«Цэльны Тузін» ад Міхала Анемпадыстава (+аўдыё)
Дызайнэр і паэт Міхал Анемпадыстаў назваў 12 найлепшых песень музычнага сэзону на TuzinFM.
Шчыра кажучы, я так і ня змог абраць 12 найлепшых з больш чым паўсотні прапанаваных кампазыцыяў. Вартых быць абранымі аказалася значна болей. Давесьці колькасьць фаварытаў па прынцыпе выпадковага адбору таксама не выпадала — я тут у якасьці дызайнэра, а дызайн пазьбягае выпадковых рашэньняў. Дызайн лягічны і функцыянальны. Звычайна, любая дызайнэрская праца пачынаецца з тэхнічнага заданьня — мне кажуць што, для каго і для чаго трэба запраектаваць. Гэтым разам тэхзаданьня не было, а толькі назва праекту. Мой прадукт павінен ёй адпавядаць і ўтвараць адно цэлае. Назва — неад’емная частка прадукту.
Такім чынам, тэхзаданьне я сфармуляваў сам, сыходзячы з назвы, і выглядае яно наступным чынам: абраць 12 твораў з гіт-параду на старонцы TuzinFM для летняга туру. І вось я, як тыпу дызайнэр, наступаю на горла ўласным упадабаньням і выбіраю 12 патэнцыйных гітоў для летняга плэй-лісту нейкай ідэальнай fm-станцыі. То бок, сьцяўшы зубы, але з чыстым сумленьнем выкрэсьліваю са спісу сваіх упадабаньняў творы зацягнутыя, складаныя для ўспрыняцьця, не адпаведныя фармату гіта фм-прасторы і сэзоннаму настрою.
Насамрэч Сяргей Будкін даваў мне наводку, як і што выбіраць… Але гэта не было тэхзаданьнем. Гэта былі крытэры — маё асабістае адчуваньне атмасфэры і стылю, гарманічнае спалучэньне, унікальнасьць, шанец застацца ў гісторыі… Гэта крытэрыі музычнага крытыка. А я тут у якасьці дызайнэра і для мяне галоўнае функцыянальнасьць і цэласнасьць «майго» тузіна. Мой прафэсійны абавязак вылучыць зь пералічаных вартасьцяў тыя, якія адпавядаюць генэральнай задачы і ахвяраваць тым, што не спрыяе яе рэалізацыі. Мае ўласныя ўпадабаньні ня маюць значэньня. Іх яўна зашмат і яны збольшага ірацыянальныя.
Таму я абраў творы, якія (як мне думаецца) маглі бы стаць гітамі ў ідэальнай беларускай фм-прасторы. Яны розныя па настроі і атмасфэры, але ў кожным зь іх ёсьць пазнавальны, дакладна рэтрансляваны мастацкімі сродкамі настрой і атмасфэра. Я не разглядаў у якасьці крытэру «ўнікальнасьць», некаторыя зь іх зусім не ўнікальныя, але гіт і ня мусіць быць унікальным. Затое большасьць зь іх упісваецца ў кантэкст беларускай культуры, што на маю думку важна, бо працуе на супольную карысьць і далёкасяжную пэрспэктыву. Што да шанца застацца ў гісторыі, то ён ёсьць у кожнага з нас і гэты шанец не вызначаецца адным творам.
Мэгатур-2017 на TuzinFM. Дызайнэры абіраюць! (+ 54 песьні)
Я ня ўпэўнены, што ёсьць сэнс у камэнтаваньні тых твораў, што трапілі ў канчатковы сьпіс. Я імкнуўся скласьці «свой» тузін як цэльны прадукт, дзе слабыя месцы адных твораў кампэнсуюцца іншымі, і наадварот. Важней агучыць найбольш частыя праблемныя, ці лепей сказаць, спрэчныя моманты. Спрэчныя на мой суб’ектыўны погляд. Вось яны:
Песьня — таксама сэзонны тавар. Гэта варта ўлічваць, абіраючы момант яе прэзэнтацыі. Хай сабе прыгожы, але зацягнуты пачатак кампазыцыі добра слухаецца ў канцэптуальным альбоме, для ўдзелу ў конкурсе гэта ня лепшая ідэя — песьня яшчэ не пачалася, а ўжо надакучыла. Шматлікія паўторы рэфрэну лепей пакінуць для бісаў на ўласным канцэрце — пры першых праслухоўваньнях незнаёмага твору яны найчасьцей раздражняюць.
Асобна варта сказаць пра другаснасьць музычных ідэяў, саўнду, манеры выкананьня… Музычныя трэнды нараджаюцца ня тут, ня ў нас, і нам застаецца толькі адпавядаць таму, што сёньня слухае ўвесь сьвет. Гэта рэальнасьць, і таму гэта нармальна. Але ўсім нам, спадзяюся, хочацца большага — унікальнасьці, самадастатковасьці, хочацца быць трэндмэйкерамі, а ня тымі, хто даганяе (і ніколі ня зможа дагнаць, бо ў культуры гэта азначае заўсёднае спазьненьне). Індывідуальныя прарывы рэдка, але здараюцца, але яны не зьмяняюць, на жаль, агульную карціну. Яна можа зьмяніцца толькі тады, калі наша музыка стане цэльнай і самадастатковай зьявай, калі ўтворыцца ўласны музычны і калямузычны кантэкст. І як мне падаецца, такі кантэкст паўстае.
Гэта, відаць, галоўнае і пазытыўнае ўражаньне, якое я атрымаў, праслухаўшы 54 заяўленыя творы. Абсалютная большасьць іх так ці інакш ужо ў кантэксьце. Радуюць тэксты песень — большасьць зь іх на вышыні, гэта ўжо ня простае рыфмаваньне паасобных словаў, а свабодныя палёты і падводныя плаваньні ў моўнай стыхіі. Ад некаторых тэкстаў я ў захапленьні. Радуе таксама колькасьць цытат, парафразаў, рэмэйкаў са зробленага папярэднікамі, ад Купалы да Вольскага. Гэта стварае ўласны кантэкст. Выдатна, што кавэры на старыя гіты, ня горшыя, а нават лепшыя за арыгінал.
Як, напрыклад, кавэр на «Я да жалю не пан» ад Snopsnoǔ. Хлопцы, дзякуй вам за цудоўную вэрсію, але мне не выпадае галасаваць за твор, да якога я сам спрычыніўся. Толькі з гэтай прычыны вас няма ў маім фінальным сьпісе. Таксама не выпадала цягнуць у сьпіс блізкіх сяброў, таму шанцаў туды патрапіць ня мелі Лявон, Піт, Алег Хаменка, IQ48. Выбачайце! Да слова, кампазыцыі Лявона і Піта, як на мой густ, занадта канцэптуальныя, альбомныя, а ня эфэмныя. У Алега безумоўна гіт. Гіцішча! У хлопцаў з IQ ёсьць пэўны самапаўтор, але рэфрэн супэр, як заўсёды. Спадзяюся, за вас усіх прагаласавалі іншыя. У любым выпадку вы там ужо кантэкстуальна прысутнічаеце.
Мой Тузін:
Антось Звычайны — Быў. Ёсьць. Буду
Ганна Крамэр — На станцыі Койданава
HandmadE — Мітушэньні
Ілюжан — Як ніколі раней
J:Морс — Блізка
Leibonik — Я рок-музыкант
Nizkiz — Небясьпечна
Recha feat. Марына Вярэніч — Ён і Яна
TipToe — Бай
Тутэйшыя — Чырвоны дыск Сонца
U.G.Oslavia — Фабрыка
Zatoczka — Каханьне
Міхал Анемпадыстаў, для TuzinFM
Даведка TuzinFM. Міхал Анемпадыстаў — дызайнэр, графік, паэт, публіцыст, фатограф. Нарадзіўся ў Менску 16 сакавіка 1964 году. Навучаўся ў Менскай мастацкай вучэльні (1979—1983), удзельнік суполкі «Майстроўня». Працуе ў галіне плякату, ужытковай і станкавай графікі, фатаграфіі і графічнага дызайну, зьяўляецца сябрам праўленьня Беларускага саюзу дызайнэраў. Яго творы экспанаваліся на выставах з 1987 году, першая пэрсанальная выстава адбылася ў 1993 годзе ў Бэрліне. Анемпадыстава можна лічыць адным з стваральнікаў нацыянальнай рок-паэзіі. Тэксты на яго вершы ўвайшлі ў рэпэртуар Касі Камоцкай і гурту «Новае Неба» (самыя вядомыя — «Мая краіна», «Чаканьне Калядаў», «Цэпэліны»), гурту N.R.M. («25, 26, 27…», «Lalalala»), Зьмітра Вайцюшкевіча, IQ48. Ён аўтар канцэпцыі і тэкстаў да «Народнага альбому» (1997), названага альбомам году ў беларускай музыцы на «Рок-Каранацыі». Таксама на гэтай цырымоніі быў адзначаны за «Ўнёсак у беларускую музыку» (1996), «Тэксты году» (1997) і спэцпрызам БАЖ (1997). Менавіта ён пераклаў польскія гіты часоў Салідарнасьці для праекту «Салідарны зь Беларусьсю» (2006). У 2006 годзе партал «Тузін Гітоў» прызнаў Міхала Анемпадыстава «Чалавекам году» — песьня ў ягоным перакладзе з польскай «Аўтабіяграфія» ў выкананьні Лявона Вольскага ды Ігара Варашкевіча стала гітом году, у тройку найлепшых песень трапіла таксама «Схаванае сэрца» яго аўтарства ў выкананьні гурта IQ48.
КАМЕНТАВАЦЬ