Місевіч, Дайнэка і Шарапаў пра бітву за «Малітву»
3967 / 0
09.04.2015

Місевіч, Дайнэка і Шарапаў пра бітву за «Малітву»

Удзельнікі розных складаў ансамблю «Песьняры» выказалі праз Tuzin.fm сваё меркаваньне наконт судовай справы па позьве Алега Моўчана да Насты Шпакоўскай.

Судовая справа датычная «Малітвы» цягнецца ўжо больш за месяц. Чым далей ідзе судовы працэс, тым больш узьнікае пытаньняў і супярэчлівасьцей па гэтай справе. Матэрыялы па гэтай тэме можна знайсьці на нашым сайце па цэтліку Re:Песьняры. Tuzin.fm даведаўся ва ўдзельнікаў розных складаў славутага ансамблю «Песьняры», як яны ставяцца да таго, што кампазытар Алег Моўчан падаў у суд за выкананьне кампазыцыі «Малітва» гуртом Naka, і які яны бачаць кампраміс у дадзенай сытуацыі.

фота Ўлада Місевіча ўзятае адсюль

Уладзіслаў Місевіч (заслужаны артыст Беларусі, працаваў у складзе «Песьняроў» ад самога пачатку, з 1968 да 1992 году, вярнуўся ў калектыў у якасьці дырэктара ў 1998-м, але ў тым жа годзе пакінуў яго і заснаваў разам з калегамі гурт «Беларускія Песьняры», дзе грае дагэтуль):

«Мне складана казаць наколькі маюць, ці ня маюць рацыю ўдзельнікі гэтага канфлікту з кожнага боку. Я ня ведаю дэталяў, але справа ў тым, што ўзьнік прэцэдэнт аб аўтарскіх правах. Я разумею, што кампазытар, урэшце рэшт, павінен мець нейкія ўласныя правы. У той жа час, наколькі я ведаю гэтую дзяўчыну з двума дзецьмі (размова ідзе пра вакалістку гурта Naka — Насту Шпакоўскую, — ТГ),  мне падаецца, што лічбы сумы за шкоду, якую яна нанесла сваім выкананьнем твору — сумнеўная. У гэтай справе вельмі шмат дэталяў, каб у іх разабрацца ёсьць суд, які працуе над такімі рэчамі калі не гадамі, дык месяцамі — дакладна.

Я мяркую, што для тых, хто тэарэтычна можа трапіць у падобную сытуацыю, гэтая гісторыя ўжо будзе павучальным прыкладам, у першую чаргу, для двух бакоў аўтара і выканаўцы. Каб не апынуцца ў падобнай сытуацыі трэба вывучаць законы, неабходна ведаць свае правы і абавязкі, і разумець, што калі дайсьці да суду — на гэтым праблемы ня скончацца. І на будучыню, трэба ўважлівей ставіцца да падобных рэчаў, каб ніхто больш ня трапіў у такі канфлікт і ніводны з бакоў не пацярпеў.

Самы лепшы варыянт у дадзенай сітуацыі — знайсьці для ўсіх кампраміснае рашэньне і на гэтым спыніцца. Каб гэта атрымалася, лічу, што кожнаму з бакоў неабходна паглыбіцца ў сытуацыю, зразумець адзін аднаго і дараваць. Тым больш, гэты выпадак беспрэцэдэнтны — упершыню ў нашай краіне судовым пасяджэньнем вырашаецца такое пытаньне. Трэба разумець, што грамадзтва ў нас цяпер небагатае. Прадстаўнікі абодвух бакоў таксама небагатыя, і караць адзін аднаго грашыма неэтычна, напэўна.

Для першага разу лепей менавіта кампрамісна вырашыць: паціснуць рукі адно адному і паабяцаць у наступны раз ўважлівей ставіцца да такіх рэчаў. Вось такія маі пажаданьні».

фота Валерыя Дайнэкі ўзята адсюль

Валеры Дайнека (заслужаны артыст Беларусі, вакаліст, альт, аранжыроўшчык ансамблю «Песьняры» з 1978 па 1992, 1998. На сёньня саліст ансамблю «Беларускія Песьняры»).

«Падаваць ці не падаваць у суд — гэта права Моўчана… Я не зусім у курсе таго, што здарылася. Мне сказалі, што была зроблена аранжыроўка „Малітвы“, сьпявала дзяўчына. Але я размаўляў з Алегам Уладзімеравічам, і апынулася ўсё крышачку ня так. Моўчан сказаў мне, што падаў у суд за тое, што песьню „іспахабілі“, „песьня ўжо не падобна на песьню“ гэта яго словы. Карацей, справа, па словах Алега Моўчана, ня ў тым, што выканалі гэтую песьню, а ў тым, як яе выканалі. Кампазытару не паказалі арынжыроўку, не паказалі, што атрымаецца ў выніку зь песьні. Вось ён з гэтай прычыны зьвярнуўся да суду… Можа быць ён упэўнены, што выйграе справу. Ёсьць арыгінал і можна зрабіць толькі лепей. Я думаю так, калі б Алегу спадабалася песьня, сапраўды была зроблена добра, ён бы, напэўна, не падаваў у суд. Як ён кажа: „Я б нават парадаваўся!“»

Я, у прынцыпе, магу зь ім недзе нават і пагадзіцца. Бо калі мы праслухоўвалі некаторыя кампазыцыі, падрыхтаваныя да праекту, то з мноства выканаўцаў змаглі ўпяцёх абраць тры-чатыры прыстойна зробленыя песьні. Усе астатнія былі ніжэй за ўзровень самадзейнасьці. У цэлым, мы адзначылі максымум пяць песень, якія сапраўды былі вельмі прафэсійнымі і арыгінальнымі. Калі, напрыклад, я б пачуў нейкую песьню са свайго рэпэртуару ў жудасным выкананьні, я б не падаваў у суд, бо гэта права кампазытара, паколькі твор належыць яму, як стваральніку, а ня мне, як выканаўцу.

Я ня думаю, што суд наогул можа тут што-небудзь вырашыць. Трэба сабраць спэцыяльную камісію, якая павінна праслухаць гэтую песьню ў выкананьні дзяўчыны і вырашыць: нармальная там аранжыроўка, прафэсійная або не. Гэта магчыма, канечне, калі ёсьць запіс. Калі яго няма, то гэта ўсё адно, што віламі па вадзе… Можна сказаць усё што заўгодна! Гэта тое ж самае, як я ня чуючы, буду зараз нешта казаць наконт выкананьня. Ну як?.. Таму я лічу, што абодвум бакам гэтага канфлікту трэба сустракацца і дамаўляцца пра спыненьне вайны.

Асабіста я сам заўважыў, што кампазытары, наогул, досыць крыўдлівыя людзі, таму што выканаўцы вельмі часта забываюць на іх. Выходзіць малады выканаўца на сцэну і кажа: песьня Дайнэкі, маючы на ўвазе, што яна з рэпэртуару Дайнэкі. Пра паэтаў я маўчу, пра іх проста забылі! Таму нейкая крыўда сядзіць унутры кампазітараў, як кажуць, у крыві. А адносіны ўсё ж лепей вырашаць мірным спосабам. Магчыма, нейкія грошы ўсё ж прыйдзецца выплаціць, але напэўна, не такую суму, якая была агучана».

Алег Моўчан і Наста Шпакоўская ў залі Вярхоўнага суду, фота Алега Грузьдзіловіча, радыё Свабода

Вячаслаў Шарапаў (у «Песьняры» запрошаны ў 2000 годзе ў якасьці аранжыроўшчыка і клявішніка, у 2003-м стаў музычным кіраўніком, у 2005 — дырэктарам ансамблю):

«Перш за ўсё, я хацеў бы падзякаваць Сяргею Будкіну за працу над праектам „Re:Песьняры“, дзякуючы якому яшчэ раз узгадалі найлепшыя песьні „Песьняроў“, артыстаў ансамблю і яго легендарнага кіраўніка — Уладзімера Мулявіна. Вельмі прыемна, што творчасць „Песьняроў“ і сёньня ўяўляе цікавасьць.

Я з разуменьнем стаўлюся да пазыцыі абодвух бакоў. Што тычыцца песьні „Малітва“, то тут у мяне неадназначнае стаўленьне… Паколькі яна зьяўляецца ўсё ж аўтарскім творам Алега Моўчана, трэба прызнаваць за ім аўтарскае права, калі гэта існуе, даказана і зафіксавана. Тут ужо прэрагатыва ў тым, што рабіць з гэтай песьняй цалкам за ім. У дадзенай сітуацыі, каб пазьбегнуць канфлікту, трэба было, канечне, узгадняць усе нюансы зь ім…

Як бы я адрэагаваў, калі б такое адбылося з маёй песьняй… Канечне, я б не даводзіў справу да суду. Шчыра кажучы, мне хочацца мірнага ўрэгуляваньня гэтай гісторыі і каб яна не атрымлівала далейшы агалосак. А дзеля гэтата, перш за ўсё, патрэбна добрая воля з абодвух бакоў.

Складана агучыць нейкае кампраміснае бачаньне, калі справа дайшла ўжо да суду. Наўрад ці ўжо гэта магчыма, але вельмі б хацелася міру… А якія словы трэба падабраць пры гэтым прадстаўнікам бакоў, каб канфлікт згас, я ня ведаю. 

Насамрэч гэта ўсё непрыемна. Бо і так за гісторыю „Песьняроў“ было даволі шмат скандалаў, высьвятленьня адносінаў… Дагэтуль ў Расеі працягваюцца судовыя працэсы па аспрэчваньні таварнага знаку „Песьняры“. Усё гэта вельмі сумна. Тым ня менш, галоўнае тут закон, а ўсё тое, што ён ня можа ўрэгуляваць, павінны зрабіць людзі мірным шляхам».

Наступнае судовае паседжаньне ў справе «Малітвы» адбудзецца 14 красавіка ў 14:30 у Вярхоўным судзе Беларусі. Працэс — адкрыты, на ім можа прысутнічаць кожны пры наяўнасьці пашпарту.

Натальля Стрыжак, Tuzin.fm