Зьміцер Вайцюшкевіч на Belsat Music Live №20 (+новы анонс)
Зьміцер Вайцюшкевіч у студыі аўтарскай праграмы Сяргея Будкіна Belsat Music Live спраўляе 16-годзьдзе свайго WZ-orkiestra.
Вайцюшкевіч — з тых артыстаў, які зрабіў сябе сам. Ён пачынаў у складзе гурта «Палац» у пачатку 90-х, дадаўшы ў беларускія народныя сьпевы нетутэйшага калярыту. Свае музычныя пошукі ён працягнуў у гурце «Крыві» разам са сваёй першай жонкай Веранікай Кругловай. Пункт адліку ягонай сольнай кар’еры — нумар «Аргентынскае танга» ў «Народным альбоме». А пасьля ён сьпяе, магчыма самую важную песьню — «Я нарадзіўся тут» з аднайменнага праекту, пасьля якой вырашыць заснаваць уласны гурт WZ-orkiestra. Вайцюшкевіч дае канцэрты ў Чэхіі, Літве, Польшчы, ЗША ды Канадзе, але вельмі рэдка выступае ў сябе на Радзіме. Пасьля таго, як сьпявак падтрымаў Уладзімера Някляева на прэзыдэнцкіх выбарах-2010, ён фактычна сутыкнуўся з забаронай на прафэсію. Але выканаўца не складае рукі ды ідзе наперад.
У жывым сэце пачуем як прэм’еру, гэтак і песьні, зь якіх усё пачыналася. Чаму цяпер сонечнае рэгі гучыць, як смутны блюз? Чаму важна жыць тут і якою можа быць ідэальная Беларусь? Пра гэта з напраўду заслужаным беларускім артыстам пагутарыць Міра Шульц. Зьміцер таксама адкрыецца ў прыватным блёку размовы — раскажа пра досьвед, атрыманы ў трох шлюбах, і патлумачыць, чаму размаўляе са сваімі дзецьмі па-расейску.
Песьні, якія гучаць у праграме:
«Я нарадзіўся тут»;
(музыка і словы Лявона Вольскага)
«Сцяг»;
(музыка Зьмітра Вайцюшкевіча, словы Ўладзімера Някляева)
«Мора»;
(музыка Зьмітра Вайцюшкевіча, словы Ўладзімера Караткевіча)
«Нібыта музыка ня тая»;
(музыка Зьмітра Вайцюшкевіча, словы Ўладзімера Някляева).
21-е выданьне Belsat Music Live выйдзе ў этэр у наступную суботу, 27 траўня. Госьцем праграмы будзе этна-трыё «Троіца». Праграма выйдзе ў 20:30 (па беларускім часе) на тэлеканале «Белсат».
TuzinFM
КАМЕНТАВАЦЬ