Прэмія «Героі году». Як гэта было (фота, відэа)
«Тузін Гітоў» даў беларускай музыцы новых герояў. Рэпартаж Аляксандры Дорскай з штогадовай музычнай прэміі «Героі году».
Выбар сёлетніх музычных фаварытаў, які зрабілі 12 «акадэмікаў» партала Tuzin.fm, спачатку зьдзіўляе: занадта розную музыку граюць пераможцы. «Дэбют году» атрымалі легкадумныя бадзёрыя хлопцы пад назвай Hurma, якія вядуць за сабой армію школьніц, а «Героямі году» сталіся сапраўдныя шаманы з фольк-рокавага Re1ikt, які прыкоўвае сваёй неверагоднай энэргетыкай. Сваю музычную прэмію Tuzin.fm сёлета ўручыў ужо 11-ы раз у клюбе « Юла».
У дзьвюх намінацыях на званьне герояў прэтэндавалі па пяць выканаўцаў, якія маюць беларускія тэксты. «Цяжка ўявіць, каб у Англіі была прэмія ангельскамоўнай музыкі, а ў Польшчы — польскамоўнай, — кажа вядоўца Алег Хаменка. — Але калі ў некаторых нацыянальных прэміях ёсьць намінацыі „Лучшая песня на белорусском языке“, то робіцца зразумела, чаму мы гэта робім».
Галоўнае дасягненьне гэтай прэміі ды ўвогуле парталу «Тузін Гітоў» можна адчуць зь першымі ж урыўкамі песень намінантаў: яны даюць магчымасьць пабачыць беларускую музыку ва ўсёй яе калейдаскапічнай стракатасьці і ўпэўніцца, што па-беларуску існуе ня толькі пратэстны рок, напоўнены пякучым болем пра страчаныя пакаленьні, альбо разнастайныя варыяцыі фольк-калектываў, тут хапае ўвогуле чаго заўгодна. Па-беларуску сьпяваюць інтэлектуалы і панкі, мэлянхалічныя рэпэры, салодкія папсовыя гурты, якіх, дарэчы, штогод робіцца больш, і яны сапраўды маюць папулярнасьць сярод «укантактнай» моладзі. Таму музычныя журналісты на канцэрце не стамляюцца знаходзіць паралелі: вось беларускі Джым Морысан, а вось трошку пачварны беларускі Franz Ferdinand.
Усе «дэбютанты» вельмі розныя — напрыклад, прыгожая пара Navi з паветранымі рамантычнымі песьнямі, пад якія хочацца бегчы па сонечнай паляне, узяўшыся за рукі, і фольк-эмбіентны праект Dzivia, які стварыў 18-гадовы хлопец з эльфійскай зьнешнасьцю Артур Матвеенка. Ягоная музыка забірае нас у старадаўнія геройскія казачныя каралеўствы. Dzivia быў горача рэкамендаваны Алегам Хаменкам: «Гэта нацыянальна азначаная інструмэнтальная музыка, якой у Беларусі не было шмат гадоў. Вось цяпер яна грала, і ня ўсе зразумелі, што гэта не саўндтрэк, скрадзены зь нейкага амэрыканскага сэрыялу, а беларуская музыка».
Гурт TonqiXod, які грае арт-рок, што нагадвае пра The Doors і Joy Division, зьявіўся на сцэне першым з «дэбютантаў». Сёлета з гаражнага гурта, які ўтварыўся даволі даўно, яны выйшлі на клюбныя пляцоўкі і пасьпелі сыграць на разагрэве ў леташніх герояў году — Akute. У кампазыцыях TonqiXod заўважаецца амаль тэатральная драматургія, з кульмінацыяй і разьвязкай, яны сьпяваюць пра тое, што беларусам трэба неадкладна насыпаць горы і рок-н-рольна расказваюць, які неардынарны падарунак можна зрабіць маладажонам апроч капэрты з грашыма. Песьня « Вясельле», дарэчы, нягледзячы на дэбют, ужо стала гітом, яе патрабавалі з залы прыхільнікі маладой каманды. Сакрэт, вядома, і ў тым, што саліст Уладзь Лянкевіч — паэт, ён сам піша вершы, якія, паводле ягонага прызнаньня, часам ператвараюцца ў песьні, альбо наадварот — зь песень вырастае паэзія.
Рэпэр SP Kava, які звычайна чытае пад дуду Вячкі Красуліна з гурта «Кашлаты Вох», гэтым разам выступаў пад дыджэйскі сэт і выглядаў на сцэне трохі самотна. Ён, відаць, адзіны з намінаваных на дэбют, хто пасьпеў нават выпусціць EP «Што табе сьніцца», які Алег Хаменка вельмі раіў слухаць у машыне. Раней SP Kava разам з рэпэрам S’viedak былі гуртом PANaNieba, але нядаўна «разышліся на нявызначаны тэрмін», каб рабіць свае праекты паасобку. «Тое, чым я займаюся цяпер, цалкам адрозьніваецца ад PANaNieba, — кажа SP Kava, — там быў жорсткі олдскульны рэп, а тут штосьці больш экспэрымэнтальнае, размытае і павольнае».
Гурт Hurma Алег Хаменка ўпарта называў «Шаўрма» і з задавальненнем жартаваў зь іх юнай румянай публікі: «Гэта вы ўсе прыйшлі „хурму-шаўрму“ есьці? Альбо тут толькі дзяўчаты музыкаў? Калі дзяўчаты, то шмат, а калі гэта вашая аўдыторыя, то неяк замала». Hurma трапляе ў кагорту падобных беларускіх поп-рокавых хлапечых калектываў, у якой ужо ёсьць, напрыклад, гурт Martin S. Іх чамусьці называюць беларускімі «Зверями», хаця не зусім ясна, чым яны падобныя, апроч, вядома, аўдыторыі. Але менавіта гэтаму бойз-бэнду з трохі даўкім, як у сапраўднай хурмы, вакалам журы прэміі аддало свае галасы.
Стваральнік Tuzin.fm Сяргей Будкін, які і сам галасаваў за іх, патлумачыў гэта тым, што журы зыходзіць ня столькі з уласных густаў, а з рэальных вынікаў каманды, якія ацэньваюцца па дванаццаці крытэрах, куды ўключаныя падача сябе на сцэне, віртуальная прысутнасьць, канцэртная і студыйная дзейнасьць, відэа і г. д. «Я абсалютна ўпэўнены ў тым, што гэта дэбют году, — кажа Будкін. — Яны зрабілі фантастычную працу, нашая задача — заўважыць пасьпяховы праект на старце, і я ў іх не сумняюся. Калісьці сярод дэбютаў былі Akute альбо Re1ikt, і з нашым выбарам таксама не пагаджаліся».
Пасля мітусьлівай «Хурмы» акустычнае «Босае Сонца», якое было сюрпрызам праграмы, з плаўнымі сьпевамі Алеся Ката-Зайцава і партыяй струнных здавалася цёплым бальзамам і ціхай сьветлай радасьцю. Пад песьню на словы Анатоля Сыса некаторыя ў залі пачалі пагойдвацца, узьняўшы над галавой запальніцы. Акустычны альбом «Адпусьці» сапраўды стаўся вельмі цэльнай, нечаканай і чароўнай працай калектыву, які раней губляўся ў бардаўскіх сьпевах. На пытаньне, у чым быў сакрэт, Алесь Кот-Зайцаў сказаў карэспандэнту budzma, што гэта атрымалася натуральна і проста: «Папярэдні альбом мы рабілі, намагаючыся выкруціць зь сябе нейкія фішкі, нейкую моднасьць, чымсьці зачапіць слухача. А альбом „Адпусьці“ мы нават не плянавалі, мы проста селі ў студыю і сыгралі. Гэта будзе нам урокам: што б мы ні рабілі далей, трэба проста быць сабой».
Гурт :B:N:, які сёлета адзначыўся аншлягавым канцэртам у Re:Public ды выпусьціў акустычны міні-альбом, змусіў людзей у зале трохі растанцавацца.
А Re1ikt накрыў публіку ашаламляльна моцнай энэргетыкай: здавалася, музыкі проста падлучылі да кожнага слухача электроды і пусьцілі ток. Менавіта яны і сталі героямі гэтага вечару і героямі году паводле вэрсіі Tuzin.fm. Пасьля канцэрту саліст гурта Ўладзімер Казлоў прызнаўся, што кожны канцэрт — сапраўды моцны энэргетычны выкід для ўдзельнікаў гурта: «Яшчэ паўгадзіны я не магу прыйсьці ў сябе, сабраць думкі, унутры чорная-чорная дзіра, але пасьля мы зьбіраемся з хлопцамі і далей рушым наперад». Ён расказаў, што гурт даў у гэтым годзе нават не 50 канцэртаў, як сказаў вядоўца, а нашмат болей. Праўда, не абыходзіцца бяз унутраных канфліктаў: «У гурце шэсьць чалавек разам з гукарэжысэрам, гэта моцныя харызматычныя пэрсоны, таму нам ладзіць вельмі цяжка, — сказаў Казлоў, — у кожнага свае погляды на музыку, але мы разумеем, што трэба адкінуць свой эгаізм, і вось з гэтага канфлікту і еднасьці і атрымліваецца Re1ikt».
Аляксандра Дорская, тэкст, Зарына Кандрацьева, фота, Budzma.org
відэа — Радыё Свабода
Рэдакцыя Tuzin.fm дзякуе ўсім, хто выявіў інтарэс да нашай прэміі. Спадзяемся, усё атрымалася і ніхто ня выйшаў з клюбу расчараваным. Давайце будзем яшчэ больш ганарыцца тым, што мы маем!
на жаль, наведаць канцэрт не атрымалася, але сачыў за яго трансляцыяй у сеціве. прыйшлося даспадобы!
час хутка ляціць: гурт :B:N: выяглядае на сцэне ўжо ледзь не аксакалам рокерскай справы. рэлікт віншую з перамогай, хаця сам аддаў бы прыз гурту босаесонца.
дарэчы, патэнцыйны альбом гурта tonqixod у геаметрычнай прагрэсіі пабольшае колькасць іх прыхільнікаў.
далучаюся да рэдакцыйных падзякаў. Тонкіход вельмі спадабаўся, Рэлікт як заўжды апошнім часам на ўзроўні.
дзе Vinsent?
Рыхтуемся да наступнай цырымоніі!)
КАМЕНТАВАЦЬ