Павал Бераговіч: «Інтанаваньне перадусім!» (аўдыё)
3667 / 0
25.05.2016

Павал Бераговіч: «Інтанаваньне перадусім!» (аўдыё)

Кіраўнік фонду «Вяртаньне» заяўляе, што ён якраз і ёсьць той дзед, якому то гніла, што ўнуку міла. Бо пры выбары сваіх фаварытаў на конкурсе «Засьпявай 3.0» ён зважаў найперш на трапляньне ў ноты.

Не зьяўляюся ні прафэсійным музыкам, ні нават журналістам, які піша пра музыку. Таму магу быць ахарактарызаваны толькі як «спажывец музыкі». Але, спадзяюся, спажывец кваліфікаваны. Я і ёсьць той дзед, якому то гніла, што ўнуку міла. Скончыў музычную школу па клясе скрыпкі з адзнакай. Выкладчыкі раілі пайсьці ў музычную вучэльню, але я выбраў вучэльню ваенную. Як скрыпач, якія, вядома, граюць выключна на слых, бо на скрыпцы няма ані клявішаў, ані ладоў — перадусім стаўлю ў музыцы дакладнае інтанаваньне. Калі музыка ўпарта не трапляе ў ноты — слухаць ня буду далей трох-чатырох тактаў.

Наступны крытэр — гэта прыгожы альбо незвычайны вакал. Калі адчуваю «wow!!! я так сьпяваць не магу…» — здымаю капялюш і магу слухаць і слухаць гадзінамі і днямі ўпадабаную песьню. Але бывае й так, што, ня маючы выбітнага вакалу, музыка бярэ шчырасьцю, сапраўднасьцю, драйвам — напрыклад, Высоцкі, Цой ці Кабэйн… І гэта таксама важкі крытэр для мяне.

У «Сьпяванай паэзіі», на жаль, мой фаварыт, песьня «А ты ідзі» Марыны Вярэніч на верш Петруся Броўкі, апынулася па-за межамі конкурсу з-за фармальных умоваў… Таму адзначу тут Son Beat, Станіслава Чахоўскага, Пятро Клюева ды іншых вартых увагі творцаў.

Сьпяваная паэзія

Ян Жанчак — Успаміны  (на словы Барыса Жанчака)

Son Beat — Ну а пакуль (на словы Ігара Канановіча)


Пятро Клюеў — Твае песьні (на словы Дашы Бялькевіч)

Кацярына Ваданосава — Бурштынавае мора (на словы Кацярыны Ваданосавай)

Pauline — Смутак гораду (на словы Ірыны Багдановіч)

Станіслаў Чахоўскі — Астэроід (на словы Ігара Канановіча)

Найбольш уразіла мяне намінацыя «Беларускі кавэр». Шмат разоў пераслухоўваў песьні, камбінаваў і перасоўваў выканаўцаў, каб выставіць сваю шасьцёрку. Атрымалася яна стракатай — тут і клясычная песенная эстрада, і кантры, і этна, і рок. Але яны ўсе для мяне амаль упоравень.

Віктар Паўлючэня/Марына Вярэніч — А я лягу, прылягу (кавэр на «Сяброў»)


Шык-бэнд — RnB-party (кавэр на HandmadE)

Яўген Сірота — Прастора (кавэр на N.R.M.)

Сяргей Скуратовіч (Рэй) — Калыханка (кавэр на «Песьняроў»)

Ketri — На граной нядзелі (кавэр на «Палац»)

Ганна Крамэр — На станцыі Койданава (кавэр на «Бонду»)

Цяжка параўноўваць узровень ўласна музычнага выкананьня кампазыцыяў, бо конкурс і для тых, хто ўжо можа называцца прафэсіяналам, і для тых, хто толькі пачынае, таму часам ня мае ніякага музычнага суправаджэньня. Але нават выконваючы Scorpions а капэла, можна дасягнуць сваёй мэты. Канечне, цяжка змагацца ў намінацыі «Замежны пераклад» з амаль бездакорным трыё Дзьмітрыя Нікановіча, Вольгі Сацюк і Мікіты Найдзёнава. Але зьдзівіла Тацяна Пілюцік зь беларускім перасьпевам «Maybe I Maybe You». Амаль убачыў, як сьпяваецца гэтая песьня дружным хорам сваякоў за сьвяточным сталом у віцебскай вёсцы маёй бабулі. Але, зь іншага боку, калі Тацяне дадаць жорсткага рокавага саўнду і мэталу ў голас — атрымаецца ня горш за Кляўса Майнэ.

Тацяна Пілюцік — «Можа я, можа ты» (Scorpions cover)

DW — So Far (HaBanot Nechama cover)

Ксенія Тоўсьцік — Wicked Game (Chris Isaak cover)

Дзьмітры Нікановіч, Вольга Сацюк і Мікіта Найдзёнаў — За табой (Eros Ramazzotti cover)

Яўген Цяренцьеў — Ноч у ліпні (Кипелов cover)

Дыяна Аргер і Яўген Сірота — Хачу ўсяго (Queen cover)

Запрашаю пачэсную публіку наведаць летнія канцэрты конкурсу на плошчы Свабоды, 4 (унутраная тэраса кавярні Chill Out), каб самім паслухаць канкурсантаў «Засьпявай 3.0».

Павал Бераговіч

Даведка ТГ: Павал Бераговіч (Падкарытаў) — расейскі бізнэсовец, мэцэнат. Нарадзіўся 9 лютага 1968 году ў Сьвярдлоўску (цяпер Екацярынбург). Скончыў Уральскі дзяржаўны юрыдычны ўнівэрсытэт (1996). Кіраўнік дабрачыннага фонду «Вяртаньне», зарэгістраванага ў Менску (2013), які садзейнічае разьвіцьцю беларускай культуры, навукі, адукацыі. Сярод праектаў, зладжаных пры непасрэдным удзеле фонду — літаратурная прэмія імя Максіма Багдановіча (з 2010), конкурс «Засьпявай.by» (з 2013), прэмія Цёткі за найлепшую кнігу для дзяцей і падлеткаў (з 2014).