Ад нараджэньня да скону. Канцэптуальны альбом Вольскага
Лявон Вольскі прэзэнтаваў новы альбом «Гравітацыя». Праграма распавядае пра ўсе асноўныя стадыі чалавечага жыцьця: ад нараджэньня да скону.
Новы альбом «Hravitacyja» завяршае трылёгію, распачатую дыскамі «Hramadaznaŭstva» (2014) і «Psychasamatyka» (2016). Як і папярэднікі, ён быў запісаны ў Вільні з нарвэскім саўндпрадусарам Снорэ Бэргерудам. Сродкі на запіс і выданьне зьбіраліся праз краўдфандынг. Новы альбом дасяжны на iTunes ды іншых лічбавых пляцоўках.
«Найперш хачу падзякаваць данатарам альбому — для мяне гэта неацэнна, — кажа Лявон Вольскі. — Канцэпцыя альбома — гісторыя чалавечага жыцьця, ад нараджэньня і да скону, з прывязкай да пэўнай тэрыторыі. Спачатку юнацкі максімалізм, мары, летуценьні, першае каханьне, а потым пачынаецца пераход у дарослы час, калі шмат што ня спраўдзілася ды яшчэ сыстэма ўрываецца ў тваё жыцьцё і бязбожна яго рэдагуе. А потым ужо сталасьць, калі сыходзяць сябры і людзі вакол, трэба падводзіць вынікі. Шмат у чым невясёлыя».
Канцэртная прэзентацыя альбома «Гравітацыя» адбудзецца 2 сакавіка ў менскім Prime Hall.
TuzinFM
КАМЕНТАВАЦЬ