Топ-12 новых трэкаў зімы 2018-га (аўдыё)
На TuzinFM — агляд прэм’ераў ад беларускамоўных музыкаў. Новыя трэкі ад Akute, Mikita, Shuma, Yellow Power, Сержука Сокалава-Воюша, Ільлі Фаляжынскага ды іншых.
Упершыню ў XXI стагодзьдзі адзін са знакавых беларускіх рок-гітоў «Мая краіна» прагучаў у электрычнай вэрсіі. Здарылася гэта ня з радаснай нагоды — у памяць аб аўтары гэтага ды яшчэ мноства іншых знакавых тэкстаў Міхала Анемпадыстава, які раптоўна пайшоў у іншы сьвет. Вэрсія 2018 году запісаная ўжывую ў студыі праграмы Belsat Music Live. Да сьпявачкі і аўтаркі музыкі Касі Камоцкай далучыўся склад Лявона Вольскага. У межах праграмы былі адноўленыя таксама знакавыя творы на словы Міхала ў выкананьні ўласна Вольскага і Зьмітра Вайцюшкевіча.
Гурт Akute прэзэнтаваў новы сынгл «Усе песьні сьпетыя», у якім дэманструе новае гучаньне. Фактычна музыкі працягваюць экспэрымэнты з электронікай, як і ў папярэднім трэку «Я цябе пакахаў». Аказваецца, Стасу Мытніку падаравалі сынтэзатар. Ён ім настолькі захапіўся, што карэнным чынам адбілася на музыцы каманды. Але пры гэтым Akute захавалі сваю атмасфэру дэкадэнцтва.
Між тым у беларускім пост-панку зьявілася новае імя — менскі беларускамоўны гурт Nürnberg выдаў узімку свой дэбютны альбом. Прычым якраз у Нямеччыне ды яшчэ і на касэце. У інтэрвію TuzunFM хлопцы прызналіся, што іх цікавіць дэпрэсіўны стан і ўнутраная барацьба, а натхняе шэрае навакольле і ўсеагульная стома. Назву EP даў трэк «U nikudy».
У рэпэртуары праекту Shuma зьявіўся першы аўтарскі тэкст. Крок быў вымушаны — Руся з Аляксеем Будзько вырашылі паўдзельнічаць у беларускім адборы на «Эўравізію», а там паводле правілаў ня можна пяяць чыста народныя сьпевы. Праблему вырашылі з дапамогаю літаратара Макса Шчура. У выніку перапрацоўкі тэксту былі захаваныя фанэтычныя асаблівасьці, назва, сэнс, мэлёдыка і першы радок. Песьня набрала на Soundcloud ужо мае пад 50 000 праслухоўваньняў, рэкорд для беларускамоўных трэкаў у гэтай сетцы. «Хмаркі» была безумоўна найлепшай на адборы, але арганізатары конкурсу зрабілі так, каб яна не перамагла.
Новы самотнік у прадчуваньні вясны прэзэнтаваў праект Mikita, адкрыцьцё году ў беларускай музыцы на прэміі «Героі году — 2017». Стылістычна трэк вызначаны, як «цёплы беларускі трапікал-гаўс» і прысьвячаецца ўсім тым, хто стаміўся ад вечнага холаду. У стварэньні песьні акром лідэра праекту Мікіты Ігнаценкі ўзялі ўдзел Даніла Яцэвіч і Максім Гетман.
Гэтаю зімою быў прэзэнтаваны музычны твор, які прэтэндуе на тое, каб звацца першай песьняй на беларускай мове ў стылю госпэл. Кампазыцыю «Сьвята каханьня» стварыў Павал Швэдаў разам зь менскім госпэл-хорам да дня сьвятога Валянціна. Саліруюць Ярына Прыходзька, Анастасiя Панова i Вольга Вiшняк.
Узімку 2018-га свой дэбютны альбом «Цяпло» прэзэнтаваў гурт Yellow Power, пра які ад моманту перамогі на фэсьце «Басовішча-2011» не было практычна нічога чуваць. Аказалася, што за гэты час музыкі працавалі над сабою як разам, так і самастойна: бубнач зрабіў свой праект ды зьезьдзіў у Амэрыку, вакаліст займаўся сваімі гукавымі экспэрымэнтамі. З альбому вылучаецца песьня пра вожыкаў, бо яна непадобная да іншых трэкаў: радасная ды абсурдысцкая, узьнёслая ды непасрэдная. Музыкі кажуць, што ў нейкім сэнсе гэтая песьня і пра іх саміх, якія нарэшце выпаўзаюць са свайго андэграўнду. Цалкам альбом можна паслухаць і спампаваць у суполцы каманды.
Музыка і паэт Міхал Бараноўскі працягвае працу над сваім электрычным праектам NZ. Узімку ён прэзэнтаваў сынгл «Холадна», у запісе якога паўдзельнічала сьпявачка Надзея Процька (Pawa). Песьня паўстала ў выніку пранізьлівага адчаю, які напаткаў аўтара ў чаканьні вясны. Далей Міхал анансуе яшчэ парачку новых псыхадэлічных кампазыцыяў, а таксама панкаўскі нумар на словы Янкі Купалы. Сачыць за электрычным праектам лідэра гурту «Нельга забыць» можна праз афіцыйную суполку.
Праект мэханіка з Трактарнага заводу Аляксандра Віскуна KaS гэтаю зімою стаў гуртом. Музыкі зьбіраюцца даваць канцэрты і запісваць у студыі песьні. Дэбютны сынгл каманды — «Валацуга». Песьня напісаная пад уражаньнем ад гісторыі сяброў, якія маглі кінуць усё ды паехаць зь невялікаю сумаю грошай вандраваць па сьвеце. «Жыцьцё — гэта ня проста пражытыя дні, а тыя, якія можна згадаць з прыемнасьцю», — з такою думкаю Аляксандар пісаў сваю песьню. Сачыць за далейшымі посьпехамі музыкаў можна праз афіцыйную суполку.
Піцерскі гурт «Тесто» прэзэнтаваў на TuzinFM беларускамоўны сынгл — «Пайшла дзяўчына». Кіраўнік каманды Яўген Вікі распавёў, што запісаў гэтую песьню прыканцы 1990-х гадоў у Смаргонскім раёне Гарадзенскай вобласці, дзе жылі ягоныя бабця зь дзедам. Гэта традыцыйны вясельны сьпеў, які выконвала дзяўчына, калі пераяжджала ў іншы дом. Агулам жа гурт «Тесто» ўжо дзевяць гадоў стварае музыку, заснаваную на народных сьпевах — расейскіх і памежных (напрыклад, Бранскай і Пскоўскай абласьцей), зьмешваючы іх з сучаснымі жанрамі, такімі як фанк, драм-н-бэйс, брэйкбіт, індзі-рок ды іншымі.
«Ім зручна ў культуры заілганай: там скалабанна…». Свой новы твор, у якім сярод іншага абыгрываецца прозьвішча менскага ідэоляга, у рэдакцыю TuzinFM даслаў адзін з пачынальнікаў нацыянальнай аўтарскай песьні — Сяржук Сокалаў-Воюш, які з пачатку 1990-х жыве за мяжою. Трэк завецца «Неадэкват» і прысьвячаецца ўсім, хто змагаецца за беларускую справу — Ніне Багінскай, гурту Dzieciuki, «Беламу легіёну», змагарным графіцістым. «Даўно ўжо стараюся дагрукацца… „Адзін на барыкадзе…“, „Годзе! До!“, „Змагарныя графіці“… Шмат яшчэ. Усё марна. А можа пытаньне ў адэкватнасьці — неадэкватнасьці? Рыбіна ж гніе ня толькі з галавы… безгаловая рыбіна…» — адзначыў Сяржук у прадстаўленьні песьні. Запіс быў зроблены Славамірам Сокалавым. Аўтар таксама дзячыць Станіславу Сокалаву за знойдзенае ім слова «неадэквандо».
Сваё новае гучаньне прадэманстраваў Ільля Фаляжынскі ў песеньцы «Запаветны клюб». Гэты ды іншыя новыя творы выканаўцы ўвайшлі ў EP, названы якраз па радку з гэтае песьні — «Ці возьмеш мяне?». Ільля напісаў яго пад уплывам ад перажытай гісторыі каханьня, а таксама прагляду фільму «Fight Club». Аранжаваў кампазыцыі саўндпрадусар Дзьмітры Матуйза, а запіс адбыўся на той самай студыі, дзе вялася праца над дэбютнікам Ільлі «Схавацца ў туман» на Mapletree Studio з гукаапэратарам Алегам Даманчуком.
Паслухаць прэм’еры песень беларускіх выканаўцаў можна ў аўтарскай праграме кіраўніка TuzinFM Сяргея Будкіна «Музыка тыдня» на «Беларускім Радыё Рацыя» (98,1 FM у Беластоку і Горадні, 99,2 FM у Берасьці, он-лайн — www.racyja.com) штотыдня ў аўторак у 20:05 з паўторам у нядзелю ў 11:05 (па беларускім часе).
Увага музыкам! Калі пра вашую прэм’еру не згадалі ў нашых аглядах, магчыма вы забыліся паведаміць пра яе існаваньне нам на мэйл 12tuzin@gmail.com. Дасылайце свае трэкі, інфармацыю пра трэк/кліп/рэліз ды фота. Перавагу аддаём песьням на беларускай мове. Пра новыя цікавыя беларускія трэкі таксама можна паведамляць у камэнтарах да гэтага матэрыялу.
Яшчэ:
ТОП-12 НАВІНАК ВОСЕНІ/ЗІМЫ-2017. ROCK/RAP/FOLK
ТОП-12 НАВІНАК ВОСЕНІ/ЗІМЫ-2017. INDIE/POP/SONGWRITER
TuzinFM
КАМЕНТАВАЦЬ