Працяг «Традыцыі». Вандроўка ў часе і прасторы з варганам
Фальклёрны гурт з Полацку «Варган» прэзэнтуе на TuzinFM дэбютны альбом «Зялён явар, дуброва. Музыка Полаччыны».
«Зялён явар, дуброва. Музыка Полаччыны» — першы студыйны альбом фальклёрнага гурта «Варган». Ён зьмяшчае 18 трэкаў, сярод якіх песьні, танцы і нават «цярэшкі». Усе песьні і інструмэнтальныя кампазыцыі з рэлізу некалі гучалі на тэрыторыі Полаччыны на працягу гадавога каляндарнага кола. У якасьці бонусу — запіс купальскай песьні ад аўтэнтычнай сьпявачкі Алімпіяды Міхайлаўны Шчарбаковай зь вёскі Шастова Полацкага раёну.
У выкананьні «варганцаў» можна пачуць абрадавыя песьні, прымеркаваныя да знакавых гадавых сьвятаў, а таксама лірычныя — жаночыя ды мужчынскія. Нашыя продкі ўмелі і любілі весяліцца. Як доказ — інструмэнтальная частка альбома, што пераносіць слухача на сапраўдную вясковую вечарыну з танцамі. Гармонік ды скрыпка, цымбалы ды бубен, дуда ды колавая ліра і канечне ж — варган. Мала хто ведае, але ў Полацку гралі на варганах з раньняга сярэднявечча. Гэта пацьвярджаюць археалягічныя знаходкі. Ды і назву гурт абраў сабе не выпадкова. Варган для сьпевакоў сымбалізуе своеасаблівы партал, які дазваляе вандраваць у прасторы і часе і паглыбляцца ў гукавую стыхію мінулых стагодзьдзяў.
У стварэньні інструмэнтальнай часткі альбома прымалі ўдзел запрошаныя музыкі — вядомы майстар, музыка і мастак Алесь Лось (дуда, колавая ліра), а таксама Алеся Сівохіна (цымбалы).
«Наша мэта — стварыць жывы музычны вобраз Полаччыны, прапусьціўшы аўтэнтычны матэрыял праз сваё сэрца, прадэманстраваць тую палітру гукаў і эмоцыяў, якія несла ў сабе гэтая музыка», — кажуць удзельнікі гурта. Спрабуючы дакрануцца да ўнікальнай музычнай традыцыі Полаччыны, музыкі імкнуцца максымальна наблізіцца да аўтэнтычнай манеры выкананьня і перадаць яе жывую энэргетыку.
Гучаньне альбома стварае атмасфэру, набліжаную да палявога запісу ў час сьвята, вечарынкі, ігрышча. Частка кампазыцыяў запісвалася ў Полацку (запіс, зьвядзеньне — Алесь Лось), частка — у Менску (запіс, зьвядзеньне, майстарынг — Арцём Петрашкевіч і Валер Бяляеў). Дызайн вокладкі стварыла Сьвятлана Клепікава.
Прэзэнтацыі альбома «Зялён явар, дуброва. Музыка Полаччыны» адбудуцца ў Полацку 6 кастрычніка і ў Менску 14 кастрычніка.
CD «Зялён явар, дуброва. Музыка Полаччыны» выйшаў у межах праекта «Традыцыя», у якой раней пабачыў сьвет дыск «Мужчынская традыцыя сьпеву» і «Песьні і найгрышы вясельля вёскі Лявонпаль і яе навакольляў».
TuzinFM
КАМЕНТАВАЦЬ