Прэмія «Героі году — 2017». Шорт-ліст у намінацыі «Адкрыцьцё» (+аўдыё)
7450 / 0
14.11.2017

Прэмія «Героі году — 2017». Шорт-ліст у намінацыі «Адкрыцьцё» (+аўдыё)

На 14-годзьдзе парталу TuzinFM 12 сьнежня пройдзе штогадовая музычная прэмія «Героі году», дзе будуць названыя адкрыцьцё і гурт году. Сёлета ў шорт-ліст намінацыі «Адкрыцьцё» трапіла пяцёра выканаўцаў.

У намінацыю «Адкрыцьцё году» трапляюць тыя выканаўцы, якія сёлета ўпершыню заявілі пра сябе ўсур’ёз. Пры гэтым яны могуць працаваць ня першы год, але трапіць у намінанты можна толькі адзін раз (у другой намінацыі «Гурт году» намінавацца можна бясконцую колькасьць разоў). Сьпіс намінантаў складае рэдакцыйная рада парталу TuzinFM. Улічваецца: актуальнасьць і арыгінальнасьць, наяўнасьць студыйных запісаў і музычных відэа, актыўнасьць у сацсетках, канцэрты, удзел у конкурсах і фэстывалях, супольная праца зь іншымі гуртамі. Важным крытэрам зьяўляецца таксама наяўнасьць беларускамоўных песень у рэпэртуары выканаўцы.

«Адкрыцьцё году» па вэрсіі TuzinFM называецца з 2007 году. Тады ім стаў рок-праект Пятра Ялфімава  PitBull, у 2008 — Tlusta Lusta, пасьля — The Toobes (2009), Akute (2010), Паліна Рэспубліка (2011), «Людзі на балоце» (2012). Узнагароду на прэміі «Героі году» атрымлівалі: Hurma (2013), Leibonik (2014), Pauline (2015), Intelligency (2016).

Сёлета на «Адкрыцьцё» намінуюцца 5 гуртоў (выканаўцаў):

Кацярына Ваданосава

Сьпявачка і кампазытарка Кацярына Ваданосава на беларускай сцэне не навічок. Яна пачынала з аўтарскай песьні, у 2009 годзе была сярод ляўрэатаў на «Бардаўскай восені» і буйным польскім фэсьце «OPPA», выступала з гуртом Alta Mente, але ўсур’ёз пра сябе заявіла ў новым гурце пад назваю Fantasy Orchestra зь якім летась запісала дэбютны альбом «Мітатворчасьць». Сёлета Кацярына з музыкамі актыўна давала сольныя канцэрты, брала ўдзел у музычных фэстах і ў грамадзкаважных імпрэзах, як Зьезд беларусаў сьвету і выстава «Страчаныя абліччы». Асобная размова пра ўдзел гурту ў праекце TuzinFM «(Не) расстраляная паэзія», для якога была створаная кранальная кампазыцыя на словы Алеся Дудара «Асыпае чэрвень белы сад». Сёлета музыкі таксама прэзэнтавалі дэбютны кліп «Я іду да цябе» і самотнік «Вясна». Іхны твор «Дзікае паляваньне» прызнаны песьняй месяца на «Радыё Сталіца». Акром таго Каця прэзэнтавала сёлета зборнік паэзіі, правяла шэраг канцэртаў у філярмоніі, зьнялася ў новым кліпе Re1ikt ды была названая «дзяўчынай Большого».

Helious

Акустычны дуэт, заснаваны летась студэнткамі Акадэміі мастацтваў Марыяй Гаўрыленкай і Алінай Казачэнкай, сёлета зрабіў вялікі крок наперад. У канцэртным варыянце яны пашырыліся да трыё (далучыўся Ігар Асідчанка з кахонам), а ў студыйным варыянце — да электрычнага гурту. З саўндпрадусарам Андрэем Акатавым яны запісалі свой дэбютны сынгл, зь якім атрымалі перамогу на конкурсе «Засьпявай 4x, які праводзіць TuzinFM разам з фондам «Вяртаньне». Неўзабаве на гэтую песьню рэжысэр Арцём Лобач здыме кліп. Дзяўчатам скарылася сёлета яшчэ і  «Бардаўская восень», яны атрымалі адзін з прызоў фэсту — ад журы.

Mikita

Музычны праект гарадзенца Мікіты Ігнаценкі, які зьехаў быў вучыцца і працаваць у Расею. МІкіта скончыў ГИТИС, паўдзельнічаў у шэрагу музычных і тэатральных праектаў, на пэўны час стаў вакалістам гурту Triangle Sun зь якім узяў удзел у праграме «Вечерний Ургант», але не пабаяўся вярнуцца на Радзіму і пачаць фактычна з нуля. Цяпер ён робіць глыбокадумную электронную музыку з тэкстамі на беларускай мове. У ягоным даробку — кліп на дэбютны трэк «Лёс», здымкі ў Belsat Music Live, нечаканы кавэр на Naviband і новае музычнае прачытаньне верша Яўгеніі Янішчыц, дэбютны EP зь пяці песень. Mikita выступаў сёлета на галоўнай сцэне фэсту Vulitsa Ezha, стаў хэдлайнэрам Beerbus Party у роднай Горадні, узяў удзел у Stolovka Fest ды даў некалькі сольных канцэртаў.

The Glichhh

Інструмэнтальны гурт, які міксуе шугейз з мэталам, а пост-рок зь індзі-музыкаю, працуе на сцэне ўжо чацьверты год. Да гэтага музыкі запісалі некалькі сынглаў і EP, у адным зь якіх назвалі сябе кантрабандыстамі. Летась хлопцы трапілі ў конкурс на «Басовішча», запомніліся сваім выступам, але прызу ня ўзялі. Затое пазнаёміліся са сьпявачкаю з гурту Ilo&friends Ілонай Карпюк, зь якой запісалі сумесны трэк. Паралельна ўдзельнік каманды, выдатны гітарыст Яўген JJ OK Зыковіч зьвярнуў на сябе ўвагу сольнай працаю. Урэшце рэшт напрацоўкі ды ідэі за чатыры гады былі скарыстаныя для дэбютнага альбому «Cordyceps», які пабачыў сьвет сёлета. Акром Ілоны ў ім паўдзельнічалі таксама вакалісты Plumbum, Tok Rukoo і zolki band. На два трэкі з альбому зьнятыя кліпы — «Trap» і «Eclipse».

MorkvoЦвет

Павал Рыжкоў і Яўген Белановіч граюць разам чацьверты год, але менавіта гэты музычны сэзон для іх стаў вызначальным у творчасьці. Летась увосень музыкі прэзэнтавалі на TuzinFM першы студыйны трэк у сваёй гісторыі — «Дождж», трапілі ў фінал «Бардаўскай восені — 2016», а сёлета прэзэнтавалі самотнік «Паведамляйце», сумесны трэк зь піцерскай камандай «Гафт», зьнялі небанальны кліп на песьню «Звар’яцелы генэрал», а ў кастрычніку выдалі дэбютны альбом. Музыкі актыўна канцэртуюць, прычым ня толькі ў Менску. Яны выступалі ў 2017-м таксама ў Магілёве, Віцебску, Горадні, Бабруйску, Гомелі.

Па традыцыі пераможца ў намінацыі «Адкрыцьцё году ў беларускай музыцы» па вэрсіі TuzinFM будзе названы на прэміі «Героі году».

НАБЫЦЬ КВІТОК

Прэмія «Героі году» адбудзецца 12.12.2017 у Macho club (комплекс «Журавінка», вул. Янкі Купалы, 25). Пачатак у 19:00. Даведкі па тэл. +375 29 687-20-93. 

Кошт квіткоў:

Першыя 20 на танцпляц — 10 руб.

Першыя 20 за столік — 15 руб.

Да абвяшчэньня ўдзельнікаў канцэрту (27.11) — 15 руб. (танцпляц), 20 руб. (столік)

Папярэдне — 20 руб. (танцпляц), 25 руб. (столік)

На ўваходзе — 25 руб. (танцпляц), 30 руб. (столік) — пры наяўнасьці

TuzinFM