«Камэта» Вайцюшкевіча. Прамільгнула — і не заўважылі
Зьміцер Вайцюшкевіч запісаў альбом надзвычайнае прыгажосьці, які можна паставіць упоравень з «Паравінамі году». На жаль, ён не ацэнены належным чынам.
«Камэта» выйшла пры канцы 2015 году і неяк згубілася сярод даволі частых Вайцюшкевічавых рэлізаў. Вядома ж, забарона на творчасьць тут адыграла сваю ролю — дыск быў прэзэнтаваны ў вузкім коле на закрытай прэзэнтацыі, інфармацыя пра рэліз не распаўсюджвалася, журналісты з сваёй волі пра яго практычна не пісалі, так што нават ня ўсе прыхільнікі ведаюць пра існаваньне такога альбому. Між тым, праца вартая ўвагі.
Праграма цалкам складаецца зь песень чэскага паэта і сьпевака Яраміра Ногавіцы ў перакладах Віталя Воранава і Андрэя Хадановіча. Сам Зьміцер кажа, што з дапамогай гэтае праграмы хацеў паказаць беларусам Чэхію. «У большасьці беларусаў Чэхія асацыюецца найперш з Кафкам, Гавалам, Прагай і півам, але калі гаварыць пра музыку, то яна невядомая зусім. Лічу, што знаёмства з сучаснай чэскай музыкай варта пачаць менавіта з Ногавіцы, якога ня ведаюць тут, але на сваёй Радзіме і ў Польшчы гэта проста ікона. Ён здольны трымаць аўдыторыю ў 10 000 — 15 000 адзін з гітараю. У яго вельмі моцная паэзія і мне было за гонар працаваць зь ёю», — кажа выканаўца.
Дарэчы, сам Ярамір Ногавіца ідэю Вайцюшкевіча ўхваліў і быў ня супраць прыехаць у Беларусь дзеля прэзэнтацыі беларускага альбому ягоных песень. Але пакуль канцэрт гэты адкладаецца.
У працы над альбомам «Камэта» бралі ўдзел:
Зьміцер Вайцюшкевіч — сьпеў, сапілка, клярнэт
Алег Івановіч — гітара
Аляксандар Шувалаў — баян
Вячаслаў Сяргеенка — кантрабас
Канстанцін Гарачы — фартэпіяна, клявішы
Андрэй Сапоненка — барабаны
Віталь Ямуцееў — саксафон
музыка і вершы — Ярамір Ногавіца
пераклад — Віталь Воранаў (1, 2, 4, 5, 6, 9), Андрэй Хадановіч (3, 7, 8, 10, 11, 12)
аранжыроўка — WZ-Orkiestra
запіс, зьвядзеньне, майстэрынг — Эдуард Іваноў, студыя Cuba
Tuzin.fm
КАМЕНТАВАЦЬ