
Топ-12 зімы 2016/2017. «Коленька» наперадзе ўсіх! (аўдыё)
Сьпеў пра Колю-трактарыста, які быў запісаны 20 гадоў таму на студыйнай сэсіі праекту «Народны альбом», але апублікаваны толькі цяпер, узначаліў зімовы топ на «тузіноўскім» стрымінг-канале.
Усяго на канале нашага парталу ў Soundcloud у пэрыяд з 1 сьнежня 2016 да 1 сакавіка 2017 году зафіксавана 80 500 (для параўнаньня — за тры восеньскія месяцы было 70 200 праслухоўваньняў). Больш за ўсё песьні з каналу «Tuzin.Streaming_Belarus» слухалі ў Беларусі (40 217). На другім месцы — Україна (3072), трэцяя — ЗША (2795). Пасьля ідуць Расея (2603), Польшча (1393) і Нямеччына (887).
Сьпіс самых запатрабаваных трэкаў на канале выглядае наступным чынам.
12. Зьміцер Вайцюшкевіч — Дзе мой край (417)
Сталым попытам карыстаецца песьня Зьмітра Вайцюшкевіча на словы Ўладзімера Караткевіча «Дзе мой край», альбо «Беларуская песьня». Яна была напісаная для праекту «Я нарадзіўся тут». А канкрэтна гэты запіс зроблены на адным з апошніх легальных канцэртаў сьпевака ў Менску, у траўні 2010 году. Гэты сьпеў трапіў у «100 найвялікшых беларускіх песень» паводле апытаньня Tuzin.fm. Абсалютная большасьць слухачоў гэтай песьні цягам зімы было зь Беларусі (338).
11. Варона — Мая праўда (419)
Нечакана ў топ-12 вярнулася песьня гурта «Ворона» — «Мая праўда», прэзэнтаваная два гады таму. Цікава, што гэта акалічнасьць супала з тым, што каманда Алёны Вароны аднавіла дзейнасьць праз год паўзы ды прэзэнтавала на Tuzin.fm новыя песьні, якія маюць шанцы ўвайсьці ў веснавы топ-12. Забаўна, што «Мая праўда» карыстаецца попытам не ў Беларусі (толькі 4 праслухоўваньні), а ў ЗША (119), Бразыліі (38), Вялікабрытаніі ды Італіі (па 20 праслухоўваньняў).
10. Dzieciuki — Паходная (447)
9. Dzieciuki — Трымайся, браце! (521)
8. Dzieciuki — Чорны хлеб і гарбата (526)
7. Dzieciuki — Случчакі (555)
6. Dzieciuki — 1937 (594)
Традыцыйна ў сэзонным топ-12 прысутнічае гурт Dzieciuki. Гэтым разам зь пяцьцю песьнямі з альбому «Рэха», на які не згасае попыт, нягледзячы нават на тое, што гурту забараняюць выступаць на Радзіме. Найбольш іх песьні на нашай стрымінг-плятформе слухалі ў Беларусі, далей ідуць — Україна, Расея, ЗША і Польшча. Раім слухаць ня толькі папесенна, але і цэлым альбомам.
5. Intelligency — Ведаю, хто я (677)
Цікавасьць слухачоў нашага стрымінг-каналу выклікаў трэк гурту, які быў прызнаны «Адкрыцьцём году» ў беларускай музыцы за 2016 год па вэрсіі парталу Tuzin.fm. Абсалютная большасьць слухачоў за гэты пэрыяд (508) — зь Беларусі. Болей песень гэтай цікавай каманды, якая сумяшчае электронную музыку з блюз-рокавай можна пачуць у рэлізе «Мова».
4. Dzieciuki — Тадэвуш Касьцюшка (720)
Асобным попытам карыстаецца песьня гарадзенскага гурту, якая была выдадзеная асобным сынглам у дзень 270-годьдзя Касьцюшкі. Найперш гэты твор зацікавіў слухачоў зь Беларусі, а таксама з Украіны і Польшчы.
3. Vinsent feat. Šuma Voices — Каляда (2185)
Адзіная песьня зь леташняга навагодняга праекту тэлеканалу «Белсат» і парталу Tuzin.fm, якая праз год зноў трапіла ў зімовы топ-12. Гэта сучасная калядка, якую напісаў рэпэр Вінсэнт і выканаў разам зь дзяўчатамі з Shuma. Найбольш яе слухалі ў Беларусі, а таксама ў Расеі і ЗША. Нашы калегі зь «Еўрарадыё» ўключылі твор у калядны плэй-ліст, які раім дадаць у закладкі, каб адшукаць ужо на наступныя Каляды. Прапануем таксама паглядзець відэа на гэтую песьню.
2. Жадан і Собаки — Рок-музыкант (2353)
Нязьменна прысутнічае ў топ-12 песьня ўкраінцаў, запісаная для праекту Tuzin.fm і кампаніі «Будзьма беларусамі» — Global Reload. Cёлета цікавасьць да творчасьці Сяргея Жадана падагрэла беларуская міліцыя, якая затрымала паэта і музыку ў Менску. Абсалютная большасьць праслухоўваньняў песьні зафіксавана ў гэты пэрыяд з Украіны (1421), а таксама зь Беларусі (502) і з Расеі (88).
1. Narodny Albom — Kolenka (2428)
Лідэрам зімовага рэйтынгу стала песьня, якая была запісаная 20 гадоў таму на студыі «Радыё 101,2» падчас студыйнай сэсіі праекту «Народны альбом» разам з «Надзенькай». Аднак, у «Народны альбом» яна не ўвайшла і была апублікаваная толькі гэтай зімой. Яе выканаўца папрасіў падпісаць яго як Інкогніта і толькі ў фільме «Ненаўмысны шэдэўр» раскрыў сваё сапраўднае імя.
Яшчэ: ТОП-12 ВОСЕНІ-2016. ПЕРАМАГЛА ПАЭЗІЯ!
ТОП-12 САМЫХ ЗАПАТРАБАВАНЫХ ПЕСЕНЬ 2016 ГОДУ
Tuzin.fm, загалоўнае фота Мікола Труса з сайту vytoki.net
КАМЕНТАВАЦЬ