ну і самае галоўнае — яны могуць пісаць проста ад шчырага сэрца, без прагіну і каньюнктуры, такія песьні, якія будуць гучаць з кожнага праса і пры гэтым не раздражняць і не дакучаць.

«Сонцам сагрэтыя» — безумоўна, адна з самых яскравых працаў у беларускай музыцы-2014.

Сяргей Будкін, Tuzin.fm/Budzma.by