«Мама», Re1ikt і Akute сталі пераможцамі мэгатураў-2015
4131 / 7
28.08.2015

«Мама», Re1ikt і Akute сталі пераможцамі мэгатураў-2015

На Tuzin.fm прайшло падсумаваньне вынікаў музычнага сэзону 2014—2015. Песьняй году стала «Будзь злой» ад гурта «Мама», кліпам — «Чаго ты, лося» гурту Re1ikt, альбомам — «Reaĺnaść i sny» гурту Akute.

Ва ўсіх трох чартах барацьба за пазыцыю лідэра ішла да апошніх хвілінаў галасаваньня. У аўдыёчарце ў двубоі сышліся магілёўцы — Angst, праект паэта Віталя Рыжкова, і «Мама» — новы гурт Яна Маўзэра (на фота). Па выніку перамогу атрымала песьня «Будзь злой», якая набрала 1035 галасоў (ва ўмоўнага суперніка — 996). Гэта другая песьня каманды, у якую акром Маўзэра ўвайшлі дасьведчаныя музыкі — гітарыст Сяргей Нікалайчанка (граў у гурце Анжалікі Агурбаш, меў праект «Віртуальныя тэхналёгіі»), басіст Уладзімер Развадоўскі (граў у Ларысы Грыбалёвай, гурце Yellow Brick Road, а цяпер у «Без билета»), бубнач Арцём Крышчановіч («Тэзаўрус», «Скімэн»), а таксама паплечнік Яна па гурце Mauzer — Уладзімер «Kolxz» Селядцоў (клявішы, запіс). Увосень гурт мае намер даць першы канцэрт.

Поўнай нечаканасьцю можна назваць перамогу ў відэачарце кліпа «Чаго ты, лося» гурту Re1ikt, якія не былі ў ліку фаварытаў. Цягам сэзону лідзіраваў кліп Зьмітра Вайцюшкевіча «Дачакайся, матуля», які саступіў пазыцыю лідэра толькі двойчы за ўвесь час. Але ў мэгатуры наперад вырваўся «Лося» і «As Bas» гурту Irdorath. У Re1ikt па выніку апынулася больш актыўных і зацятых прыхільнікаў, дзякуючы якім набралася 566 галасоў (у іх умоўных супернікаў — 557). Кліп на народную песьню «Чаго ты, лося» зьняў лідэр і каманды Алесь Дземідзенка. Здымкі адбыліся ў Лошыцкім парку на сьвітанку, а акром музыкаў у відэа можна пабачыць беларускую абрадавую ляльку — акурат такія часам разыгрываюцца на канцэртах «Жывы Тузін». Адметная праца яшчэ і тым, што ў яе не было ўкладзена ані рубля.

У альбомным чарце ў двубоі сышліся TonqiXod з дэбютнікам «Pradmova», які ўзяў ужо ўсе магчымыя прызы на ўзнагародах Experty.by і трэці нумарны дыск гурта Akute — «Reaĺnaść i sny». Перамога — за гуртом Стаса Мытніка і Ромы Жыгарава: 361 голас супраць 345. Па выхадзе найлепшага альбому сэзону Tuzin.fm напісаў, што музыкі ў ім нічога рэвалюцыйнага не прапаноўваюць як у тэматычным, так і ў музычным пляне. Яны трымаюцца свайго аднойчы знойдзенага стылю, і пакуль гэта не дакучае. Няма тут адчуваньня заежджанай кружэлкі, якое бывае, калі музыка кожны раз эксплюатуе адзін і той жа вобраз праз творчую недзеяздольнасьць. У тым ліку дзякуючы таму, што музыкі кшталтуюць сваё майстэрства і павышаюць кожны раз свае патрабаваньні да агульнага саўнду, таму іх новыя песьні гучаць яшчэ больш адточана і насычана.

Віншуем пераможцаў мэгатураў на Tuzin.fm!

У верасьні распачынаецца новы сэзон, 13-ы ў гісторыі нашага парталу. Аўдыёчарт, як і чарты кліпаў ды альбомаў, цалкам абновіцца і наведнікі «Тузіна» атрымаюць магчымасьць ацаніць навінкі беларускай музыкі сэзону 2015—2016.

Tuzin.fm

КАМЕНТАРЫ:

  • Яўген / адказаць
    28.08.2015 / 12:11

    эх, грустные итоги голосования... я за ас бас, кота-зайцева и тонкиходиков...а кто тут победил? дипрессивно-смазливый акутэ и сладкий МАМА. в реликту вопросов нет, просто ас бас атмосферней...

  • Verum / адказаць
    28.08.2015 / 15:24

    Отличные итоги голосования. У вас, гражданин, чтотонетак со сладостью и смазливостью.

  • Алесь Зайцев
    Алесь Зайцев / адказаць
    29.08.2015 / 13:45

    Усё крута, але шкада, што рэдакцыя Тузіна з нейкіх чаоў закрывае вочы на "галасы" ад відавочных ботаў... Які сэнс тады ў гэтых "перамог"?

  • 12tuzin@gmail.com / адказаць
    31.08.2015 / 11:55

    Можам Вас заўпэўніць: галасы маніторацца, накруткі здымаюцца.

  • Andrei Adamovitch
    Andrei Adamovitch / адказаць
    31.08.2015 / 12:56

    Ага. Па 30 галасоў за "Маму" цягам 20 хвілін, гэта не накрутка:)

  • 12tuzin@gmail.com / адказаць
    31.08.2015 / 15:52

    Гэта змаганьне між прыхільніцкімі суполкамі таго ці іншага выканаўцы. Прыхільнікі Маўзэра (і - адпаведна Re1ikt i Akute у іншых чартах) былі больш актыўнымі, нічога тут ня зробіш.

  • Alisa Li
    Alisa Li / адказаць
    01.09.2015 / 21:42

    лол чья бы корова мычала))

  • КАМЕНТАВАЦЬ