Belsat Music Live №14. Neuro Dubel — жывейшы за ўсіх жывых!
5022 / 0
08.04.2017

Belsat Music Live №14. Neuro Dubel — жывейшы за ўсіх жывых!

Госьці новага выданьня аўтарскай праграмы Сяргея Будкіна Belsat Music Live — старэйшыны беларускай панк-рокавай сцэны, гурт Neuro Dubel.

Драматычны надрыў — каб ажно сьлязу выбівала — замяшаны з поўным адрывам на мяжы з хуліганствам. Neuro Dubel стварае свой вар’яцкі сусьвет, які па-сутнасьці ёсьць адлюстраваньнем рэчаіснасьці. Пры ўсёй паказушнасьці на сцэне, творчасьць «дзюбелей» гранічна шчырая: маўляў, ня мы такія, жыцьцё такое. І Neuro Dubel жыве, хутчэй нават ня дзякуючы, а насуперак абставінам. І працягвае запісваць песьні, відэа і альбомы.

Музыкі жыўцом зайграюць гіты з свайго найноўшага альбому «На Марс!», а таксама анансуюць рэліз пад назвай «Першы». Таксама Аляксандар Кульлінковіч у размове зь Мірай Шульц распавядзе, як ён ставіцца да неабходнасьці быць публічнай асобаю ды якія плюсы і мінусы бачыць у актыўным карыстаньні сацыяльнымі сеткамі.

У праграме гучаць песьні:

«На Марс!»

«Першы»

«Диско»

«TUT.BY»

(музыка гурта «Neuro Dubel», словы Аляксандра Кульлінковіча)

15-е выданьне Belsat Music Live выйдзе ў этэр у наступную суботу, 15 красавіка. Гасьцямі праграмы будзе гурт Naka. Праграма выйдзе ў 20:30 (па беларускім часе) на тэлеканале «Белсат».

Tuzin.fm