Песьні слуцкіх паўстанцаў* (фота/аўдыё/відэа)
У Дзень Герояў на Tuzin.fm — падборка песень, якія сьпявалі ўдзельнікі Слуцкага збройнага чыну, калі ў 1920 годзе бараніліся ад савецкіх войскаў, а таксама абраныя творы ім прысьвечаныя.
Песьня — яна ня толькі будаваць ды жыць дапамагае. Яна заўжды падтрымлівала баявы дух. І ўдзельнікі Слуцкага паўстаньня тут не выключэньне. Што сьпявалі жаўнеры першай слуцкай брыгады ў далёкім лістападзе 1920 году падчас змаганьня з савецкім войскам на тэрыторыі Случчыны? Сур’ёзна яшчэ ніводзін дасьледчык не браўся за вывучэньне гэтай тэмы, хоць дакладна вядома, што ў тыя часы кожны палітычны лідэр ці тое атаман у мэтах хоць бы папулярызацыі сваёй асобы вызначаўся тым, што пісаў вершы, складаў песьні ды распаўсюджваў іх сярод моладзі.
Цяпер збольшага захаваліся толькі назвы некаторых такіх песень удзельнікаў антысавецкага руху на Беларусі, ды і тая інфармацыя надзейна схаваная ў засакрэчаных архівах. Адзін зь нешматлікіх дасьледчыкаў, хто здолеў трапіць у гэтыя патаемныя сховішчы — гісторык Ніна Стужынская. Яна працавала ў адным з сакрэтных архіваў, што знаходзіцца ў складзе дзяржаўнага архіву Расеі і ёй ўдалося сярод іншага знайсьці чарнавік, напісаны старшынём зьезду Случчыны Васілём Русаком, сярод гэтых дакумэнтаў знайшліся і тэксты песень слуцкіх паўстанцаў.
«Захаваліся тэксты Макара Краўцова, баявыя гімны. Напрыклад, гімнам аддзелу гетмана Мефодзія Караткевіча была „Ад веку мы спалі“. У дакумэнтах КДБ якраз і прапісана, што калі яны знаходзіліся па іншы бок мяжы — у Лунінцы, то пасьля сваіх рэйдаў на беларускую тэрыторыю, яны ладзілі вечарыны, дзе і сьпяваўся гэты гімн».
Ад веку мы спалі і нас разбудзілі,
Мы знаем, што трэба рабіць!
Што трэба свабоды, зямлі чалавеку
Што трэба зладзеяў пабіць!
Што гэта за марная доля няшчасная
Бяз хлеба, бяз грошы працуй…
Усюды ганяюць, усюды сьмяюцца,
Ну, проста, хоць крыкні «ратуй!»
Сьмяюцца над намі багатыя людзі,
Здаецца, панамі іх зваць.
Мы доўга цярпелі, цярпець больш ня можам —
Дык пойдзем мы долі шукаць!
Мы дружна паўстанем з касамі, сярпамі
Прагонім з зямлі палачоў!
Няхай нас сустрэнуць палямі, лугамі
Грамады працоўных людзёў!
Яшчэ Паляк ня быў панам тут на Беларусі
Яшчэ прыдзе час наш
разам чужынцоў падушым.
Прыпеў:
Гэй наперад, наш народзе,
моц наша не слаба,
зараз з могілак выходзіць атаман Нябаба
Пойдзе бойка роўным тэмпам, даўнейшым не горша,
Што заможным
нашым панам ня дасьць месца Польшча.
Але ж асноўным гімнам случчакоў-паўстанцаў лічыцца не беларуская «Марсэльеза» — так яшчэ называюць сьпеў «Ад веку мы спалі» на словы Аляксандра Міхальчыка (пэўны час яна лічылася народнай). Верш Макара Краўцова «Мы выйдзем шчыльнымі радамі» быў пакладзены на музыку кампазытарам Уладзімерам Тэраўскім і за год да Слуцкага паўстаньня афіцыйна быў прызнаны гімнам БНР. Цікава, што ў выдадзеным у Менску «Беларускім сьпеўніку» тэкст гімну быў адрэдагаваны невядомым цэнзарам з культурна асьветніцкай сэкцыі Беларускай вайсковай камісіі. Словы «штандар наш бел-чырвона-белы» былі замененыя на «свабодны сьцяг, штандар чырвоны». Але сьпявалася заўжды яна толькі ў арыгінале. Гэтак жа яе засьпявалі ўдзельнікі праекту «Я нарадзіўся тут» (2000).
Песьні, што сьпявалі ўдзельнікі Слуцкага паўстаньня можна ўмоўна падзяліць на дзьве групы. Найперш гэта баявыя маршы — вядомыя раней старасьвецкія беларускія сьпевы, а таксама аўтарскія творы, напісаныя ў гэты час, як той жа «Ваяцкі марш» (афіцыйная назва песьні «Мы выйдзем шчыльнымі радамі») ці «А хто там ідзе» на верш Янкі Купалы і музыку таго ж Тэраўскага. Гэты сьпеў вярнуўся ў 1981 годзе дзякуючы «Песьнярам». Шыкоўнае музычнае аздабленьне зрабіў кампазытар Сяргей Картэс, адмыслова да стужкі «Раскіданае гняздо». Ужо ў 2014 годзе сваю вэрсію песьні зробяць гарадзенскія панкі Dzieciuki, якіх вельмі цікавіць тэма Слуцкага паўстаньня.
Другая група — гэта народныя сьпевы, як традыцыйныя, так і прыдуманыя невядомым аўтарам непасрэдна ў часы антыбальшавіцкай партызанкі. «Заплакала стара маці горкімі сьлязамі, убілі сына маладога ў баі з маскалямі», — пяецца ў адной зь іх.
Цячэ рэчка з-пад мястэчка,
долам нiглыбока,
Iцi мусiш ваявацi,
Бо ўраг нiдалёка.
Пакiдаю цябе, люба,
на людзей, на Бога,
а ужэ ж мне, маладому,
у войска дарога.
Усталi хмары на ўсходзя
чорнымi клубамi,
Забiў конiк вараненькi
ў зямлю капытамi.
Сышлi хмaры, згiнуў вецяр,
Крумкач пралятая.
Усе хлопцы з войска iдуць,
а мой дзе — хто зная?
Заплакала стара мацi
Горкiмi сьлязамi,
Ўбiлi сына маладога
Ў баi з маскалямi.
На фота: Першы Беларускі партызанскі аддзел на чале з Лукашом Семенюком (у цэнтры). 1920 год, узята з euradio.fm
Прыклад яшчэ адной песьні тых часоў «Ой, зашумеў лес»:
Ой, зашумеў лес,
Затрашчала ляшчына.
Паехаў мiлы —
Заплакала дзяўчына.
Ой, нi крой сэрца,
Нi ўмывайса сьлязою,
Скора вярнуса,
Пабяромса з табою.
Бывай здарова
Са старымi бацькамi,
А я паеду,
Стрэнуса з маскалямi,
Наляцеў вiхор,
Дай вецер з-пад Грозава,
Зблытаў, паламаў,
Голяйка бярозава,
Ой, зашумеў лес,
Затрашчала ляшчына.
Паехаў мiлы —
Заплакала дзяўчына
На фота: Генэрал Станіслаў Булак-Балаховіч (сядзіць у цэнтры) са сваім штабам. 1920 год, узята з nn.by
З традыцыйных дужа папулярная сярод слуцкіх паўстанцаў была «Тры трубы залотыя» з старасьвецкіх беларускіх вайсковых сьпеваў. Тэкст — са збораў Лявона Вітан-Дубейкаўскага, паэта, фальклярыста і архітэктара.
Ай лес к лесу клонiцца,
Вярхушачкi ломяцца!
Ай люлюхны, люлюхны:
Тры трубы залотыя.
Як зачула матухна
Тры трубы залотыя,
Ай люлюхны, люлюхны:
Тры трубы залотыя.
«Цi ня мой-жа то сыночак
На вайну саружаецца?»
Ай люлюхны, люлюхны:
На вайну саружаецца?
Прыпеў.
Бурны нас радуе дзень,
Кліч агалошвае полі.
Сонца вітайце прамень
Праўды сялянскай і Волі.
Прыпеў.
Дужая моц грамады
Ў перамозе зарука,
Больш нас ня чэпіць бяда,
Годзі напасьцяў, прынукаў!
Прыпеў.
Край абаронім грудзьмі
Ад панаваньня палацаў
Вольнай працоўнай сям’і
Ўспор красаваціме праца!
Прыпеў.
А ў першую зайгралi,
Конiкаў сядлаючы!
Ай люлюхны, люлюхны
Конiкаў сядлаючы!
А ў другую зайгралi, —
З хаты выпраўляючы!
Ай люлюхны, люлюхны:
З хаты выпраўляючы!
А ў трэццюю зайгралi,
Вайну падымаючы!
Ай люлюхны, люлюхны:
Вайну падымаючы!
Ай лес к лесу клонiцца,
Вярхушачкi ломяцца!
Ай люлюхны, люлюхны:
Вярхушачкi ломяцца!
На фота: Сьцяг 1-га Слуцкага палка стральцоў збройных сілаў БНР. Ля штандару (зьлева направа): Лявон Вітан-Дубейкаўскі, невядомая асоба, штабс-капітан Антон Борык. Вільня, 1921 г.
Натальля Арсеньнева натхнёная ўчынкам случчакоў напісала шэраг вершаў, прысьвечаных беларускіх змагарам. Сярод іх твор пад назвай «За Случчыну». Праз гады іх пакладзе на музыку Мікалай Шчаглоў-Куліковіч — той самы, які стаяў ля вытокаў беларускага опэрнага тэатру, а потым зьехаў за мяжу. А яшчэ празь дзесяцьцігодьдзі гэтую песьню апрацуе хор «Унія» пад кіраўніцтвам Кірыла Насаева. Вядомы хормайстар распавядае, што калі рабілася апрацоўка гэтай песьні, то каб перадаць гэткую партызанскую атмасфэру ён зрабіў аранжыроўку пад два баяны. «Мне падалося, што гэты інструмэнт якраз добра перадасьць настрой народнасьці», — кажа Кірыл Насаеў.
Адзін з удзельнікаў Слуцкага збройнага чыну выжыў пасьля тых падзеяў, хоць і быў затрыманы бальшавікамі ў 20-м ды кінуты ў турму. Праз год ён адтуль уцёк і яшчэ да 1924-га году дзейнічаў у складзе адзелаў антыбальшавіцкіх партызанаў на Случчыне, потым ён кіраваў антыбальшавіцкімі вайсковымі арганізацыямі на эміграцыі. І псэўданім у яго быў паказальны — Алесь Змагар. Яго творамі ды ўспамінамі зацікавіўся вядомы беларускі бард Андрэй Мельнікаў, які ў 1990 годзе запісаў цэлы альбом, прысьвечаны Слуцкаму паўстаньню. «У аснове ўсяго альбому „Слуцкія палкі“ ляжыць кніга Алеся Змагара, якую ён напісаў на эміграцыі. Яна мне дасталася праз пляменьніка Міхася Тулейкі. Я ня думаў, што буду сьпяваць песьні на чужыя вершы. Але калі пачытаў іх, адразу пачулася мэлёдыя», — распавядае аўтар.
Айчынныя рок-музыкі Слуцкую тэму па-сутнасьці не краналі ў сваёй творчасьці. Толькі вось гурт «Бонда» ў 1985 годзе стварае песьню са словамі «Чуеш лязгат зброі, чуеш варты кліч». Прысьвечана яна была Слуцкай браме, што на вуліцы Слуцкай у Нясьвіжы перад уездам на Слуцкі тракт. Мала хто ведае, што першы тэкст гэтай песьні напісаў паэт Анатоль Сыс:
«Над Слуцкай брамай — белыя аблокі,
Ля Слуцкай брамы — цёмныя муры,
І дзень і ноч я чую продкаў крокі,
Пакуль ня сьпяць на варце ваяры»
Але як тлумачыць аўтар музыкі да «Слуцкай брамы» Ігар Варашкевіч гэты тэкст тады палічылі «дзіцячым», а добравядомыя словы напісаў бубнач «Бонды» Сяржук Кныш. Песьня настолькі прыжылася ў рэпэртуары «Бонды», што перайшла і ў рэпэртуар іншай каманды Варашкевіча — «Крамы».
У артыкуле скарыстаная інфармацыя (у прыватнасьці тэксты шэрагу песень) з кнігі «Слуцкі збройны чын у дакумэнтах і ўспамінах» (Мн, 2006).
Сяргей Будкін, Tuzin.fm
* Гэта дапрацаваны і актуалізаваны варыянт артыкулу, які ўпершыню быў апубліканы на «Тузіне Гітоў» 27.11.2007
КАМЕНТАВАЦЬ