Экспэрт Tuzin.fm Міхал Анемпадыстаў: «Варта ствараць іншую рэчаіснасьць»
4218 / 8
21.12.2015

Экспэрт Tuzin.fm Міхал Анемпадыстаў: «Варта ствараць іншую рэчаіснасьць»

Рок-паэт і дызайнэр Міхал Анемпадыстаў паслухаў песьні і паглядзеў кліпы ўдзельнікаў чарту на Tuzin.fm ды выказаў з гэтай нагоды сваё меркаваньне.

Я ўпэўнены ў тым, што найлепшым «ацэньшчыкам» любой творчай дзейнасьці зьяўляецца сама прафэсійная супольнасьць. Тут майстэрства, статус і аўтарытэт напрацоўваюцца гадамі, тут усё бачна і ўсе ведаюць плюсы і мінусы калегаў, тут бярэцца пад увагу тэхніка, талент, патэнцыял, а нават чалавечыя якасьці кожнага. Зь іншага боку, хваравітыя амбіцыі і зайздрасьць тут таксама прысутнічаюць, што яшчэ не азначае таго, што вас належным чынам не ацэньваюць. Ацэньваюць. Проста могуць гэтага не казаць.

Я не з прафэсійнай супольнасьці. Я спажывец, карыстальнік, да таго ж, спажывец ня з мэтавай групы. Увогуле пытаньне, ці можна мяне назваць спажыўцом, бо апошнім часам я мала слухаю музыку наогул і амаль не цікаўлюся новай. Увогуле, гэтак было не заўсёды, але гадоў пяць таму, я ў адначасьсе атрымаў дзьве агромныя прыватныя калекцыі мр3, неабмежаваны доступ да ўсяго таго, што ёсьць у нэце, а таксама мажлівасьць слухаць выдатныя fm-станцыі, з самымі рознымі канцэптамі, выдатнай музыкай і дасьціпнымі вядоўцамі.

Гэтага ўсяго, якаснага і рознага, раптам стала так шмат, што адсочваць, слухаць і запамінаць усё тое, што робіцца сёньня ў сьвеце музыкі стала фізычна немагчымым. Калі не западаць на нейкі канкрэтны стыль ці кірунак, то лепей не напружвацца і ўспрымаць музыку як бясконцае мноства паасобных фрагмэнтаў аднаго космаса, ці стыхіі, ці як хочаце яшчэ гэта назавіце. Зразумела, што з гэтага бясконцага мноства паасобныя творы падабаюцца болей, некаторыя хочацца слухаць шматкроць, але збольшага ёсьць так, што запісаны і даступны ў нэце твор перастае быць чымсьці эксклюзіўным.

Ён перастае ўспрымаецца як цуд, якім, па ідэі, ёсьць мастацтва. Цуд яшчэ прысутнічае на жывых канцэртах, там адчуваеш харызму выканаўцы, набіраесься ягонай энэргетыкай і энэргетыкай залі, аддаеш сваю. Канцэрты і каляканцэртнае асяродзьдзе гэта тое месца, дзе ўжывую гучаць творы, якія пазьней, як засушаны гэрбарый, увасабляюцца/архівуюцца ў запіс. Яго можна разглядаць-праслухоўваць, прафэсіянал можа атрымліваць асалоду ад таго, як гэта зроблена, але запіс не перадае ўсе якасьці творцы і твору. Сёньня запісаны твор адразу робіцца часьцінкай агромнай музычнай прасторы, канкуруючы з усім тым, што ёсьць на сьвеце.

Ясна, што канкураваць з усім белым сьветам дзіка складана. Што можа вылучыць творцу на лякальным рынку і зьвярнуць на сябе маю (напрыклад) увагу? Апроч чыста музычных якасьцяў, якія паўтаруся, мы ўжо разглядаем ў глябальным кантэксьце, маю ўвагу зьвяртае тэкст, ці больш дакладна, тое, што хацеў сказаць выканаўца. Бо мець тэкст і нешта сказаць, гэта не адно і тое ж. Мяне можа зачапіць сугучча, рэзананс паміж думкамі/пачуцьцямі аўтара і маімі ўласнымі, альбо, калі аўтар скажа нешта сваё і зробіць гэта настолькі пераканаўча, што я буду чухаць патыліцу і думаць «блін, а што гэта было?». І тут усе перавагі ў «сваіх».

Як шэраговы карыстальнік і музычны дылетант, я не ацэньваю тэхнічны бок трэкаў. Як на маё вуха, усе яны зроблены больш ці менш прафэсійна і гэта радуе. Зь іншага боку, гэта норма, стандарт, так і павінна быць. Я таксама не бяруся за тое, каб ацэньваць актуальнасьць музычных стыляў і саўнду. Мяне гэта ня надта цікавіць, і я, шчыра кажучы, лічу імкненьне быць у трэндзе праявай цалкам натуральнай, але далёка не вызначальнай. Больш значным дасягненьнем, задачай максімум для творцы, мне бачыцца выпрацоўка ўласнага стылю і мастацкай мовы.

Такім чынам, маё меркаваньне адносна ўдзельнікаў аўдыёчарту на Tuzin.fm па парадку, зьверху ўніз.

Мама — Сеяць вецер. Я «ня веру», калі казаць словамі Станіслаўскага. Ня веру, што так і пра гэта гавораць з мамай. Так гавораць са сцэны, з публікай на рок-канцэртах, але ня з мамай, нават, калі гэта мэтафара.

Akute — О Божа мой. Настраёва, але я не зразумеў пра што тэкст. Думаю, Бог не зразумеў бы таксама. Хаця)

Pomidor/off — Вясёлых Сьвятаў. Саша не мудрыў, тэма бяспройгрышная, а словы, скампіляваныя з кананічных крыніцаў і сто разоў чутыя ў іншых спалучэньнях, — правільныя. І музыка такая ж бяспройгрышная, хаця б раз на год. Каляды — Сьвята настальгічнае. Таму намёкі на 60-я, 70-я і 80-я тут дарэчы. Мне няма да чаго прыдрацца, але можа якраз з-за гэтага, твор, як для Памідорава, — прахадны.

Pauline — Маё мора і Ойра! — Тваё маё сэрца. Гэтыя два творы падаюцца мне падобнымі ня толькі з-за падабенства назваў. І там і там ўсё вельмі настраёва, фармальна прыгожа, амаль бездакорна, гэта магло б гучаць на любой мове Эўразьвязу ў любой яго краіне. Але я не зусім разумею пра што тэксты, ці нават так: «навошта?», «штобышто?».

Irdorath — Быў. Ёсьць. Буду. Для мяне твор складаецца зь дзьвюх нераўназначных частак: эмацыйна перайгранага (а цо занадта, то ня здрова) патаснага рэчытатыву і выдатнага жаночага вакалу, які як цьвікі ўбівае словы Караткевіча ў сьвядомасьць. За вакал — дзякуй! Шкада, мог бы быць супэрскі твор.

Ян Жанчак — Музыка супраць вайны. Хлопцы, вайну не перамагчы музыкай, прыгожымі соламі і мужным вакалам. На жаль. Вайну можна перамагчы альбо малітвай, ціха і пранікнёна, альбо абраўшы адзін з бакоў, весьці яе да перамогі, хай сабе і з гітарай у рукох. І ў першым, і ў другім выпадку, трэба быць гранічна шчырым.

Гэта тычыцца і некаторых папярэдніх твораў, можа там гэта ня так рэзанула, можа там было да чаго іншага прычапіцца, можа таму што «вайна», але тут не магу не адхіліцца ад фармату камэнтару і хачу выказацца больш разгорнута. Беларуская незалежная музыка 90-х, на піку свайго росквіту, прабачце за такое не зусім карэктнае параўнаньне, была шчырай. У ёй амаль не было позы, не было імітацыі. Была боль, агрэсія, надрыў, іронія, але ня поза, не ўдаваньне.

Rahis — Па праспэкце. Тут наадварот, праз шэраг фармальных прыёмаў, мажліва празь нейкую недасканаласьць, узьнікае адчуваньне шчырасьці. Але тэкст! Штамп на штампе. Зеленаглазае таксі нейкае:)

S.D. — Колькі. Вось тут таксама. Эмацыйна, гераічна, патасна. Я ня ведаю… Каму адрасавана пытаньне? Дзеля чаго сьпяваецца? Наколькі гэта ўсё шчыра, хаця б у сэнсе стылістыкі? Ці адпавядае яна пытаньню, якое ставіцца ў песьні? Мяне такія рэчы адразу напружваюць. Калі мы такія гераічныя на сцэне, чаму дагэтуль не на «чырвонай лаве»?

Крамбамбуля — То ня дудка. Вось і Артуравіч туды ж. Ну якая вайна на?) Весялуха, вір стыляў і іншыя гопцаца. Іронія — вялікая штука. Калі не атрымліваецца сказаць сур'ёзна, то можа сапраўды лепей і не спрабаваць. Усё ж такі, у Лявона ёсьць глыбіннае, амаль беспамылковае адчуваньне інтанацыі. Мне падаецца, што ён ані разу нам ня схлусіў. А калі гаварыць сур’ёзна і ня хлусіць становіцца складана, апранае строй Станьчыка. Веру, што гэта толькі строй.

Андрэй Сянькевіч — Наш час. Мне падабаецца. Арганічна. Тэкст тут таксама фактычна «ні пра што», з той толькі розьніцай, што менавіта гэтае «ніпрашто» і спрабуе апісаць Андрэй. Апісаць бясчасьсе, бясслоўе, бястэме. І мне падаецца, робіць ён гэта досыць пасьпяхова.

Рэха — Дурніца. Нечакана, у самым канцы гіт-параду, такі празрысты, сьветлы, дасьціпны твор! Музыка абсалютна нямодная, нятрэндавая, але гэта я лічу яе плюсам, яна па-за часам. Як і сам аўтар, здаецца.) Андрэй, вяртайцеся ў рэчаіснасьць, — «гаротніца», «дурніца»… Дзе Вы знаходзіце сваіх гераінь?

Цяпер пра відэачарт.

Ня ведаю, мажліва музычныя кампазыцыі, якія леглі ў аснову кліпаў, ужо гучалі ў музычным гіт-парадзе… Добра, калі так, бо ў некаторых выпадках відэашэраг замінае, а не дапамагае ўспрыняцьцю твору. Прынамсі, пад час «экспэртнай» ацэнкі відэачарту, даводзіцца ў першую чаргу ацэньваць карцінку. У мяне, прынамсі, так і атрымліваецца. Мажліва таму, што я прафэсійна працую менавіта ў візуальным мастацтве. Такім чынам, па парадку:

Brutto — Родны край. Бездакорныя кадры, вытрыманая ў дэталях стылістыка, уключна з самім Міхалком, які таксама выглядае як завершаны арт-аб’ект, суседнічае зь яўным кічам у выглядзе нацюрмортаў са зьмеямі і чарапамі. Эх! Каб ня гэтая лыжка дзёгцю…

Race of Dreamers — Успамін аб глыбіні. Ну не накладаюцца там выявы адна на адну, не прарастае форма, не паўстае рух. Бачна, што ўсё гэта створана аніматарам, а па вялікім рахунку, павінна жыць сваім жыцьцём, разьвівацца па сваёй нутранай логіцы. Працы аніматара не павінна быць бачна. Гэта складана. Але мажліва.

Мерада — Начны праспэкт. Песьня мне падабаецца, шкада, што яе няма ў гіт-парадзе. Кліп напружвае. Па вялікім рахунку, гэта ня кліп, а відэанарэзка да песьні, выкананая са стылістычна разнароднага матэрыялу, які мала таго, што не стасуецца міжсобку, дык яшчэ і канфліктуе. Ня ведаю, ці сэнсава апраўданы тут эфэкт «лялечнага» гораду, але выглядае гэта добра, і пасуе да манеры выкананьня. А вось неапрацаваныя фільтрамі (і не зусім якасныя) кадры на тле гэтай казачнай ідыліі выглядаюць брутальнавата. Чыста на кантрасьце… Няўжо гэтага не бачна?

Rahis — Грэй мяне. Мне падабаецца і песьня, і яе тэкст, і выкананьне. І я проста ў захапленьні ад ідэі прысьвяціць яе канкрэтнай асобе, — Віктару Малышчыцу. Мне і кліп падабаецца. Усё зьнітавана, цэльна, канцэптуальна. Але калі ўжо прыдзірацца, то мне бракуе ў гэтым кліпе простай, зразумелай, чытэльнай гісторыі. Прыпавесьці не хапае. Яна там амаль паўстала і ня ведаю чаго не хапіла. Можа, якраз самога Віктара і не хапіла. Амэрыканцы ўмеюць здымаць такія гісторыі з усяго, што пад рукой. А тут, такая фактура. Эх, шкада.

Лявон Вольскі — Маё каханьне. Мне падабаецца і сама песьня і відэашэраг да яе — без усялякіх наваротаў і спэцэфэктаў, стылістычна вытрыманы, роўны і адначасна крывалінейны, як сон. Мне аднак падаецца, што кліп жыве сваім жыцьцём, што не відэашэраг падтрымлівае музычны твор, а наадварот, песьня зьяўляецца саўндтрэкам да відэа.

Алесь Камоцкі — Горад мой. Мультыплікацыя вельмі добрая! Як на мой густ, яна ідэальна пасуе да твору, дадаючы яму вартасьці, то бок, выконвае тую функцыю, якую павінен выконваць кліп. Эстэтыка смутку ўвогуле рэч тонкая, зь ёй складана працаваць, але тут атрымалася. Мяне аднак, як і ў кліпе «Мерады», напружваюць рэалістычныя, хай сабе і танаваныя ў сэпію кадры. Напружваюць у тым сэнсе, што смутак, вернуты ў рэчаіснасьць губляе свой шарм, пераўтвараецца ў безнадзёгу.

Dzieciuki — Ладзьдзя роспачы. І песьня добрая, і тэкст, і ідэя кліпу, а сам відэашэраг асабіста мне замінае. У відэашэрагу шмат хібаў і ляпаў, перад усім датычных кампазыцыі і трансфармацыяў карцінкі. То бок, графіка кліпу не дапрацавана. Замала анімаваць забаўную карцінку.

:B:N: — Попел. Апэратарская праца проста супер! Дайце прозьвішча апэратара ў тытрах, на яго працы ўсё трымаецца. Разам з тым, сюжэтная лінія (калі пра яе ўвогуле выпадае гаварыць) амаль не праглядаецца, кліп ня мае разьвіцьця і стварае ўражаньне зацягнутага.

Верасень — Халодны блюз. Усё зроблена надзвычай прафэсійна. Клясная аўтарская графіка ўтварае з аўдыётрэкам адно цэлае. Вельмі далікатнае цытаваньне Вольскага (калі яно там свядома закладзена) толькі надае твору вартасьці. Яшчэ прыгадваюцца «Szał niebieskich ciał» гурту Maanam, і мне гэта таксама падабаецца. Культуратворчы і культурацэнтрычны такі твор… Мой асабісты дзякуй!

Шпакоўская, Бень, Хітрык — Пра любоў. Бездакорны кліп. Знакавая песьня. Выдатнае выкананьне. Што тут казаць, калі і так усё ясна. Мастацтва прымушае нас верыць нават у немагчымае.

Zolki Band — rak. Я не зразумеў пра што і на сярэдзіне засумаваў. Калі гэта ставілася на мэце, то яна выкананая.

Дзьмітры Нікановіч — Ключы. Вось зноў, тая ж ідэя — рэальнае жыцьцё і недзе ў іншай рэальнасьці артыст. Тут хаця б ёсьць сюжэт і яны перасякаюцца. І тая самая хіба. Розная стылістыка і розная якасьць тых кадраў дзе сам сьпявак, і тых, дзе рэальнае жыцьцё. Кадры са Зьмітром тэхнічна зроблены якасна, нават падкрэсьлена якасна, уключна з прафэсійным мэйкапам. Кадры з жыцьця, такія як звычайна, як на БТ. Рэчаіснасьць, тым болей нашу, здымаць складана, дык можа яе тады і не здымаць? Мастацтва на тое і мастацтва, каб ствараць сваю рэчаіснасьць. Яна можа быць вельмі адрознай ад таго, што мы бачым штодня, але калі яна зроблена таленавіта і якасна, мы ёй верым.

Міхал Анемпадыстаў, для Tuzin.fm

Экспэрт Tuzin.fm Міхал Анемпадыстаў — дызайнэр, графік, паэт, публіцыст, фатограф. Нарадзіўся ў Менску 16 сакавіка 1964 году. Навучаўся ў Менскай мастацкай вучэльні (1979—1983), удзельнік суполкі «Майстроўня». Працуе ў галіне плякату, ужытковай і станкавай графікі, фатаграфіі і графічнага дызайну, зьяўляецца сябрам праўленьня Беларускага саюзу дызайнэраў. Яго творы экспанаваліся на выставах з 1987 году, першая пэрсанальная выстава адбылася ў 1993 годзе ў Бэрліне. Анемпадыстава можна лічыць адным з стваральнікаў нацыянальнай рок-паэзіі. Тэксты на яго вершы ўвайшлі ў рэпэртуар Касі Камоцкай і гурта «Новае Неба» (самыя вядомыя — «Мая краіна», «Чаканьне Калядаў», «Цэпэліны»),  гурта N.R.M. («25, 26, 27…», «Lalalala»), Зьмітра Вайцюшкевіча, IQ48. Ён аўтар канцэпцыі і тэкстаў да «Народнага альбому» (1997), названага альбомам году ў беларускай музыцы на «Рок-Каранацыі». Таксама на гэтай цырымоніі быў адзначаны за «Ўнёсак у беларускую музыку» (1996), «Тэксты году» (1997) і спэцпрызам БАЖ (1997). Менавіта ён пераклаў польскія гіты часоў Салідарнасьці для праекту «Салідарны зь Беларусьсю» (2006). У 2006 годзе партал «Тузін Гітоў» прызнаў Міхала Анемпадыстава «Чалавекам году» — песьня ў ягоным перакладзе з польскай «Аўтабіяграфія» ў выкананьні Лявона Вольскага ды Ігара Варашкевіча стала гітом году, у лік найлепшых песень трапіла таксама «Схаванае сэрца» яго аўтарства ў выкананьні гурта IQ48. 

КАМЕНТАРЫ:

  • Jan Mauzer
    Jan Mauzer / адказаць
    21.12.2015 / 10:31

    Чалавек з такім сур'ёзным позіркам кажа такое глупства. Усіх аблаяў. Экспэрт жа!

  • do.mi.re / адказаць
    21.12.2015 / 11:01

    Проста эксперт глядзіць на скаладаны сусвет музычных з'яў праз прызму адпаведнага палітычнага фармату.Вось і прадказальны вынік.

  • Павал Клёк
    Павал Клёк / адказаць
    21.12.2015 / 11:41

    «Вайну можна перамагчы альбо малітвай, ціха і пранікнёна»…

    Ат жа, а мы й ня ведалі! Ня памятаю ніводнай вайны, каб… Хаця… калі ў аднаго боку забраць зброю і пасадзіць маліцца, тады другі зможа лёгка перамагчы, ха! Прыхітры паэт!

  • antaria / адказаць
    21.12.2015 / 13:18

    Лайно пчолы,лайно мёд...адзін я прыгожы у белым паліто стаю)))

  • Міхал Анемпадыстаў / адказаць
    22.12.2015 / 10:33

    Людцы, літасьці! Праца “эксперта“ палягае ў тым, каб даваць ацэнку твораў. І рабіць гэта згодна са сваёй кампетэнцыяй. Песьня гэта не толькі музыка, гэта яшчэ тэкст, мэсэдж, інтанацыя. Музычны кліп, гэта не толькі музыка, але і карцінка, сюжэт, мантаж, стыль. Я не музыка, пра што сказаў адразу, таму не бяруся ацэньваць “складаны музычны свет", а выказваюся пра тое, што ведаю. Гэта маё суб'ектыўнае меркаванне, якое базуецца на досьведзе, ведах і светапоглядзе. Светапоглядзе, які ёсць у кожнага з вас, і на якім вы абапіраецесь у жыцці і творчасці. А не на “прызьме“). Каго я аблаяў?) Можа Вас, Янка? Я да Вас стаўлюся з вялікай павагай, як і да ўсіх астатніх. Да Вас асабіста болей, бо лепей ведаю Вашу творчасць. Казаць пра хібы твора, гэта не лаянка і не праява непавагі. Давядзіце, што я не маю рацыі, а не крыўдуйце адразу. Ну мы ж не дзеці тут. Наконт вайны - асобная гаворка. Павал, не трактуйце Вы ўжо маю думку так спрошчана. Ясна, што я не пра дзеянне, не пра род заняткаў. Я пра метад, стаўленне і інтанацыю, і выключна ў творчым кантэксьце. І так, тут я ў белым паліто, работа такая) Дзякуй за тое, што робіце! Працаваць ва ўмовах ігнаравання айчыннымі медыямі, гэта ўжо варта пашаны, дабівацца ў гэтых умовах посьпеху - пашаны шматкроць. Гэта і так па-мойму зразумела, па-за дужкамі тэкста.

  • Прохор Мефодиев
    Прохор Мефодиев / адказаць
    23.12.2015 / 02:19

    Ой жа ж... человек высказал свое мнение, а на него накинулась стая униженных. Надо заметить, что беларуским музыкантам довольно характерна черта неприятия любой критики (или личного мнения). Это, похоже, наш национальный комплекс. И не надо, Михаил, прасіць літасці. Не могу сказать, что полностью разделяю ваше мнение, однако в целом солидарен.
    А на обиженных воду возят).

  • Евгений Сергеюк
    Евгений Сергеюк / адказаць
    23.12.2015 / 08:45

    Михаил выразил свое мнение, музыканты, вы чего как девченки? МАМА вообще не приемлет в свой адрес критики...по мне так в целом о чате на данный момент своей маме я бы сказал- "МАМА!О Боже мой!Что за чат!?Кого слушать ....за кого голосовать?"

  • Jan Mauzer
    Jan Mauzer / адказаць
    23.12.2015 / 11:13

    А я выразіў сваё. Што ты як дзяўчынка?

  • КАМЕНТАВАЦЬ