Рэха
10403 / 1
10.05.2016

Dzieciuki. Трэцяе кола адраджэньня

Dzieciuki адыгрываюць ролю, якую ў другой палове 90-х выконваў N.R.M. Толькі яны яшчэ больш заглыбляюцца ў гістарычны кантэкст. Іх мэта — расказаць, пазнаёміць, уславіць. Ніякай іншасказальнасьці і сэнсавага напластаваньня.

Яны расказваюць простымі словамі, як і за што трэба любіць Айчыну. Тое ж самае рабілі беларускія паэты ў пачатку XX стагодзьдзя, і нацыя была ўжо высьпела амаль, але прыйшлі саветы і гвалтам выправілі гэтае ўсьведамленьне на пэрыфэрыю памяці. Тых, хто хоць нешта казаў насуперак ці нават патэнцыйна мог сказаць, зацкавалі, зламалі, расстралялі, змусілі зьехаць. Наступная хваля прыпала на 80—90-я гг., калі жыхарам гэтай зямлі ўжо новыя адраджэнцы пачалі расказваць беларускі альфабэт і гісторыю, якая пачынаецца зусім не з 1917 году. І быў з таго плён, калі паўстала незалежная Беларусь. Але зноў нядоўга музыка іграла — празь некалькі гадоў была вернутая саўковая сымболіка і ліквідаваныя ўсялякія праявы беларускасьці. Цяпер, праз 20 гадоў, адраджэнцы трэцяй хвалі вымушаныя зноў працаваць на самым першым узроўні ідэнтычнасьці, бо жыхарам гэтай краіны зноў трэба расказваць пра тое, у якіх выпадках пішацца «ў», хто такі Вітаўт, што мы маем свой герб і свой сьцяг і дыхаць нам тут смачна.

Dzieciuki адыгрываюць ролю, якую ў другой палове 90-х выконваў N.R.M. Толькі яны яшчэ больш заглыбляюцца ў гістарычны кантэкст. Іх мэта — расказаць, пазнаёміць, уславіць. Ніякай іншасказальнасьці і сэнсавага напластаваньня. Па сутнасьці, гэта агітбрыгада, якая выкарыстоўвае музычныя сродкі, каб расказаць самую сутнасьць. У некаторых момантах яны збліжаюцца з Brutto ў гэтым сваім імкненьні. Нездарма яны знайшлі адно аднаго і даюць сумесныя канцэрты.

Наогул жа гарадзенцы запісалі ідэальны і самадастатковы альбом нацыянальнага панку. Ён канцэптуальна вытрыманы — гэткі сьціслы пераказ яркіх момантаў з гісторыі Беларусі ў музычных карцінках. Ён з прыдумкаю запісаны са стылістыкай пад «ірляндзкі панк» (Dzieciuki настойваюць на тым, што яны ня граюць чысты irish-punk, але знаходзяцца пад яго моцным уплывам). І, што яшчэ прыемна, ён дасканала даведзены да ладу. За зьвядзеньне адказваў Андрэй Баброўка, які працаваў з «Крамбамбуляй», Вольскім, «J:Морс», а цяпер з тым жа Brutto.

Невядома, колькі яшчэ колаў адраджэньня трэба прайсьці беларусам дзеля паўстаньня сьпелай і моцнай нацыі, але Dzieciuki свой унёсак у гэтую справу зрабілі і асабіста для сябе могуць пераходзіць на іншы ўзровень. Ужо не агучваньня і сьцьверджаньня фактаў, а іх трактоўкі ды інтэрпрэтацыі, стварэньня яркіх мастацкіх вобразаў.

Сяргей Будкін 

Тэгi:

КАМЕНТАРЫ: