Топ-12 Улады Сяньковай. Песьні, якія кранаюць душу (аўдыё)
2960 / 0
19.06.2018

Топ-12 Улады Сяньковай. Песьні, якія кранаюць душу (аўдыё)

Кінарэжысэрка Ўлада Сянькова склала свой рэйтынг найлепшых песень сэзону на TuzinFM. Плэйліст выйшаў лірычным, мінорным, а месцамі драматычным, патрыятычным, паэтычным і натхняльным.

Я музыку больш успрымаю душою, чым глыбокім пазнаньнем у жанрах ці чыстых нотах. Таму мой плэй-ліст грунтуецца на маім асабістым успрыняцьці. Ён складзены хутчэй не для публікі, а для сябе любімай. Лірычным, мінорны, месцамі драматычны і патрыятычны, паэтычны і натхняльны. Эмоцыя — гэта тое, чым я кіравалася пры складаньні сьпісу. Магчыма таму ў топ-12 увайшло шмат песень з праекту «(Не) расстраляная паэзія». Немагчыма спакойна слухаць лісты паэтаў, жыцьцё якіх так рана абарвалася, да нас у будучыню. Тут і балючая споведзь Валерыя Маракова празь цьвёрдую характарам песьню Naka «Адыйшоўшым», і прызнаньні Анатоля Вольнага праз усім ужо вядомы саўнд Akute — «Я цябе пакахаў». і змрочны тэкст пра восень Цішкі Гартнага ў безкампрамісным трэку N.O.I.R./Stern «Восень», і разьвітаньне зь юнацтвам Ізі Харыка ў пяшчотнай песьні Сьвятланы Бень «У шэрым змроку», і цікавая актуальная размова Вінсэнта зь Зямам Піваваравым у злабадзённым трэку «Мэтрапалітэн», і неверагодна кранальная, да болі пранізьлівая, што проста расчульвае да сьлёз песьня Vuraj «Настроі» на словы Юркі Лявоннага і кампазыцыя, якая завяршае цыкль — запавет Вацлава Ластоўскага ў мэлянхалічнай, але жыцьцясьцьвярджальнай песьні «Пішы» гурта «Закон Гука».

Разбаўляе ўвесь гэты настрой лірычная споведзь пра каханьне «Мэтро» ад гурта «Мутнаевока», стылёвая «Новае кіно» ад Uzari, «Нёман»Teleport, ад якой сыходзіць ідылія і яшчэ адна песьня Akutе, якая дае надзею — «Крок уперад». Фіналам усяго гэтага падкасту — этнічная, самабытная, такая энэргетычная ды моцная духам песьня этна-трыё «Троіца». Бо мы ўсе раней ці пазьней сыдзем, а зіма зь летам застануцца.

Vuraj — Настроі

Akute — Я цябе пакахаў

Naka — Адыйшоўшым

N.O.I.R./Stern — Восень

Мутнаевока — Мэтро

Teleport — Нёман

Akute — Крок уперад

Сьвятлана Бень — У шэрым змроку

Uzari — Новае кіно

Закон Гука — Пішы

Vinsent — Мэтрапалітэн

этна-трыё Троіца — Зіма зь летам

Даведка TuzinFM. Улада Сянькова нарадзілася ў 1986 годзе ў Віцебску. Скончыла БДУ (2010) і кінашколу Андрэя Палупанава (2013). Рэжысэрка і сцэнарыстка фільмаў «Граф у апэльсінах» (2015), «From a Great Height» (2017),  аўтарка сцэнару да кароткамэтражных фільмаў «Жыцьцё ў мініяцюры» (2012) і «Жыцьцё ў клятчастай сумцы» (2012). За фільм «Граф у апэльсінах» была адзначаная дыплёмам «За сьмелы і сьвежы погляд» на МКФ «Лістапад» і спэцыяльным прызам на МКФ у Котбусе (Нямеччына).

Улада Сянькова, для TuzinFM, фота Мікалая Казлоўскага