«Мама» зьмяніла склад і зьняла кліп
Гурт «Мама» зь песьняй «Сеяць вецер» перамог у 9-м туры аўдыёчарту на Tuzin.fm. Ян Маўзэр прызнаўся, каму ён аддаў свае галасы і распавёў пра навіны праекту.
«Сеяць вецер» набрала 445 галасоў у 9-м туры і фінішавала першай па выніках галасаваньня. Гэта ўжо другая перамога новай песьні праекту Яна Маўзэра — упершыню яна ўзьнялася на вяршыню «Тузіна» у дэбютным для сябе 4-м туры.
Лідэр «Мамы» з нагоды перамогі найперш падзякаваў усім, хто «галасаваў за нашую супольную перамогу». Музыка з інтарэсам сочыць за чартам і паслухаў іншыя песьні калегаў. Фаварытамі ён лічыць песьню «О Божа мой» Akute, зь якой «Мама» змагаецца за першае месца ўжо некалькі месяцаў. А таксама «Будзь сьмелым» гурту Brutto, якая ў 9-м туры пакінула чарт.
«Мне падабаюцца Akute — я хаджу на іх, калі яны выступаюць у Кіеве, радуюся іхным посьпехам. Нехта кажа, што гэта папса, а мне здаецца, што якраз лёгкай музыкі Беларусі не стае. І калі мы хочам папулярызацыі беларускай культуры, беларускасьці (а перш за ўсё гэта важна на ўнутраным рынку), то як раз Akute тут робяць нашмат больш, чым, напрыклад, Іван Кірчук, пры ўсёй маёй павазе да яго, — зазначае Ян. — А вось іншы мой фаварыт, думаю, не падзяліў бы маё меркаваньне наконт Akute. Я чытаў шмат крытыкі наконт другога альбома Brutto, але сам слухаў яго з захапленьнем. Сяргей Міхалок зьмяняе парадыгму ўспрыманьня Беларусі замежнікамі. Дзякуючы ягонай працы, мы больш ня нацыя калгасьнікаў, у нас ёсьць круты музычны прадукт».
Менавіта на «Сеяць вецер» музыкі з «Мама» вырашылі зьняць свой першы кліп. Рэжысэрам выступіў даўні сябра Маўзэра, колішні гітарыст гуртоў 3t.on і iKona Аляксей Александровіч. «Лёша — бліскуча таленавіты й тонкі чалавек, таму мы яму даверыліся цалкам. Матэрыял адзьнялі ў студыі F2F у Кіеве — гэта самая вялікая фотастудыя ва Ўкраіне, цяпер ён мантуецца. Калі абставіны складуцца на нашую карысьць, самым бліжэйшым часам кліп будзе прадстаўлены шаноўнай публіцы».
У кліпе «Мама» паўстала ў новым складзе. Ян Маўзэр запрасіў да супрацы ўкраінскіх музыкаў, зь якімі плянуе надалей выступаць і запісваць новыя песьні. Неўзабаве гурт запусьціць свой сайт і на ім прадставіць усіх удзельнікаў. Ужывую «Маму» можна будзе пачуць падчас канцэртаў у Беларусі, якія плянуюцца на восень.
Tuzin.fm
КАМЕНТАВАЦЬ