Вайцюшкевіч і Някляеў. Згадаць як добры сон
Музыка і паэт запісалі выдалі сумесны альбом з нагоды 10-годзьдзя творчай супрацы. У дыск увайшлі, як раней вядомыя творы, так і зусім новыя песьні і вершы.
Пачалася супраца з альбому «Танга з ружай», які пабачыў сьвет у 2006 годзе. Песьня зь яго «Дарога» трапіла ў «залаты тузін» па выніках сэзону, а «Бывай, Яблонская, бывай» і «Не дазволь мне пайсьці» ўвайшлі ў лік галоўных гітоў WZ-orkiestra. Дарэчы, песьня з таго дыску «У нашых снах» і дала назву новаму альбому Вайцюшкевіча. Асобна на Дзень Перамогі 9 траўня ў 2006 годзе Вайцюшкевіч прэзэнтаваў песьню «Дзявяты плач», пасьля запісаў сваю вэрсію «Гуляць дык гуляць», вядомую з выкананьня Лікай Ялінскай. Для гэтага дыску кампазыцыя перазапісаная наноў. Вайцюшкевіч кажа, што ўвёў яе ў рэпэртуар у тым ліку таму, што па неафіцыйнай інфармацыі яе ўнесьлі ў чорны сьпіс для выкананьня нават аматарскімі калектывамі праз аўтарства Ўладзімера Някляева.
Акром яе ў фаварытах асабіста ў Вайцюшкевіча і зусім новая кампазыцыя «Шалік». А ўсё ад таго, што сьпявак мае некалькі шалікаў ад даўно мінулых рамантычных сустрэч. «Чалавека ў тваім жыцьці ўжо няма, а шалік вось ён — вісіць. Вельмі дакладны вобраз», — кажа артыст.
А вось што згадвае пра сваё знаёмства з музыкай Вайцюшкевіча аўтар альбому, Уладзімер Някляеў: «У 2001 годзе Леанід Дранько-Майсюк прынёс мне дыск „Цацачная крама“, запісаны Вайцюшкевічам на яго вершы. Не скажу, што ён мне надта глянуўся. Ну, песенькі як песенькі. Такі а-ля фальклёр. Не „Песьняры“, карацей. Але потым я пачуў на нейкім канцэрце баляды Вайцюшкевіча. Зноў жа — фальклёрныя матывы. Толькі там ужо і аранжыроўкі, і якасьць падачы матэрыялу была іншай. Лепшай — як на мой густ. А яшчэ больш мне спадабалася вернасьць тэме. Вернасьць беларускай песьні, увогуле беларушчыне. І я падумаў: гэты прыгожы хлопец, які некалі граў у групе Kriwi, маёй групы крыві… 15 гадоў, якія прамінулі з тае пары, адчуваньне гэтае толькі пацьвердзілі».
Сярод 18 запісаў шмат добра вядомых песень, а таксама шэраг новых запісаў і вершаў. Самі аўтары пазьбягаюць слова «найлепшае», кажуць, што гэта ўсяго толькі «пэўны зрэз».
Замовіць калекцыйны CD «У нашых снах» з аўтографамі Зьмітра Вайцюшкевіча і Ўладзімера Някляева (з дастаўкай па Беларусі і ўсім сьвеце поштаю) можна праз краму Symbal.by.
TuzinFM
КАМЕНТАВАЦЬ