Сяргей Бабіч: «Каб здабыць посьпех за мяжой, трэба засвоіцца на Радзіме»
3701 / 0
05.08.2015

Сяргей Бабіч: «Каб здабыць посьпех за мяжой, трэба засвоіцца на Радзіме»

Выканаўчы дырэктар Moscow Music Week паразважаў над тым, ці можа здабыць вядомасьць беларускамоўны гурт у Расеі, патлумачыў фэномэн «Серебряной свадьбы» і даў некалькі парадаў беларускім музыкам.

ТГ: Сучасная беларуская музыка ў Расеі вядомая перш за ўсё дзякуючы камандам, якія сьпяваюць па-расейску, хоць у Беларусі вялікая колькасьць таленавітых гуртоў, якія выкарыстоўваюць у песьнях беларускую мову. Чаму па-вашаму, яны ня маюць посьпех сярод расейскага слухача?

Перш за ўсё мы б хацелі выразна падзяліць два паняцьці: музыка і паэзія. Часам у Артыста моцныя тэксты, але музычны складнік не асабліва багаты. Бывае і наадварот. І тут складана зрабіць адназначную выснову, што важнейшае. Гэта як пра адзёжу дыскутаваць: што важнейшае — колер, фасон або памер. Адказ: выйграе правільнае спалучэньне ўсіх складнікаў. Таму я б ня стаў культываваць думку, што беларускамоўнаму Артысту няма чаго рабіць па-за сваёй краінай, гэта ня праўда. Скажу больш: мы б хацелі бачыць на Мoscow Music Week у тым ліку беларускамоўных артыстаў. Так што дасылайце заяўкі.

ТГ: Гурты зь Беларусі пэрыядычна трапляюць у рэйтынгі найлепшай расейскай музыкі. Апошні прыклад — «Медуза» ўключыла «Серебряную свадьбу» ў топ-10 новай расейскай музыкі. А ці стрэліла б тая ж «Серебряная свадьба» ў Расеі, калі б яна сьпявала па-беларуску?

«Серебряная свадьба» стала любімай слухачамі шмат у чым дзякуючы моцным тэкстам, то бок паэзіі, якая ў той жа час спалучаецца зь цікавай музыкай і моцнай падачай творчасьці. Па сьведчаньнях фанатаў вельмі падкупляе іх «гумарочак», не падобная ні да нікога іронія і, вядома, тэатралізаванасьць выступаў. Мы былі ня раз сьведкамі, калі іх творчасьць распаўсюджвалася па прынцыпе «сарафаннага радыё». Невядома, як гэтая самабытная іронія была б успрынята на іншай мове, можа варта паспрабаваць?

ТГ: Наколькі ў музычнай творчасьці наогул важная мова выкананьня, па-вашаму?

Мова зьяўляецца культурным складнікам любога соцыюму, таксама як і музыка. Вядома, несучы ў сабе пэўную інфармацыю, тэкст аказвае пэўны ўплыў. Але ня ён адзін. Таксама адыгрывае ролю наколькі цікавая музыка ў Артыста, як ён яе падае, як клясна грае. Але яшчэ важней, мера шчырасьці Артыста, наколькі ён сам цікавы як асоба, і як моцна трансьлюе сваю энэргію праз сваю творчасьць. Вядомыя прыклады, калі Артысты, якія сьпяваюць на сваёй мове, станавіліся папулярнымі за межамі сваіх краінаў: Ніно Катамадзэ або «Мгзавреби» мала каму зразумела пра што яны сьпяваюць, але іх творчасьць рэзануе са струнамі душы гледача. Rammstein песьні на нямецкай мове, хіба пакідаюць каго абыякавымі? Патрысія Каас, Хуліё Іглесіяс хто з Вас ведае францускую або гішпанскую мову? На канцэртах заходніх ангельскамоўных гуртоў, ці шмат у залі прысутнічае людзей, якія ведаюць ангельскую? Аднак і тыя, хто мовы ня ведае, атрымлівае сваю долю эмоцыяў і ўражаньняў ад багацьця музыкі і самага шоў.

ТГ: Што б вы параілі беларускамоўным калектывам, якія хочуць выйсьці ў тым ліку і на расейскі рынак?

Перш за ўсё выходзіць на сцэну, толькі калі ты ня можаш не выходзіць. Быць сьмелымі, шчырымі, адкрытымі і ісьці да канца. Не баяцца паказаць сьвету ўсё, на што ты здольны і выявіць у сабе яшчэ больш. Вельмі рэдка здараецца выхад групы на суседнія рынкі без засваеньня ўласных, таму шматлікія міжнародныя музычныя мэнэджары раяць у пачатку шляху дамагчыся максымуму ў сябе на радзіме і толькі потым рухацца за мяжу.

ТГ: Што дае музыкам удзел у шоўкейс-фэстывалю, які вы праводзіце?

Найперш новыя сувязі, выступы, кантакты з расейскімі і замежнымі прадусарамі. Moscow Music Week цікавы тым, што можа дапамагчы ў прасоўваньні артыстаў, арыентаваных як на заходні, так і  на расейскі рынак. Больш за тое, у межах Moscow Music Week музыкі атрымаюць магчымасьць прадэманстраваць свой талент ня толькі гледачам, але і гасьцям прафэсійнай канфэрэнцыі Colisium Business Picnic. Сярод пляцовак, на якіх будуць праходзіць канцэрты, такія вядомыя клубы, як «Китайский лётчик», «16 тонн», «China Town», «ДИЧ», «Powerhouse», «Редакция», «Adidas Superstars», «Grand Bourbon». Адна з сцэнаў будзе знаходзіцца на пляцоўцы, дзе ў гэтыя ж дні праходзіць буйная міжнародная выстава музычнай індустрыі NAMM Musikmesse Russia.

У сваю чаргу сама канфэрэнцыя Colisium Business Picnic можа быць цікавая мэнэджарам і прадусарам артыстаў, арганізатарам канцэртаў і фэстываляў. Мерапрыемства дасьць новыя сувязі дасьведчаным гульцам і пашырыць веды тых, хто толькі пачынае свой шлях. У якасьці сьпікераў канфэрэнцыі выступяць прадстаўнікі Расеі, Нямеччыны, Прыбалтыкі, Фінляндыі, Ізраілю, ЗША, Кітаю ды іншых краін. Гэта будуць кіраўнікі прадусарскіх цэнтраў, артыстаў, радыёстанцыяў і музычных тэлеканалаў, гуказапісвальных кампаніяў, вядучых фэстываляў і знакавых музычных праектаў.

Moscow Music Week. Заяўкі ад артыстаў на выступ у межах Moscow Music Week прымаюцца да 15 жніўня (уключна). Падрабязнасьці — на сайце Experty.by — беларускага партнэра мерапрыемства і на сайце арганізатараў.

Размаўляў Сяргей Будкін, Tuzin.fm