Ад джазу да гіп-гопу. Вайцюшкевіч пераасэнсаваў Маякоўскага
Зьміцер Вайцюшкевіч і WZ-Orkiestra прэзэнтуюць у альбомным чарце на TuzinFM сваю працу «Люблю» на словы Ўладзімера Маякоўскага.
«Люблю» — гэта ўжо другая сустрэча Вайцюшкевіча зь вершамі Маякоўскага. Першая скончылася альбомам «MW» (2005), які сам сьпявак лічыць недасканалым. Новы дыск «Люблю» — гэта адначасова праца над памылкамі і крок наперад. «Ён больш разнастайны па стылях: ад джазу і акадэмічнай музыкі да альтэрнатыўнага року ды гіп-гопу, — распавядае Зьміцер. — Да таго ж мінулым разам было зашмат словаў, а цяпер я хацеў больш музыкі. Ну, і некалькі песень з таго альбома на словы Маякоўскага наноў перарабіў. Як мне падаецца, больш удала».
На альбоме «Люблю» вершы Маякоўскага двойчы гучаць па-беларуску: «Паслухайце» ў перакладзе Рыгора Барадуліна і «Размова зь фінінспэктарам аб паэзіі» ў перакладзе Віталя Рыжкова. Апошні таксама чытае рэп у адпаведнай песьні.
Вайцюшкевіч прапануе лічыць «Люблю» супольным праектам. Агулам у запісе было задзейнічана багата запрошаных гасьцей. Акром уласна WZ-Orkiestra, у ім узялі ўдзел музыкі з гуртоў Apple Tea, «Крама», а таксама беларуска-амэрыканскі віялянчэліст Марк Прыходзька, гітарысты Стыў Крамэр і Майк Рубін, хор «Канкордыя».
Рэліз альбому адбыўся 25 кастрычніка 2018 году, а жывая прэзэнтацыя прайшла 2 лістапада.
TuzinFM
КАМЕНТАВАЦЬ