
Вайцюшкевіч здымае народны кліп на песьню «Жыве Беларусь» (аўдыёпрэм’ера!)
Зьміцер Вайцюшкевіч прадстаўляе на Tuzin.fm студыйны запіс песьні «Жыве Беларусь» на словы Ўладзімера Някляева і запрашае ўсіх узяць удзел у стварэньні «народнага» кліпа на яе.
Кампазыцыя трапіць на новы альбом Вайцюшкевіча «Наша песьня», прэзэнтацыя якога адбудзецца 6 чэрвеня на канцэрце ў Вільні. Амаль усе квіткі на яго ўжо прададзеныя.
«Гэта песьня пра нармальные чалавечае пачуцьцё непарыўнай сувязі са сваёй краінай. Яно ва ўсім, што мы робім. Яно з намі кожны дзень, — распавядае Зьміцер. — Запрашаю ўсіх узяць удзел у народным кліпе на яе. Ідэя відэа ў тым, каб адыйсьці ад плякатнага патрыятызму і сьцягоў-транспарантаў. Давайце прасьпяваем гэтую песьню ў працы і на адпачынку, зь сябрамі, калегамі і роднымі людзьмі. Давайце пакажам, што мы добрыя, працавітыя, шчырыя людзі!»
Тэхнічныя пажаданьні ад творчай суполкі «Тры макі», якая будзе ствараць відэа:
1) сьпявайце песьню пад аўдыёзапіс твору, каб супадала хуткасьць;
2) здымайце шырокае гарызантальнае відэа (не Instagram), пажадана на фотаапарат ці добры тэлефон;
3) відэа запампуйце на файлаабменьнік (напрыклад, Wetransfer, Dropbox) і дашліце спасылку на мэйл todar.klip@gmail.com.
Відэа прымаецца да 25 траўня (уключна). Пяць найбольш цікавых і актыўных удзельнікаў атрымаюць CD «Наша песьня» з аўтографам Зьмітра Вайцюшкевіча.
Яшчэ: Вайцюшкевіч зьяжджае ў Вільню і запрашае з сабой
Tuzin.fm
КАМЕНТАВАЦЬ