Што ёсьць беларуская музыка. Пытальнік зьняты
5111 / 0
25.05.2015

Што ёсьць беларуская музыка. Пытальнік зьняты

Галоўны рэдактар Tuzin.fm Cяргей Будкін паразважаў над пытаньнем «што ёсьць беларуская музыка?». Выснова адаб’ецца надалей на палітыцы парталу.

Табе задаюць гэтае пытаньне ўжо 12 гадоў і кожны раз ты на яго адказваеш па-рознаму. Самы часты адказ — чыста эмацыйны: беларускамоўная. Так хочацца сказаць пад уплывам ад усяго таго атачэньня — дзяржаўных СМІ і мясцовых эфэмак, якія паставілі таўро на музыку на тваёй мове, жорстка і бязапэляцыйна выкрасьлілі яе з інфармацыйнай прасторы, даўшы наўзамен прадукт чыста правінцыйны. «Тут Масква ў галаве, у тэлевізары і ў газэце, тут расейскія песьні развучваюць дзеці», — пяяла Камоцкая пасьля рэфэрэндуму-95. І так яно і засталося. Глядзець канцэрт на дзяржаўнай тэлевізіі проста сорамна — пачуеш штампаваную музыку ад людзей, якія ня маюць гонару, і думаюць, што калі паўтораць тое самае, што яны пачулі па «Рускім радыё», то іх чакае вялікая будучыня. Пасьля «Серебряного граммофона» (назва беларускага тэлешоў) запросяць на «Золотой граммофон» (назва расейскага тэлешоў). Пасьля ўдзелу ў «Песьні году» на ОНТ яны патрапяць на «Песьню году» на ОРТ, ага. І пра іх напіша не «Комсомольская правда в Белоруссии», а главная «Комсомолка». А быць можа пасьля атрымаецца сфоткацца не з тутэйшым вядучым, які імкнецца быць падобным да Урганта, а з самім ім.

Загаловак зь сьвецкай хронікі на сайце kp.by

Але калі ты задумваесься, прыслухоўваесься — да музыкі, да тэкстаў, да думак аўтара, то ты сам сабе пачынаеш пярэчыць, бо разумееш, што мова не акрэсьлівае гэтага паняцьця і адключыць ад беларускага кантэксту выканаўцаў, якія робяць музыку тут і пры гэтым аніяк не зьвязаныя зь беларускай мовай, часам проста немагчыма. Вядома ж, гаворка не пра плястмасавы дурнаваты поп, зроблены з аглядкаю на Маскву і наогул не пра бяздумнае капіяваньне замежных узораў у любым стылі, а пра ўсьвядомленую творчасьць з прывязкаю да месца. Gods Tower тут, напэўна, самы яскравы прыклад: усё жыцьцё пяюць па-ангельску, але немагчыма аспрэчыць іх прыналежнасьць да нашай музыкі і, што самае галоўнае, унёсак у яе. Ці «Ляпіс Трубяцкі», які першыя 13 гадоў свайго існаваньня мовы не кранаў наогул. Ці Iowa, якая тэгіцца #iowaизмогилева. «Серебряная свадьба», Макс Корж ці нават той жа гурт Drum Ecstasy — частка арт-суполкі «Беларускі клімат», непасрэдныя ўдзельнікі беларускага культурнага працэсу ад пачатку 90-х, што б там ні казаў пра мову іх лідэр. Прыкладаў набярэцца яшчэ багата. І гэтыя прыклады ня ёсьць выняткам. Апошні па часе — выдатны праект Surreal Drama, які робіць вартую ўвагі электронную музыку: словаў там няма, назвы альбомаў і трэкаў па-ангельску, але беларускага ў ім нават болей, чым у некаторых пераможцаў «Басовішча» і «Рок-Каранацыі». Бо іх творчасьць зьвязаная з атмасфэрай, якая ёсьць тут і цяпер, сам жа лідэр гэтага праекту вольна размаўляе на беларускай, калі трэба.

Surreal Drama

Падзел у гэтым вызначэньні прыналежнасьці да беларускай музыкі можа, вядома ж, праходзіць па лініі ідэалягічнай. У такім разе магло быць усё проста: калі ты савок ці проста сымпатызуеш «расейскаму міру» ды імкнесься ў тую Маскву, дык і лічыся часткаю іхнай культуры. А як ты ў вышыванцы ды шукаеш выхаду на Варшаву, дык нібы адразу і беларус? Спрэчна. Наогул беларуская музыка ўнікальная тым, што падзяляецца не на эстраду і альтэрнатыву, камэрцыйную ды індзі, і наогул не па жанравым, а па ідэалягічным прызнаку — наша/ня наша. Часам нават паводле пазыцыі артыста праходзіць лінія падзелу. Карыстальнікі Вікіпэдыі пасьля таго правакацыйнага выказваньня пра мову Філа Чмыра спрабавалі напісаць на старонцы Drum Ecstasy, што гэта — расейская рок-група, а не беларуская, але ці ж гэта праўда?

Пазыцыя артыста, нават калі яна часам здаецца дзікунскай, тут таксама не вызначае яго прыналежнасьці да музыкі сваёй краіны. Ну вось вызначыліся з сваёй пазыцыяй — і ўжо даўно — Ціхановіч ці Ярмоленка, дык што ад таго «Завіруху» і «Лягу-прылягу» забыць? Ці во Саладуха заявіў нядаўна — «Белсату», дарэчы, бо наўрад ці пра такое ў яго спыталі на БТ: «Жыве Беларусь» — нармальны лёзунг. Але пры гэтым пра Крым: «Вядома ж ён расейскі, гэта і каню зразумела». Ці Барткевіч, выканаўца «Александрыны» і «Веранікі», пра той жа Крым яшчэ да таго, як Крым быў забраны ва ўкраінцаў: «Хацелася б, — кажа, — каб Крым, канечне, адышоў да Расеі…» Праблема ў тым, што «тоже белорусы» — людзі, якія ня ведаюць сваёй мовы і гісторыі, якія падзяляюць жорсткі спосаб кіраваньня і вітаюць супрацьпраўныя дзеяньні ў сваёй і суседняй краіне, яны ж таксама беларусы. І гэта трэба ўлічваць. Саладуха наогул нарадзіўся ў Маскоўскай вобласьці і мовай актыўна не карыстаецца, але ўсё жыцьцё зьвязана ў яго зь беларускай эстрадай і ніякім іншым сьпеваком — толькі як беларускім — ён сябе, мяркуючы з інтэрвію, і ня мысьліць. А дзякуючы Барткевічавым сьпевам беларускую мову адкрыла і палюбіла вялізарная колькасьць людзей, хоць сам артыст, зрэшты як і пераважная большасьць удзельнікаў «Песьняроў» усіх магчымых складаў, ня тое што пісаць — гаварыць на ёй ня можа.

Відэанарэзка з канцэрту зорак беларускай эстрады, прысьвечанага Дню Незалежнасьці Беларусі-1994, які адзначаўся 27 ліпеня

Калі зайшло пра беларускую мову ў паўсядзённым жыцьці, то назіраньні сьведчаць, што ёй карыстаецца 1 з 10 вядомых беларускіх музыкаў, уключна з тымі, чыя творчасьць беларускамоўная. Парадокс, але дзякуючы шмат каму зь іх (дакладней песьням іх) беларуская мова жыве. І наадварот: ёсьць тыя музыкі, хто па-беларуску размаўляе някепска, але на творчасьці гэта ягонай ці ягонага гурта ніяк не адбіваецца.

У гэтым жа пытаньні — ці лічыць беларускім здабыткам небеларускамоўную творчасьць — разьбіраюцца і літаратары. І ў адной з такіх дыскусіяў быў прапанаваны цікавы ход у гэтай сувязі: пісьменьніка, які працуе канкрэтна на сваю культуру, г. зн. беларускамоўнага, называць беларускім, а таго, хто тут жыве і піша па-іншаму — пісьменьнікам зь Беларусі. Гэта дазваляе больш ясна клясыфікаваць і расставіць усё на свае месцы.

 

…Ты доўга думаў пра такую пастаноўку пытаньня, але зразумеў, што яна нічога па выніку не вырашае. І прыйшоў да відавочнай думкі, зь якой урэшце зьмірыўся: беларускай музыкай дапушчальна лічыць усё, што створана ў Беларусі ў незалежнасьці ад музычнага кірунку, месца нараджэньня, веравызнаньня, палітычных поглядаў і г. д. аўтара гэтай музыкі. І толькі праз гады вырашыцца, што сапраўды застанецца ў гісторыі беларускай. Зь літаратурай, дарэчы, усё ясна, калі зірнуць у хрэстаматыю. З музыкай у такой пэрспэктыве выглядае так, на прыкладзе нашага рэйтынгу «100 найвялікшых беларускіх песень», складзенага паводле апытаньня 90 экспэртаў: 80 найлепшых песень створаныя па-беларуску, 19 — па-расейску, 1 — на ангельскай мове. Выснова просіцца сама сабой: як ты абіраеш беларускую, дык маеш больш шанцаў вылучыцца, паказаць сябе, запомніцца і застацца ў гісторыі. Што не адмяняе, канечне, праяваў творчасьці на іншых вядомых мовах, хоць там існуе вялікая рызыка зьліцца з шэрай масай. Пазыцыянавацца, дарэчы, беларусам можна і ў інструмэнтальных альбомах, пра што сьведчыць творчасьць Віктара Сямашкі.

Наіўны шансон, прасунутае індзі, куртаты рэпчык, магічны фольк, правінцыйны поп, агрэсіўны рок, бяздумны дэнс —  прыметнікі тут ня ёсьць азначэньнем стылю і могуць перахадзіць ад аднаго да другога — усё яно наша. Проста адным хочацца ганарыцца, а ад другога сорам бярэ. Адно натхняе, другое бянтэжыць. А бываюць і такія, што адразу выклікаюць дваістыя пачуцьці.

 

Аляксандар Саладуха выступае ў андэграўндным паб-клюбе «Графіці» на сумесным канцэрце з гуртом «Разьбітае сэрца пацана». На першым пляне — удзельніца дуэту ЭВМ і гурту «Разьбітае сэрца пацана», акторка «Свабоднага тэатру» Юлія Шаўчук, фота з Facebook

Такім чынам, з гэтага моманту на партале Tuzin.fm будзе месца ня толькі беларускамоўным песьням, сынглам, альбомам, але і тым творам, дзякуючы якім можна лепей зразумець Беларусь, тыя працэсы, якія тут адбываюцца і тых людзей, якія тут жывуць. Пры гэтым, вядома ж, беларуская мова (у клясычным правапісе) застаецца мовай нашага парталу, узорам, арыентырам і прыярытэтам для нас. Аўдыёчарт таксама застаецца беларускамоўным.

Фактычна такі падыход пачаў ужо дзейнічаць у рубрыцы !OUT, дзе нядаўна быў прэзэнтаваны альбом псыхадэлічнай ангельскамоўнай каманды The Yankees of Moor, а тыдзень таму — інструмэнтальны джазавы альбом трыё Канстанціна Гарачага. У найбліжэйшы час рыхтуем дзьве прэм’еры на сайце — новы альбом згаданага ўжо вышэй праекту Surreal Drama і самотнік надзвычай цікавага трыё, назву якога трымаем пакуль у сакрэце.

Сяргей Будкін, галоўны рэдактар Tuzin.fm