«(Не)расстраляныя». Відэавэрсія канцэрту (прэм’ера!)
10160 / 0
24.09.2018

«(Не)расстраляныя». Відэавэрсія канцэрту (прэм’ера!)

На TuzinFM прэм’ера відэавэрсіі канцэрту «(Не)расстраляная паэзія», які прайшоў 29 кастрычніка 2017 году ў менскім клюбе «Брюгге».

У канцэрце ўзялі ўдзел 11 выканаўцаў. Усе яны прэзэнтавалі песьні на вершы беларускіх паэтаў, большасьць зь якіх была расстраляная ў ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 году. На музыку былі пакладзеныя творы Валерыя Маракова, Алеся Дудара, Анатоля Вольнага, Міхася Чарота, Зямы Піваварава ды іншых. «Лічу гэты праект вельмі істотным, бо нельга замоўчваць той факт, што было вынішчана большасьць таленавітых беларускіх аўтараў 1930-х. Вельмі шкада, што пра гэта сёньня мала гавораць», — зазначае адзін з удзельнікаў канцэрту Лявон Вольскі.

Акром 11 трэкаў, якія былі запісаныя ў клюбе «Брюгге», да відэавэрсіі «(Не)расстралянай паэзіі» далучаная кампазыцыя Сьветы Бень на словы Ізі Харыка. Сьпявачка ня здолела ўзяць удзел у канцэрце, але прэзэнтавала песьню раней — на адкрытай лекцыі, прысьвечанай паэту, у кнігарні «Логвінаў». Усе песьні праекту ў студыйнай вэрсіі можна паслухаць тут.

У верасьні стартавала другая частка праекту, у межах якой выйдзе кніжнае выданьне з музычным дадаткам, пройдуць новыя лекцыі з выступамі музыкаў у Менску і прэзэнтацыі ў рэгіёнах. Першая імпрэза пройдзе 2 кастрычніка ў Менску. У кнігарні «Логвінаў» дасьледчык літаратуры Віктар Жыбуль прачытае адкрытую лекцыю пра паэта Сяргея Астрэйку, песьню на ягоны верш ужывую зайграе гурт Zanzibar. А 7 кастрычніка ў прасторы «Дом 46» у Горадні лекцыю пра Майсея Кульбака прачытае Вольф Рубінчык. Увесь расклад лекцыяў тут.

Замовіць кнігу з CD праекту «(Не)расстраляныя» на Ulej.by

TuzinFM, фота Марыны Серабраковай, budzma.by