Паліна Рэспубліка пасьля 15 траўня прыпыняе канцэртную дзейнасьць (відэа)
Сьпявачка заявіла, што пасьля жывой прэзэнтацыі альбому «Бясконцы красавік» возьме паўзу ў сувязі зь сямейнымі абставінамі і дзеля таго, каб падумаць ці быць далей праекту «Рэспубліка Паліна».
Нечаканую заяву Паліна зрабіла перад рэлізам доўгачаканага дэбютнага альбому «Бясконцы красавік», да якога яна ішла сем гадоў. Цяпер яна разам з сваім гуртом актыўна рыхтуецца да яго жывой прэзэнтацыі, якая пройдзе 15 траўня. «Дакладна вядома, што пасьля прэзэнтацыі прыйдзецца спыніць канцэртную дзейнасьць прыблізна на паўгоду-год, гэта зьвязана зь семейнымі абставінамі. Аднак, я лічу, што якраз зьявіцца неабходны час, каб пераасэнсаваць сябе, сваю творчасьць і зразумець, што рабіць з новым матэрыялам, як яго не баяцца, ці будзе ён шчырым, ці будзе гэта Рэспубліка Паліна, альбо хтосьці іншы», — сказала сьпявачка парталу Tuzin.fm.
Асновай праграмы «Бясконцы красавік» сталі песьні, якія Паліна напісала ў 15—16 гадоў, працу на студыі сьпявачка пачала разам з музыкамі яшчэ калі ёй ня споўнілася 18. І вось на ўласнае 21-годзьдзе яна заявіла, што альбом пад назвай «Бясконцы красавік» зроблены цалкам. «Для мяне гэтыя песьні звязаныя зь бясконцай вясной і пяшчотай, бясконцай закаханасьцю і захопленасьцю, калі ты ўсё успрымаеш вельмі блізка, наіўна, тонка, уважліва, калі ўсё мае значэньне і ты перапоўнены жыцьцёвай энэргіяй. Менавіта гэтыя адчуваньні я хацела захаваць у альбоме, зь імі звязана назва і агульная канцэпцыя», — кажа Паліна.
Летась Паліна Рэспубліка справіла сваё 20-годзьдзе канцэртам у клюбе «Мулен Руж», відэарэпартаж Svaboda.org
Ужо быў прэзэнтаваны загалоўны сынгл — песьня «Красавік», а рэліз дыску адбудзецца за некалькі дзён да жывой прэзэнтацыі. З гэтай нагоды будзе правядзена аўтограф-сэсія ў кнігарні «Логвінаў». На вялікім канцэрце Паліны Рэспублікі 15 траўня песьні з альбому прагучаць у выкананьні пашыранага складу. Некаторыя ўжо вядомыя творы будуць зробленыя ў іншых аранжыроўках. Музыкі называюць гэты канцэрт ня больш ня менш сьвятам, на якім яны адзначаць вынік шматгадовай працы.
Канцэрт Паліны Рэспублікі пройдзе ў межах акцыі «Жывы Тузін», якую ладзіць партал Tuzin.fm разам з грамадзкай кампаніяй «Будзьма беларусамі!». Месцам для выступу абраная новая менская пляцоўка — крэатыўная прастора Studio 67 зь вялікай сцэнай і прасторнай заляй. Тут ужо давалі свае канцэрты «Серебряная свадьба» (фотарэпартаж), гурт Vuraj, праходзіў Jam Market (фотарэпартаж).
Studio 67 знаходзіцца за 5—7 хвілінаў хады ад станцыі мэтро «Пралетарская», на самым пачатку Партызанскага праспэкту, будынак 2а (плян разьмяшчэньня/навігацыя па клюбе). Сюды можна наведацца і да канцэрту — на рэцэпцыі квіткі на выступ Паліны Рэспублікі прадаюцца без камісіі (час працы і кантакты Studio 67).
Далучыцца да падзеі ў сацсетках УКантакце/Facebook.
15.05.2015. 19:00. Паліна Рэспубліка. Прэзэнтацыя альбому «Бясконцы красавік». Месца: Studio 67 (прасп. Партызанскі, 2а). Квіткі ў касах і он-лайн у апэратара Kvitki.by. Кошт — 200 000 руб. (папярэдне). Інфалінія — +375 29 687-20-93.
Tuzin.fm
КАМЕНТАВАЦЬ