«Бляклы Тузін» Віталя Рыжкова
Паэт Віталь Рыжкоў цягам месяца слухаў удзельнікаў чарту на Tuzin.fm і прыйшоў да невясёлых высноваў, асабліва датычна беларускага кліпмэйкінгу.
Гіт-парад: крок да монафаніі і самарэфлексіі
Трэці тур цяперашняга сезону на ТГ падаўся задужа роўным па гучаньні, з чаканым вынікам галасаваньня, амаль без экстрэмумаў, і нельга сказаць, што гэта адназначна кепска. Як ёсьць так ёсьць, што рабіць — бо нельга браць у разьлік эмацыйны стан і жыцьцёвы досьвед падчас знаёмства з чужой творчасьцю, прынамсі, калі ты на кароткі час выступаеш у ролі «экспэрта» (хоць зазвычай музыка абіраецца найперш пад настрой). Таму можна пафантазаваць, што беларуская музыка (у прапанаваным зрэзе) зрабіла крок ад прабіўных песень-баевікоў, што зазвычай цягнуць альбом, да пэўнай монафаніі і самарэфлексіі. Што альбомы гуртоў і выканаўцаў, згодна з актуальным сусьветным трэндам, ахвяруюць імавернымі гітамі на карысьць цэльнасьці гісторыі і Яе Вялікасьці Канцэпцыі. Добра ехаць куды-небудзь, калі за вакном нялётнае надвор’е, і слухаць усё гэта.
Для сябе адзначыў з гіт-параду гэтым разам гучаньне Teleport ў «Леце», эмоцыю S.D. у «Колькі» ды пачуцьцёвасьць песьні «Мае мора» пераможцы Паўліны.
Крытыкаваць заўжды лягчэй, таму і ня буду.
Відэачарт: гераічны беларускі кліпмэйкінг
А вось не — буду. Прынамсі, я прыдумаў, як гэта правярнуць найбольш далікатна. Мой прыватны музычны відэаканал папоўніўся б хіба кліпам «Родны край» Brutto. А вось выдуманае ўмоўнае «менскае мэтро-ТБ» з задавальненьнем пагадзілася б узяць для трансьляцыі відэа з удзелам :B:N:, Лявона Вольскага, гуртоў Rahis і «Мерада», а таксама Дзьмітрыя Нікановіча, zolki band і Kaltherzig… Ну і на які-небудзь з мульткліпаў, напрыклад, «Дзецюкоў».
Агулам жа... Беларускі кліпмэйкінг — гераічны. Гэта амаль заўжды DIY адпачатку і да канца, гэта праблемы з кампазыцыяй кадру, асьвятленьнем, мантажом, выкарыстаньнем фільтраў, гэта адсутнасьць візульных якароў, разнастайнасьці і часта рытмавага спалучэньня зь песьняй. Беларускі кліпмэйкінг — гэта ня прома правільна абранай песьні, сёньня гэта «птушачка» для амбіцыяў саміх музыкаў, альбо рэжысэраў, гэта жабрацкі бюджэт для стваральнікаў, гэта відэа-сьмецьце. На сёньня айчынны кліпмэйкінг — адна з самых балючых праблем у творчым самавыяўленьні нашых музыкаў. Ня ў сэнсе, што часта балюча глядзець, а ў сэнсе, што з разуменьнем усіх акалічнасьцяў хочацца, каб было лепш.
Чарт альбомаў: паcлухаць і не пераслухаць
З вынікамі чарту альбомаў згодны. Адзінае што, вядома, пару-тройку пазыцыяў я памяняў бы месцамі, але гэта звычайная справа, ня вартая ўвагі. Злавіў сябе на думцы, што чутыя раней альбомы чарту я жаданьня пераслухаць не адчуў, а сьвежыя альбомы проста не ўцягнулі.
Як пісаў Хадановіч, «блякнуць знакі задыяка» — зорачкі і сузор’і пры такім надвор’і, відаць, проста горш бачна.
Віталь Рыжкоў, для Tuzin.fm
Даведка ТГ: Віталь Рыжкоў — адзін з самых таленавітых паэтаў новага пакаленьня. Нарадзіўся ў 1986 годзе ў Магілёве, жыве ў Менску. Быў фіналістам конкурсаў да 100-годзьдзя газэты «Наша Ніва» (2007), імя Карласа Шэрмана (2009), уладальнік прэміі часопісу «Дзеяслоў» (2008) і «Дэбют» імя Максіма Багдановіча (2011). Пераможца слэму фэстывалю «Березневі Коти — 4» (Украіна) .Зь яго паэзіяй можна пазнаёміцца тут. Супрацоўнічаў як аўтар тэкстаў і перакладчык з гуртамі Mauzer, «Глюкі», Zatoczka, «Пані Хіда», Nizkiz, Ганнай Хітрык, Віталём Варанко, SP Kava. Мае ўласны музычны праект.
Яшчэ экспэртныя меркаваньні:
Ільля Маліноўскі пра восень на «Тузіне»: «Туга і журба, але ў настрой!»
Экспэрт Tuzin.fm Альгерд Бахарэвіч: «Беларусам быць можна»
Экспэрт Tuzin.fm Мікалай Янкойць: «У беларускай музыкі ёсьць тры праблемы»
Экспэрт Tuzin.fm Адам Глёбус: «Мне не хапіла паэзіі»
Экспэрт Tuzin.fm Сяргей Дубавец: «У беларускую музыку вярнулася энэргетыка і якасьць»
Экспэрт Tuzin.fm Павал Няхаеў. Думкі іншаплянэтніка, які паслухаў вушамі зямляніна
Экспэрт Tuzin.fm Ягор Цывілька: «Без тыраніі мовы не здарылася б шмат якіх песень»
Экспэрт Tuzin.fm Максім Жбанкоў: Хопіць гуляцца ў «высокі арт»!
Тацяна Заміроўская: Аксамітная перамога простага, спакойнага і добрага
Так і ёсць, Віталь. Нарэшцэ нехта не з "троляў", а "эксперт" падтрымалі маю думку. Кліпы проста жах і знаходзяцца яны ў чаце проста таму, што іншых няма. Але галоўнае не пераліць брыдоты на музыкаў, а то і такія кліпы перастануць з'яўляцца.
Дарэчы, а чаму рэдакцыя не удакладніла, што "ўласны музычны праект" Віталя - Agnst? Калі не памыляюся. І ён таксама ўдзельнічаў у гэтых гіт-парадах. Праўда тады не каментаваў іх.
КАМЕНТАВАЦЬ