Рокі
19735 / 0
11.07.2017

Brutto. Па дарозе зь Вялікай палітыкі ў Вялікую рэлігію

У трэці альбом «Рокі» асноўнага праекту Сяргея Міхалка Brutto ўвайшлі даўнія гіты, чужыя ды свае перасьпевы ды некалькі адносна новых нумароў.

Рэліз «Рокі» адбыўся на расейскім лэйбле «Союз» і на беларускім інтэрнэт-лэйбле «Пяршак». Міхалок з нагоды прэм’еры зазначыў, што альбом ня новы — ён быў гатовы яшчэ летась, але толькі цяпер вырашана было яго выдаць. «Нават з дрэнным стартам можна прыйсьці да „фінішу“ першым!», — з уласьцівай яму перакананасьцю заявіў лідэр Brutto і дадаў, што па выхадзе «Рокі» ягоная каманда сыходзіць зь вялікай палітыкі (там усё зразумела) у вялікую рэлігію (там усё туманна). У ліку 12 песень альбому як новыя, так і ўжо вядомыя. Чатыры песьні былі напісаныя ў супрацы з украінскім пэатам Сяргем Жаданам («Рокі» ў перакладзе на беларускую Андрэя Хадановіча, «Саботаж» і «Середні віки»). Ягонаму ж аўтарству належыць пераасэнсаваньне песьні «Give the Anarchist a Cigarette» гурту Сhumbawamba, якая была засьпяваная ў перакладзе Андрэя Хадановіча пад назваю «Папяроска» (на старонцы альбому ў Вікі яе аўтарства памылкова прыпісваецца Міхалку). На альбоме ёсьць і яшчэ адзін кавэр — «Cambodia» Кім Ўайлд зь некранутым арыгінальным тэкстам. Ну і таксама два «самакавэры» на гурт «Ляпіс Трубяцкі» — «Телевизор» і «Матрёшка». Міхалок на «Рокі» зноў зьвяртаецца да клясыкі беларускай паэзіі — фінальны нумар «Годзе» напісаны на словы Янкі Купалы. Стыль гурту застаўся нязьменным — цяжкія гітары ў спалучэньні з духавымі і клявішнымі.

Беларускія экспэрты ўспрынялі гэты рэліз з прахалодай — на сайце Experty.by ён атрымаў адзнаку ў 5,5 з 10 магчымых.

Спампаваць альбом адным файлам з сайту 34mag

TuzinFM