Праг-рок як квінтэсэнцыя памяркоўнай беларускасьці
На просьбу Tuzin.fm Cтаніслаў Жукаў і Зьміцер Грыб з гурта La Libertad напісалі навукова-папулярнае эсэ, у якім патлумачылі філязофію праг-року, упершыню вывелі вобраз «беларуса прагрэсіўнага», акрэсьліўшы нацыянальныя асаблівасьці стылю, і заклікалі музыкаў да кансалідацыі.
Тыповы дыялёг у Польшчы:
— Я гітарыст і кампазытар, мой гурт грае прагрэсіў-рок.
— Кшталту Riverside?
— Не, трошкі іншае.
— Цікава, кінь мне спасылку, з задавальненьнем паслухаю!
Такі ж тыповы дыялёг у Беларусі:
— Я гітарыст і кампазытар, мой гурт грае прагрэсіў-рок.
— Што вы граеце?
— Ну, гэта як Pink Floyd, толькі не Pink Floyd.
— А-а… (няпэўна) Зразумела…
Як праект, існуючы ў дзьвюх краінах, мы даволі часта сутыкаемся з такім характэрным непаразуменьнем менавіта сярод беларусаў, калі гаворка ідзе пра гэты жанр музыкі. Каб вызначыць становішча праг-року ў краіне, прывядзем вось такія лічбы: колькасьць падпісантаў найбольш папулярнай тэматычнай супольнасьці «ЎКантакце» E:/music/progressive rock — 8135 чалавек. Зь іх беларусаў — 232 (2,85%). Найбольш папулярная суполка, ускосна зьвязаная з прогам, Jazz & Prog: 9048 чал., зь іх беларусаў — 289 (~3,2%). У астатніх 9 тэматычных суполках з колькасьцю падпісантаў больш за 1000 гэтыя суадносіны захоўваюцца ў межах хібнасьці (3 ± 0,5%), што сьведчыць пра агульную незацікаўленасьць у жанры. Што датычыцца пазіцыяў прогу у сьвеце — ня маем права параўноўваць… Адзін толькі прагрэсіўны канцэрт Pink Floyd The Wall — Live in Berlin занесены ў кнігу рэкордаў як самы вялікі рок-канцэрт — 300 000 чалавек! І мільёны, ці не мільярд фанатаў.
Можа, справа палягае на тым, што ў Беларусі проста ня граюць прог? Але ж не: агулам намі зафіксаваныя зьвесткі пра 20 беларускіх гуртоў, так ці іначай зьвязаных з жанрам (progressive rock/progressive metal/space rock/art rock/Rock In Opposition). Тры чвэрці зь іх былі заснаваныя пасьля 2000 году, палова — на сёньня неактыўная (да гэтага аспэкту мы яшчэ вернемся пазьней). Такім чынам, у Беларусі праг-рок (альбо «пакрэўную музыку») граюць, і даволі шмат, але ня дужа слухаюць.
А што такое ўвогуле гэты прог? Невялічкі лікбез.
МУЗЫКА ПАСТАЛЕЎШЫХ ПАНКАЎ
Напачатку цікавостка: ці ведаеце вы, што стыль «Песьняроў» на вядучым праг-партале progarchives.com пазначаны як progressive folk?
На фота: брытанскі гітарыст Гатры Готван і Ўладзімер Мулявін
Увогуле, музыка складаецца з двух аспэктаў, аднолькава важных для яе разуменьня: уласна музычнага (г. зв. «форма») і сацыякультурнага (ідэі і тэндэнцыі, якія яна рэпрэзэнтуе). У выпадку прогу маем сытуацыю, калі гэтыя два аспэкты выражаюцца праз адныя і тыя ж музычныя сродкі. Мяркуйце самі: на паўстаньне прагрэсіўнага року паўплывалі псыхадэлічны рок 60-х (Джымі Гэндрыкс, The Grateful Dead, позьнія The Beatles), авангардная акадэмічная музыка (Шонбэрг, Стравінскі, Дэбюсі) ды джаз. Як вы думаеце, якая музыка магла атрымацца з такога «выбухованебясьпечнага» кактэйлю? Нездарма Джэры Эрвінг, рэдактар часопісу Prog Magazine кажа, што «prog is not just a sound, it’s a mindset» («прог — гэта ня толькі гук, гэта мысьленьне»). Гэты «майндсэт» палягае на тым, каб выйсьці за межы року ў традыцыйным разуменьні, на мысьленьні «outside the box» — адсюль і назва progressive.
Агульнавядома, што рок-музыка паходзіць ад блюзу — але ня толькі фармальна, а таксама й з пункту гледжаньня псыхалягічнай функцыі, якую выконвае. Таксама, як і блюз, рок — гэта музыка праблемы. Розьніца ў тым, што блюзавая праблема больш інтравэрсійная, часьцяком асабістая — аж да ступені катарсісу, які не патрабуе слухача; у гэтым пляне рок-музыка нашмат лепей падыходзіць да камунікаваньня ідэяў — ня толькі ў музычным аспэкце («вострае» гучаньне за кошт перагружаных гітар і стакатных рыфаў у якасьці кампазыцыйнай тэхнікі), але й чыста фізычным: нашмат большая гучнасьць спрыяе адначасоваму праслухоўваньню большай колькасьці людзей і большай канцэнтрацыі на зьмесьце твораў. Таму й рок-праблема часьцей за ўсё грамадзкая (нездарма ў Саюзе рок-музыка была пад забаронай, і нездарма менавіта рок граюць на стадыёнах). Параўнайце Бі Бі Кінга зь Міхалком — і ўсё будзе зразумела.
Сацыякультурная адметнасьць прагрэсіўнага року ў сваю чаргу, у тым, што ён падыходзіць да праблемы з пэўнай дыстанцыі: ня робіць наўпроставых заклікаў да дзеяньня, а проста ставіць пытаньне, ды яшчэ часта ў мэтафарычна-міталягічнай форме, або ўвогуле адыходзіць ад праблемы ў нейкую фантасмагарычную абстракцыю (тут нагадаем пра французаў з гурта Magma, якія прыдумалі ня толькі міталёгію пра насельнікаў плянэты Кабай, але й штучную мову, на якой напісаная бальшыня тэкстаў). То бок галоўная задача прагрэсіўнага року — усьведамленьне праблемы, а што рабіць далей — вольная справа слухача. Гэта падкрэсьліваецца мягчэйшым гучаньнем за кошт ужываньня пашыранай палітры клявішных і аркестравых інструмэнтаў, а ў апошні час і электронікі (і як тут ня ўзгадаць Pink Floyd, Genesis?). Таму панк-рок — музыка падлеткаў, расчараваных існуючай сыстэмай вартасьцяў, а праг-рок — музыка пасталеўшых, сасьпелых рокераў, якія састрыглі іракезы й здольныя самастойна ды вольна функцыянаваць у існуючай сыстэме безь неабходнасьці яе знішчэньня.
ПЭРСПЭКТЫВЫ ПРОГУ Ў БЕЛАРУСІ
Што мы маем у выніку? Пакіданьне слухача сам-насам з пастаўленай праблемай, вольная гульня з формай, рытмікай, гармоніяй, аранжыроўкай ды эклектычнасьцю выразна маніфэстуе асноўную культурную вартасьць прагрэсіўнага року — асабістую свабоду адзінкі. Разам з тым прог вучыць быць гнуткім ды адаптавацца (бо каб быць прагрэсіўным, трэба эвалюцыянаваць разам з мэйнстрымавай рок-музыкай), не заклікае да дзеяньня наўпрост, а толькі сыгналізуе на працягу гадзіннага альбому: «штосьці ня так». Карацей, гэта квінтэсэнцыя памяркоўнай беларускасьці. Вось чаму ў свой час King Crimson, а пазьней Marillion выракаліся прагрэсіўнай шыльды, увесь час падкрэсьліваючы, што яны проста «рокеры са знакам якасьці». Але, нягледзячы на ўсю сваю памяркоўнасьць, прог — гэта музыка, якая ўзбуджае крэатыўнасьць, таму «прагрэсіўны беларус» можа быць вельмі разумны ды актыўны ў жыцьці.
Беларускі слухач, на наш погляд, проста недаацэньвае прог як сродак выразу сваёй ідэнтычнасьці й разам з тым адметнасьці як асобы. Напрыклад, у Польшчы гэта зразумелі яшчэ ў 80-я (падчас ваеннага становішча!) — і цяпер яны маюць адную з найбуйнейшых прагрэсіў-сцэнаў у сьвеце.
ЧЫТАЦЬ ТОЛЬКІ МУЗЫКАМ!
Застаецца толькі адно пытаньне: што рабіць выканаўцам у сытуацыі, калі савецкае мінулае выхавала ў людзях «альтэрнатыўны» музычны густ, дзякуючы якому музычны рынак у Беларусі (і ня толькі) сёньня поўніцца бязглуздым камэрцыйным прадуктам?
Выйсьце першае, якое абнадзейвае. Эканаміст Крыс Андэрсан у часопісе Wired сфармуляваў прынцып «доўгага хваста», высновай якога зьяўляецца правіла: кожны тавар на рынку, пры ўмове, што ён заняў правільную нішу, рана ці позна знойдзе сабе пакупніка. Іншымі словамі, нават калі пазнавальнасьць пэўнага гурта будзе складаць 1% насельніцтва Беларусі, гэта 95 тыс. чалавек. Шмат гэта ці не — вырашайце самі.
«Даўгі хвост» Андэрсана
Выйсьце другое, аналітычнае. Вернемся на хвілінку да статыстыкі, якую мы прыводзілі напачатку артыкулу. Калі мы разгледзім у разрэзе тых, хто слухае прог у Беларусі, то адзначым, што 80% зь іх ва ўзросьце ад 18 да 30 гадоў. Гэта лёгка тлумачыцца пры ўзгадваньні гістарычнага кантэксту, але не пра тое вядзецца. Якую музыку найчасьцей слухаюць беларусы гэтага ўзросту, акрамя мэйнстрыму? Правільна — рок, рэп і электроніку. Адпаведна, больш агрэсіўная падача, створаныя музычныя фігуры, жыцьцёвыя тэксты, розныя рытмічныя хітрыкі і выкарыстаньне сэмплаў, як у Yellow Brick Road з іх падчас футурыстычным гучаньнем, маюць больш шанцаў на посьпех у Беларусі, мабыць, чым «олдскульны» прог з 10-хвіліннымі сола на аргане, вобразна, як у The Worm Ouroboros, які больш падыходзіць да эстэтаў.
Жывы прыклад таму — выйсьце трэцяе, патрыятычнае. Каб стварыць нацыянальны каларыт на прог-сцэне, трэба скарыстацца фольк-матэрыялам. Як паказвае практыка шведаў з Ragnarok, прагрэсіў-фолькераў «Песьняроў», а таксама хлопцаў з Re1ikt, такі падыход таксама можа быць папулярны.
La Libertad
ШЛЯХ ДА КАНСАЛІДАЦЫІ
І ў канцы — некалькі словаў аб трэндах у сучасным прогу. Калі ў 80-я гады папулярнасьць прогу на Захадзе рэзка зьнізілася з прычыны прыходу панкаў і гэві-мэталу, некаторыя прагрэсіўныя гурты вырашылі камэрцыяналізавацца і пайсьці шляхам клявішнага поп-року (прыкладам Asia, Genesis або Rush). На пераломе ХХ і ХХІ стст., у новай хвалі папулярнасьці праг-року, пачаў мець месца працэс адваротны: цяперашнія гіганты сцэны Opeth і Anathema пачыналі як стандартныя мэтал-гурты. Падобную мэтамарфозу таксама прайшлі аўстралійцы Karnivool. Мы мяркуем, што калі прагрэсіў-рок здабудзе папулярнасьць у РБ, то нешта падобнае можа адбыцца і з шэрагам беларускіх гуртоў.
Новая хваля прогу пачалася таксама не ў апошнюю чаргу дзякуючы разьвіцьцю кампутарных тэхналёгіяў ды інтэрнэту, калі зьявіліся магчымасьці для якаснага запісу і апрацоўкі гуку, а таксама пляцоўкі для свабоднага праслухоўваньня ды запампоўваньня музыкі. Гэта абумовіла зьяўленьне прог-праектаў, якія складаюцца з адной ці дзьвюх асобаў, нярэдка інтэрнацыянальных і заснаваных на онлайн-супрацоўніцтве. Адным з такіх праектаў зьяўляемся мы, La Libertad. Цяпер мы сабралі музыкаў у гурт і паставілі задачу збудаваць і скансалідаваць беларускую прагрэсіў-рок сцэну, каб нашыя людзі мелі магчымасьць часьцей слухаць якасную і прадуманую музыку. Таму мы ладзім першую ў Беларусі Progressive Rock Night, якая адбудзецца 18 лютага ў 19:30 на пляцоўцы Jack Club у Менску. Гэтым разам, акрамя нас, на сцэну выйдуць такія гурты, як TonqiXod, The Worm Ouroboros з новым матэрыялам ды Overmore. Запрашаем усіх!
Яшчэ: La Libertad. Мысьліць прагрэсіўна (аўдыё/відэа)
Cтаніслаў Жукаў, Зьміцер Грыб, для Tuzin.fm
Што хацелася б дадаць. Зараз у беларускай рок-музыцы назіраецца ўздым - актывізуюцца гурты, якія раней былі ў летаргіі - з апошняга - выпушчаны сінгл гурта in search for (ISF), гатуецца альбом. Таксама ў гурта The Worm Ouroboros, якія будуць граць з намі на Prog Rock Night. Нейкая актывізацыя мае быць, і гэта прыемна :)
і яшчэ: трэба толькі адзначыць, што Гатры Гован будзе дакладна:) адзін з найлепшых гітарыстаў сучаснасці.
КАМЕНТАВАЦЬ