Іван Кірчук: «Я паляк, які прыняў беларускую культуру як сваю»
4566 / 4
24.03.2016

Іван Кірчук: «Я паляк, які прыняў беларускую культуру як сваю»

Лідэр этна-трыё «Троіца» распавёў у інтэрвію Сяргею Будкіну, чаму не зьдзівіўся скарачэньню свайго курсу, як не атрымаў званьне заслужанага артыста і як з дапамогаю расейскага хору ён, паляк з паходжаньня, палюбіў беларускую песьню.

З Іванам Кірчуком мы меркавалі сустрэцца ў лютым, калі «Троіца» вярнулася з фэстывалю ў Чылі. Пакуль дамаўляліся на размову — зьявілася яшчэ і сумная нагода. Курс, які выкладаў спадар Іван у пэдагагічным унівэрсытэце, выкрасьлілі з навучальных праграмаў, а выкладчыка, які мусіў бы быць гонарам установы, проста выставілі за дзьверы за два гады да пэнсіі.

«ПРЫЙШЛА КАМЭНДАНТ У КАБІНЭТ, СКАЗАЛА: ТУТ БУДУЦЬ МАЕ ШАФЫ»

Якую каштоўнасьць меў ваш курс?

— Я распрацаваў гэтую праграму 33 гады таму, дагэтуль такога прадмету, як «Рэканструкцыя абрадавых сьвятаў» у Беларусі проста не было. Харавыя калектывы тады стоячы сьпявалі ўсе песьні, ніхто ня ведаў пра рэжысуру абрадаў, харэаграфію, мізансцэны, дыялёгі. Увесь гэты час я яе ўдасканальваў разам зь іншымі праграмамі па фальклёры і музыказнаўстве. Але навучальныя пляны ўвесь час зьмянялі. Спачатку выкрасьлілі праграму «Народны тэатар», у які ўваходзіла батлейка. Мы ладзілі са студэнтамі прыгожыя спэктаклі на іспытах, запрашалі і гледачоў, і тэлебачаньне, і радыё, але яна выявілася непатрэбнай. Потым скарацілі «Этнамузыказнаўства», забралі гадзіны без тлумачэньня. Затым скарацілі на год навучаньне — зь пяці да чатырох. Складана падрыхтаваць за гэты час спэцыяліста ў галіне фальклёру — харэаграфічнага або вакальнага мастацтва. На пастаноўку голасу далі 20 хвілін на чалавека. Ад гэтых заняткаў я сам адмовіўся, бо нечаму навучыць за такі час немагчыма. Зноў жа — невядома чаму скасавалі катэдру этналёгіі і фальклярыстыкі…

— Дык вы, выходзіць, былі маральна падрыхтаваныя да сыходу з унівэрсытэту?

— Летась у мяне было 0,25 стаўкі, у мяне засталіся толькі завочнікі, стацыянару ўжо не было. І я думаў, што давядзецца нешта шукаць, але не хацелася, бо заставалася два гады да пэнсіі. Думаў усё ж, што дапрацую. Але ня быў зьдзіўлены. Яшчэ летась, як скончыўся навучальны год, да мяне камэндант падыйшла і сказала: ты павінен з кабінэту зьехаць, таму што тут будуць мае шафы. А больш са мной ніхто не размаўляў. Я пакрысе з жонкаю на машыне перавёз з кабінэту на фазэнду ўвесь архіў і музычныя інструмэнты.

Іван Кірчук са сваімі студэнтамі

— Як вашыя студэнты адрэагавалі на навіну?

— Я адабраў фотаздымкі з іспытаў ды выклаў іх у інтэрнэт. Разьвітаўся, падзякаваў усім ды сказаў, што кантракт хутка будзе скончаны. Юра Паўлоўскі, наш бубнач, кажа, што было процьма ўпадабаньняў, як ніколі ў самой «Троіцы» не было (усьміхаецца)

 «МАБЫЦЬ ЗВАНЬНЯ ЯШЧЭ НЕ ЗАСЛУЖЫЎ»

— Якраз паралельна з вашай гісторыяй, пазбаўляюць юрыдычнага статусу дзяржаўныя калектывы «Песьняры», «Харошкі», народны хор Цітовіча і ансамбль танцу, якіх заганяюць пад адзін дах філярмоніі.

— Гэта сьмешная ініцыятыва. Жыць пад адным дахам гэта адно, а зарабляць грошы — другое. Мне здаецца, гэта памылковае рашэньне. Саміх людзей не пытаюць, а прымаюць рашэньне зьверху. І там, напэўна, думаюць, што яны вельмі прыгожую справу зробяць, калі скароцяць і аб’яднаюць.

— А сама «Троіца» магла бы існаваць як дзяржаўны ансамбль ці прынамсі папрасіць у дзяржавы падтрымкі?

— Не. Мы граем разам 17 гадоў і ніколі не зьвярталіся і не зьбіраемся. Аднойчы, калі была складаная сытуацыя з рэпэтыцыйнай базай, мы зьвярнуліся ў гарвыканкам з просьбай даць які-небудзь закуточак. Яны паглядзелі нашы інструмэнты і сказалі: ведаеце, у вас такі ўзровень, што гэта ня горад, а рэспубліка. І на гэтым усё скончылася. Яшчэ я міністру Латушку дасылаў апісаньне ідэі этналябараторыі. Зноў жа мы не атрымалі ніякага адказу. У нас сёньня ёсьць месца для рэпэтыцыяў, за Менскам. І нам гэтага дастаткова, нам ніхто не перашкаджае, і тое добра.

— Няўжо не хацелася бы сядзець у адмысловым офісе з студыяй і пунктам для рэпэтыцыяў, атрымліваць за працу заробак і гастраляваць паводле пляну?

— Ды ня будзе такога, не хачу. Дадуць заробак і што? Мы будзем шыхтавацца ды граць на «Дажынках». І хто нас будзе слухаць? Трэба ж памятаць, што мы займаемся альтэрнатыўнай музыкай. Гэта не шансон, а прагрэсіў-фольк, як я вызначаю. І мы ня робім гэта па прынцыпе абы зрабіць, а ўтрох займаемся творчасьцю.

«Троіца» запісвае альбом у Галяндыі (1999 год). Фота Nick Lebeat

— А адсутнасьць ганаровых званьняў ад дзяржавы: заслужанага артыста там, дзеяча мастацтваў ці кавалера ордэна Скарыны вас не бянтэжыць?

— Яшчэ калі я выступаў з гуртом «Дзіва» на гастролях у Расеі, у мяне кіраўнік Кубанскага казачага хору (народны артыст Расеі і Ўкраіны Віктар Захарчанка — заўвага СБ) пытаўся: а што гэта ты да нас штогод прыяжджаеш, а ніякага ганаровага званьня ня маеш? У іх чалавек прасьпяваў на сцэне песьню сольна — налета мае ўжо званьне. А мне ў Беларусі ніхто не дае, кажу. Дык музыкі, прафэсура Краснадару, кіраўнік хору, пішуць зварот да кіраўніка дзяржавы з просьбай надаць мне званьне. Я гэты ліст прывёз у рэзыдэнцыю прэзыдэнта. Гэта быў 1996 год, яшчэ «Троіцы» не было. Цяпер «Троіцы» ўжо 17 гадоў. Але яшчэ не заслужыў, відаць, хоць да пэнсіі два гады засталося.

 «ШТО З ТАГО, ШТО НАС ВЫЛУЧЫЎ ШАЎЧУК І ГЭХАН?»

— Як у такім разе безь дзяржаўнай падтрымкі выжываць такому гурту, як «Троіца». Тым больш, калі ўнутраны рынак перанасычаны фолькам.

— Як перанасычаны? Я так ня думаю. Дзе тыя гурты? У нас няма этна-фэстываляў. «Камяніца» ды «Вольнае паветра» толькі, на якое няма грошай. Няма этнічных кавярняў, дзе гучала бы ўжывую музыка з розных краінаў сьвету, як у той жа Польшчы. Этнічнай радыёстанцыі няма, толькі праграма Тацяны Песьнякевіч, якая мае на дзяржаўным радыё 15 хвілінаў у суботу зранку, калі ўсе сьпяць. Праграмаў тэлевізійных няма. Было «Фольк-шоў», у якім дзяўчына ў нацыянальным адзеньні на шпагат сядала, але я не лічу, што гэта прыгожа. Ці «Наперад у мінулае», у якой калектывы робяць аднолькавыя аранжыроўкі народных песень і гэта не чапляе.

— Вы ўжо вызначылі, што займаецеся альтэрнатыўнай музыкай. А як ставіцеся да таго, што робяць калектывы афіцыйныя. Тыя ж «Харошкі», напрыклад, ці «Бяседа».

— «Харошкі» робяць сваю справу. І гэта падыход высокапрафэсійных майстроў харэаграфіі. Яны робяць дзіўныя і прыгожыя праграмы. Можа камусьці і не падабаецца, але гэты калектыў знаходзіцца на высокім узроўні і нельга супаставіць яго з кімсьці яшчэ. На «Бяседу» ходзяць людзі. Яны маюць свой падыход — гэта апрацаваны фальклёр, аўтарскі. У іх свой шлях. А ў «Троіцы» — свой.

— І не было расчараваньняў і сумневаў, што абралі гэты свой шлях?

— Мы робім тое, што нам падабаецца. Калі тры асобы граюць цэлы канцэрт, мяняюць інструмэнты і робяць розныя аранжыроўкі старадаўніх беларускіх песень — выходзіць цікава і для публікі, і для нас саміх. І гэта якраз нас трымае разам. У нас не прыжыліся спробы ўвесьці бас-гітару ці клявішы. Калі наша музыка будзе на нешта падобная — нам ня будзе цікава працаваць. І за ўсе гэтыя гады не было расчараваньняў. І ў Беларусі, і за мяжой нас публіка прымае — паўдзельнічалі ўжо ў больш чым 100 фэстывалях ад Малайзіі да Чылі, куды нядаўна зьезьдзілі.

Іван Кірчук на сцэне фэстывалю WOMAD у Сант’яга. Фота Jaime Valenzuela

— Як вам удалося трапіць у Чылі?

— Складаны шлях. Гэта фэст WOMAD, які лічыцца самым буйным у сьвеце. Мы спачатку ўдзельнічалі ў расейскім WOMAD, у Пяцігорску, на які Пітэр Гэбрыел і яго каманда далі грошы, як мне казалі. Нас там заўважылі запрасілі на WOMAD у Лёндан, летась мы там павінны былі зайграць, але выйшла так, што калі б мы аддалі пашпарты на візы, то сарваўся бы заплянаваны выступ у Гішпаніі. Таму WOMAD адгукнуўся ўжо ў Чылі ў лютым гэтага году. Цяпер маем шмат сяброў у гэтай краіне. Мы для іх экзотыка, як і яны для нас.

— «Стары Ольса» цяпер зьбіраецца з гастролямі ў Амэрыку. Яны зацікавілі сваёй творчасьцю, але праз кавэры на замежныя гіты. Вы ня хочаце пайсьці такім шляхам? Тым больш, што менавіта ваш кавэр на «Freestate» Дэйвід Гэхан вылучыў калісьці найперш зь беларускага трыб’юту Depeche Mode.

— Мы ня будзем гэтага рабіць, нам гэта нецікава. А што з таго, што вылучыў Гэхан. Ён жа не прапанаваў тур ці грошы на запіс, падзякаваў ды ўсё.

— Але ж вы сыгралі зь ім у Маскве.

— Гэта быў выступ пад фанаграму, упадабаньне не дала нейкага плёну. Мы і ня мелі ілюзіяў. Бо былі і раней сытуацыі, калі Юры Шаўчук і Стас Намін запрашалі нас выступіць. Але іншыя зоркі будуць запрашаць цябе толькі для таго, каб упрыгожыць свой канцэрт, адмыслова табой ніхто займацца ня будзе. Таму калі нас і пыталі пра далейшыя намеры ў супрацы з тым жа Шаўчуком, мы адказвалі, што ніякіх. І гэта добра, мы павінны самі ісьці далей. І граць сваю музыку, а не чужую. Толькі сваім мы можам зьдзівіць.

«У ДЗЯЦІНСТВЕ Ў ХАЦЕ Я ЧУЎ ТОЛЬКІ ПОЛЬСКУЮ МОВУ»

— За ўвесь час існаваньня «Троіцы» вы ніколі не дазвалялі сабе палітычных заяваў, чаму так пастанавілі?

— Так, мы вельмі далёкія ад палітыкі. Этнічная музыка гучыць вакол зямнога шара для ўсіх, каму яна падабаецца. Мы ад пачатку так вырашылі, хоць на фэстывалях за мяжой гэтая тэма нас не абмінае. Памятаю, мы выступалі ў Гданьску, а напярэдадні здарыўся скандал паміж Беларусьсю і Польшчай. І калі абвесьцілі нас, то ніхто не пляскаў у далоні, усе сядзілі моўчкі, а як праграму адыгралі, дык падыходзілі палякі, прабачэньня прасілі за такое стаўленьне.

— Тым ня менш, ваша творчасьць нацыянальна арыентаваная. Вы фармуеце і пэўны сьветапогляд, і пачуцьцё свабоды. Дзякуючы вашым песьням прыходзіць усьведамленьне сябе беларусам, па ўласным досьведзе праслухоўваньня альбому «Троіцы» 1996 году кажу.

— Мы зьвяртаемся да вельмі старадаўніх музычных пластоў. Можа гэта чапляе людзей — той тэкст і рытм, які ідзе да паганскіх часоў. Гэтыя пачуцьці выклікае менавіта старадаўняя песьня. І каб мы пісалі адмыслова, як у недалёкім мінулым складалі песьні пра Леніна, пра партыю, то мусіць і не выклікала бы яна такіх пачуцьцяў.

— А да Вас самога як гэтае ўсьведамленьне прыйшло?

— Я наогул паляк. Але прыняў беларускую культуру як сваю. У дзяцінстве чуў у хаце толькі польскую мову, пакуль бабуля не прыяжджала. А яна па-свойму размаўляла, дык маці зь ёй лаялася праз гэта. Мае бацькі 40 гадоў адсьпявалі ў Фарным касьцёле ў Лідзе, і я зь імі хадзіў, вучыўся сьпяваць.

— Адкуль тады ўзялася любоў да беларускай песьні?

— Калі я вырашыў працягнуць навучаньне і з кансэрваторыі пайшоў у Інстытут культуры ў 1980 годзе, то пачуў ансамбль «Валачобнікі» Станіслава Дробыша. Яны сьпявалі народныя песьні, і мне гэта падалося нецікавым, сама манера выкананьня. Але ў гэты ж дзень выступаў ансамбль Дзьмітрыя Пакроўскага з Масквы, яны сьпявалі песьні з розных рэгіёнаў Расеі ў розных манерах. І я тады падумаў, што Беларусь мае шэсьць сваіх этнаграфічных рэгіёнаў і што гэта сапраўднае багацьце, якім можна карыстацца. І ў 1983—1984 гадах пачаліся першыя экспэдыцыі, дзе я пачуў нашы песьні, якія мяне проста павалілі з ног, асабліва мужчынскія. Так усё і пачалося…

Цяпер Іван Кірчук выкладае ў Інстытуце культуры на курсах падвышэньня кваліфікацыі, чытае для супрацоўнікаў дзяржаўных культурных установаў курс пра традыцыйную народную культуру і марыць запісаць сёмы студыйны альбом «Троіцы», на ўзроўні ня горшым за папярэднюю «Зімачку». «Мара» — тут самае тое слова, бо музыкі вырашылі працаваць з польскім саўндпрадусарам Томашам Рагулам, які намінаваўся на «Грэмі» — узровень беларускай гукарэжысуры для іх непрымальны. Канцэптуальна альбом гатовы, ён будзе складацца з п’есаў па 8—10 хвілінаў, фактычна міні-фольк-рок-опэраў. На тое, каб запісаць цэлы дыск, «Троіцы» патрэбна блізу 15 000 даляраў, якія яны пакуль нават не ўяўляюць дзе ўзяць. Але Кірчук якраз з тых людзей, мары якіх зьдзяйсьняюцца. Пачуць «Троіцу» можна 8 красавіка на рэдкім сольным канцэрце ў Менску ў Тэатры эстрады.

Відэа. Адна зь песень, якая ўвойдзе ў новы альбом «Троіцы» — «Цар-агонь”. Відэа Яўгена Шапчыца, Tuzin.fm»

Сяргей Будкін, Tuzin.fm, для Budzma.by

КАМЕНТАРЫ:

  • xmaracos / адказаць
    25.03.2016 / 12:47

    Бабуля гаварыла па-простаму, але бацькі спявалі ў касцёле па-польску, таму дзіця стала палякам. Логіка, канешне, жалезная.

  • xmaracos / адказаць
    25.03.2016 / 12:48

    Бяда ў музыкаў з адукацыяй, бяда.

  • Булаўскі / адказаць
    25.03.2016 / 14:23

    эх, калісь жа паступаў да спадара Кірчука на курс, не хапіла 1 месца да бюджэту.

  • Прохор Мефодиев
    Прохор Мефодиев / адказаць
    22.04.2016 / 22:02

    xmaracos, да вы мудак, як я пагляджу...

  • КАМЕНТАВАЦЬ