Ільля Маліноўскі пра восень на «Тузіне»: «Туга і журба, але ў настрой!»
Экспэрт Tuzin.fm, журналіст, шоўмэн і музыка Ільля Маліноўскі паслухаў удзельнікаў чартаў на Tuzin.fm і застаўся задаволеным амаль усім.
Мушу прызнацца, што за апошні год я моцна выпаў зь беларускага музычнага кантэксту. Пэўныя зьмены ў рэдакцыйнай палітыцы ды і ў прыватным жыцьці папросту не пакінулі вольнага часу нават на павярховае адсочваньне музычных падзеяў. Ніводнага наведанага канцэрту за месяцаў шэсьць і мінімум праслуханых рэлізаў, шчыра кажучы, пайшлі на карысьць. Бо любы чалавек прызвычайваецца да таго, што яго атачае, і ў выніку перастае заўважаць некаторыя ня самыя лепшыя моманты. Каб «ачысьціцца» можа прайшло і недастаткова часу, але я шчыра ўдзячны парталу Tuzin.fm за прапанову вярнуцца ў некалі ўлюбёную і сваю атмасфэру.
Аналізаваць гульню месцаў, ажыятаж вакол галасаваньня ды яго вынікі мне падаецца няправільным. Гэта ўсё было і ёсьць люстэркам стасункаў музыкаў з аматарамі ды сябрамі, іх актыўнасьці ў сацыяльных сетках і іншых падобных рэчаў. На жаль, пакуль беларусы яшчэ не гатовыя ў поўнай меры сачыць менавіта за беларускай музыкай і, натуральна, адзначаць цікавыя для сябе рэчы. Ні ў якай меры не хачу пакрыўдзіць сталых наведнікаў парталу! Вы малайцы, але вас няшмат! Пагадзіцеся, што большасьць патэнцыйных слухачоў тусуецца зусім на іншым сайце і іх стаўленьне да беларускай музыкі можна скласьці ў адзін агульны і самы часты камэнтар: «А хто гэта?» І гэта хутчэй пытаньне самасьвядомасьці ды агульнай культуры, чым «Тузіна», які ўпарта робіць неверагодныя рэчы, знаходзячыся амаль у вакуўме.
Таму бліжэй да непасрэдна тузіноўскага верасьня! За год маёй «адсутнасьці» зьмянілася няшмат. Прычым гэта аднолькава нэгатыўная і станоўчая характарыстыка. Як факт — прэтэнзіяў да тэхнічнага майстэрства музыкаў, падыходаў да аранжаваньня, ды і тэкстава-мэлядычнага складніку песень усё менш і менш. Верагодна гэта ёсьць вынік папярэдняга адбору. Але я чамусьці веру, што так ня толькі на «Тузіне», але і на кожным рэпэтыцыйным пункце краіны агульная карціна менавіта такая. А вось так бы мовіць пазнавальных выканаўцаў, сапраўдных індывідуальнасьцяў з эфэктам «ваў» — па-ранейшаму адзінкі.
Агулам месяц аказаўся нейкім вельмі надрыўным, эмацыйным і няпростым. Спэцыялісты кажуць, што туга ды журба — адны з галоўных характарыстык беларускай народнай творчасьці. Відаць, таму мы так любім «мазаць соплі» ў песьнях. Але на дзіва гэта вельмі трапіла ў мой асабісты настрой, пакінуўшы мяне задаволеным амаль усім пачутым. Хутчэй за ўсё тут згуляла шмат фактараў: традыцыйная ваколвыбарчая тыпудэпрэсія, аптымістычнае стаўленьне да ўсяго навокал, вера ў беларускую музыку, які-небудзь крызіс сярэдняга ўзросту… ня ведаю!) У любым выпадку любая крытыка суб’ектыўная і звычайна грунтуецца на ўласных, нярэдка спрэчных густах.
Напрыклад, нарабіўшая шуму інтэрпрэтацыя «Малітвы». Нягледзячы на поўнае неразуменьне прэтэнзіяў аўтара і выніковага прысуду, я не разумею навошта Naka працягвае яе выконваць. Пратэст? Жаданьне прайграць яшчэ адзін суд? Наста Шпакоўская неверагодна чапляе менавіта вакальным настроям суму, нейкай безвыходнасьці, надрывам, таму «Малітва» — безумоўна яе песьня. Але аўтар мэлёдыі — самадур, дык ці зьмяніце мэлёдыю да непазнавальнасьці, ці не выконвайце песьню ўвогуле… А так «барацьба» выглядае даволі штучна.
Вельмі парадавала, што ўсё больш і больш зьяўляецца эстрадных выканаўцаў. Ня тых, што мы бачым па тэлевізары, а тых, за якіх ня сорамна. А самае галоўнае, што гэта запатрабавана. Пераможца месяца ў аўдыёчарце Pauline — добры таму прыклад. Вельмі харошы трэк, няхай і пераклікаецца з творчасьцю Паліны Рэспублікі. Я лічу, што чым больш будзе якаснай беларускамоўнай поп-музыкі, тым складаней будзе яе не заўважаць і тым хутчэй яна выйдзе ў масы. З гэтай нагоды шкада Яна Жанчака ды Ларысу Сімаковіч. Таксама добры трэк, якога вельмі не стае нашай эстрадзе, а ў выніку апошняе месца гіт-параду.
Не магу сказаць, што чакаў нечага неверагоднага, ад гэтага месяца разам з Tuzin.fm. Але неверагоднага і не адбылося. Фаварыты засталіся на сваіх месцах, агульныя ўражаньні не зьмяніліся. Сапраўды зьдзівіла толькі «Мутнаевока». Ну няма больш такога гурта, які б з такім зайздросным пастаянствам абсалютна палярна зьмяняў маё меркаваньне: сёньняшні трэк — выдатна, заўтрашні — лайно. Карацей, жаданьне працягнуць адпачываць ад музыкі ня зьнікла. Але нам яшчэ шмат трэба зрабіць, каб заявіць пра сябе ў сьвеце, галоўнае, што рухаемся мы правільна! Ну… мне так падаецца…
Відэа я ацэньваць ня ўмею. Перакананы, што для выдатнага кліпу не заўсёды трэба мець шмат грошай, часам дастаткова проста добрага графіка. Часам звычайная простая кампутарная візуалізацыя чапляе больш, чым прафэсійна зьняты міні-фільм. Яскравы прыклад таму «ролінгаўскі» трэк «Doom & Gloom», аўдыё-відэа прэм’ера якога значна больш прывабная, чым непасрэдна кліп.
З-за недаверу да інтэрнэт-галасаваньня, вельмі зьдзівіла перамога гурта Irdorath у альбомным чарце. Калі да разьмеркаваньня месцаў у песенным тузіне я маю шмат прэтэнзіяў, то да альбомнага — ніводнай. Мой асабісты выбар быў бы роўненька такім жа. Нават тое, што генэралы Neuro Dubel засталіся на другім месцы — заслужана. Асабіста я раблю вялікую стаўку на Irdorath у будучым — гэта крута, моцна і незвычайна.
Ільля Маліноўскі, для Tuzin.fm
Экспэрт ТГ — журналіст, шоўмэн, музыка. Нарадзіўся ў 1983 годзе ў Сафіі (Баўгарыя). Музыку вывучаў з чатырох гадоў у менскіх дварах. Скончыў факультэт мастацтваў па спэцыяльнасьці «журналістыка» ў Інстытуце сучасных ведаў. З 2002 году працуе радыёвядучым на радыё «Мір», Радыё Менск, «Мэлёдыі веку», апошнія 6 гадоў — на «Еўрарадыё». Піша песьні, сьпявае ў гурце, які выступае пад рознымі назвамі, ладзіць вечарыны "Рок-караоке з Ільлём Маліноўскім", вядзе рокавыя і джазавыя канцэрты і фэстывалі.
КАМЕНТАВАЦЬ