«Абдымі мяне» ад Navi — найлепшы кліп сэзону (бэкстэйдж/трэйлер/відэанонс)
5113 / 0
12.08.2014

«Абдымі мяне» ад Navi — найлепшы кліп сэзону (бэкстэйдж/трэйлер/відэанонс)

Дэбютнае відэа дуэту прызнанае найлепшым у гэтым музычным сэзоне па вэрсіі наведнікаў Tuzin.fm.

«Абдымі мяне» выйшаў пераможцам зь няпростага двубою з галоўным фаварытам сэзону — самым тытуляваным беларускім кліпам апошніх гадоў «Горад» ад гурта Recha. Самі музыкі прасілі актыўна падтрымаць кліп сваіх прыхільнікаў праз афіцыйную суполку каманды, але ўсё адно не спадзяваліся на поўную перамогу. «Крыху зьдзіўленыя, што перамаглі. Для мяне дык гэта выглядае на нечаканасьць. Безумоўна мы з Ксеніяй вельмі ўдзячныя тым, хто нас так зацята падтрымліваў», — кажа Арцём Лук’яненка.

Якраз дзякуючы гэтаму роліку гурт Navi стаў вядомым. Яго здымалі рэжысэры Зьміцер Ляўкоўскі і Марыя Манакава пры канцы вясны 2013 году. Дуэт Арцём і Ксеніі тады толькі ўтварыўся. Музыкі задумалі зьняць настраёвае летняе відэа на свой дэбютны сынгл. Як прыгадвае цяпер Арцём, «ніхто канкрэтна не вырашаў і не плянаваў прасоўваньне гурта канкрэтна з гэтай песьняй і гэтым відэа». «Усё зьявілася неяк само па сабе, адмыслова мы ніякіх высілкаў не прыкладалі. Практычна выпадкова зьнялі відэа, на лецішчы ў сябры. Здымкі прайшлі проста і шчыра, было клёва і весела.  Як усё было гатова, вырашылі выкінуць яго ў сеціва. І зусім не чакалі, што здарыцца такі выбух», — апавядае вакаліст Navi і прапануе паглядзець «крыху прыкольнага бэкстэйджу» з тых здымак.

Цяпер Navi рыхтуе новую відэапрэм’еру. Свой другі кліп музыкі вырашылі таксама зрабіць на беларускамоўную кампазыцыю — «Не засынай», якая брала ўдзел у аўдыёчарце на Tuzin.fm у гэтым музычным сэзоне. Пакуль апублікаваны трэйлер.

Арцём кажа, што яны рыхтуюць яшчэ адзін сюрпрыз, зусім нечаканы для сваіх прыхільнікаў. Што тут мае на ўвазе ўдзельнік Navi цяжка здагадацца, аднак вядома, што гурт стаў героем новага тэлепраекту «Легенды.Live», што будзе выходзіць на канале ОНТ. Адмыслова для тэлездымак Ксенія і Арцём падрыхтавалі сваю вэрсію песьні Курта Кабэйна.

Navi працягвае рухацца далей і разьвівацца, што засьведчыў іх новы сынгл «Шчасьце», ня так даўно прэзэнтаваны на Tuzin.fm. Музыкі не выключаюць, што і гэты іх сьпеў можа атрымаць сваё відэаўвасабленьне.

Tuzin.fm