Алесь Дзянісаў прадставіць «Кароткую гісторыю Беларусі» 21 лютага
4122 / 0
10.02.2015

Алесь Дзянісаў прадставіць «Кароткую гісторыю Беларусі» 21 лютага

Вакаліст гарадзенскіх гуртоў «Кальян», «Людзі на балоце» і Dzieciuki Алесь Дзянісаў прыедзе ў Менск 21 лютага, каб прадставіць сольную праграму «Кароткая гісторыя Беларусі», напісаную на вершы Алеся Чобата.

Праграма на вершы паэта, гісторыка, перакладчыка зь мястэчка Скідаль стваралася першапачаткова гуртом «Людзі на балоце», але ў выніку Алесь Дзянісаў вырашыў прадставіць яе ў сольнай якасьці, пад адну гітару. Каб зрабіць акцэнт менавіта на словы ды не згубіць сэнс у тлуме інструмэнтаў. «Алесь Чобат — геніяльны творца. Я не сустракаў паэта, які стварае настолькі моцныя вобразы. Кожная дробязь — ня проста так, — кажа Алесь. — Уражвае, як ён проста фантастычна абірае штосьці важнае ў нейкай гістарычнай падзеі й менавіта гэта падкрэсьлівае, нібыта выцягвае са стогу саломы іголку».

Праграма на вершы Алеся Чобата завецца «Кароткая гісторыя Беларусі». На адну зь песень на яе — «Турма» — нядаўна быў зьняты кліп, у здымках якога паўдзельнічаў і сам паэт.

Канцэрт Дзянісава пройдзе ў клюбе «Графіці» 21 лютага ў 20:30. Алесь на яго прыедзе адразу пасьля выступу гурта Dzieciuki ў Белдзяржфілярмоніі на 80-годзьдзі Сяргея Картэса. Ён будзе складацца зь дзьвюх частак. У першай музыка прэзэнтуе новую праграму, у другой — прасьпявае некалькі невядомых кампазыцыяў, якія нідзе дагэтуль не гучалі. А для большай душэўнасьці па заяўках гледачоў зайграе й песьні гуртоў, у якіх бярэ ўдзел. Квіткі на вечарыну будуць каштаваць сымбалічна — 60 000 руб. (у папярэднім продажы).

Падзея ў FB/Падзея УК

Яшчэ: Новы праект Дзянісава на вершы геніяльнага Чобата (прэм’ера кліпа!)

Tuzin.fm