!OUT: тузін шлягераў, пазбаўленых аўтараў (аўдыё, відэа)
14548 / 9
26.12.2013

!OUT: тузін шлягераў, пазбаўленых аўтараў (аўдыё, відэа)

Адмысловы рэйтынг Tuzin.fm. ТОP-12 cамых знакамітых беларускіх аўтарскіх кампазыцыяў, якія лічацца народнымі ці прыпісваюцца зусім ня іх стваральнікам.

Прынята лічыць, што найвышэйшую ўзнагароду, сымбаль поўнага прызнаньня кампазытар атрымоўвае тады, калі створаны ім твор становіцца народным. На імя творцы людзі нават могуць забыцца… па розных прычынах. Але ж адшукайма аўтараў 12-ці агульнавядомых песень!

1. «Купалінка»

(муз. Ул. Тэраўскі — сл. народныя, апр. М. Чарот)

Візытоўка беларускага фальклёру належыць пяру Ўладзімера Тэраўскага. Дасьледаваньне на гэты конт правёў сучасны кампазытар Максім Іўкін. Па сутнасьці, усім вядомы твор зьяўляецца фрагмэнтам музычнага спэктаклю «На Купальле», які быў пастаўлены ў Беларускім дзяржаўным тэатры (цяперашнім Купалаўскім) і карыстаўся вялікай папулярнасьцю ў 1920-я гады, пакуль аўтара музыкі не рэпрэсавалі. Тэраўскі і Чарот былі расстраляныя з розьніцай у год. Натуральна, што іх імёны тагачасныя ўлады паспрабавалі выкрасьліць з гісторыі. Дадамо, што той жа спадар Тэраўскі, ураджэнец Случчыны, напісаў музыку да «Ваяцкага маршу» — нацыянальнага гімну БНР. На канцэртах у Менску «Купалінку» выконвалі нават Deep Purple. А джазавых адаптыцыяў гэтага шлягеру не зьлічыць.

«Купалінка» гучыць падчас сольнага сэта клявішніка Дона Эйры на канцэрце Deep Purple, Менск, Палац спорту, 2011   

2. «Шумныя бярозы»

(муз. Ул. Тэраўскі, Р. Пукст — сл. Янка Купала)

Улюбёную песьню Васіля Быкава дагэтуль часта ці то залічаюць да народных, ці то пазначаюць у якасьці аўтараў-апрацоўшчыкаў Рыгора Пукста й Канстанціна Паплаўскага. Ёсьць вэрсія, што ноты на тэкст Янкі Купалы напісаў той жа Ўладзімер Тэраўскі. Пры Саветах працаваў ня толькі мэтад выкрэсьліваньня, але й замяшчэньня: імёны адных аўтараў замяніліся іншымі. Цалкам верагодна, што песьня Тэраўскага прыжылася ў народзе, а Пукст, як і пазначана ў даведніках, запісаў яе падчас экспэдыцыі на Гомельшчыну, ня ведаючы пра сапраўднага аўтара. Менавіта такой думкі прытрымліваецца згаданы дасьледчык Максім Іўкін. Дадамо, што дзядуля сёньняшняга арт-хулігана Сяргея Пукста слаўны таксама сваёй інтэрпрэтацыяй «Перапёлачкі».

Данчык і Лявон Барткевіч выконваюць «Шумныя бярозы», Менск, Белдзяржфілярмонія, 1989

3. «Зорка Вэнэра»

(муз. С. Рак-Міхайлоўскі — сл. М. Багдановіч)

Музычнае вырашэньне «Рамансу» Багдановіча працяглы час лічылася ананімным. Дзякуючы дасьледчыкам, імя аўтара вернутае. Кім толькі Сымону Рак-Міхайлоўскі не давялося быць: пэдагогам у Віленскай беларускай гімназіі, жаўнерам на Румынскім фронце, сябрам Рады БНР, дэлегатам Першага Ўсебеларускага зьезду, дырэктарам Беларускага дзяржаўнага музэю… Ён жыў у Маладэчне, Менску, Барунах, Горадні, Феадосіі, на Салаўках… Трапляў у турмы пры цары, пры паляках, пры Саветах. Між іншым, захаваўся яго турэмны дзёньнік з падрабязным апісаньнем галадоўкі. Аўтара музыкі да «Зоркі Вэнэры» расстралялі ў Менску ў 1938-м як польскага агента.

ВІА «Дойліды»(«Зодчие») выконвае «Зорку Вэнэру» ў тэлепраграме «Алло, мы ищем таланты», Масква, 1970 

4. «Люблю наш край»

(муз. М. Равенскі — сл. К. Буйла)

У шырокавядомай «Анталёгіі беларускае народнае песьні» Цітовіча песьня «Люблю наш край» на словы ўраджэнкі Вільні Канстанцыі Буйлы зьмяшчалася як ананімны музычны эпіграф да зборніка. Справа ў тым, што аўтар музыкі Мікола Равенскі пасьля вайны апынуўся ў эміграцыі, а на Радзіме быў абвешчаны калябарацыяністам. Да тых падзеяў кампазытар Равенскі, як і калега Тэраўскі, кіраваў хорамі, удзельнічаў у фальклёрных экспэдыцыях, апрацоўваў народныя сьпевы, выдаваў нотныя зборнікі, выкладаў у кансэрваторыі. Апынуўшыся ў Бэльгіі, Мікола Равенскі стварыў хор са студэнтаў-беларусаў, зь ім даў шмат канцэртаў у Заходняй Эўропе і запісаў шэраг грамафонных плытак. Яго дачка Вольга, якая засталася ў Менску і сьпявала ў хоры Віктара Роўды, напачатку нават ня ведала, што агульнабеларускі духоўны гімн «Магутны Божа» таксама напісаў ейны бацька.

Вераніка Круглова і супольны праект «Я нарадзіўся тут», 2000

5. «Рушнікі»

(муз. М. Пятрэнка — сл. народныя, апр. В. Вярба)

На першым дыску-гіганце ВІА «Песьняры» дадзеная песьня пазначаная як народная. Але ж «саткалі» славутыя на ўвесь былы Саюз «Рушнікі» абсалютна канкрэтныя людзі: кампазытар-самавучка Мікалай Пятрэнка ды паэтка Вера Вярба (сапраўднае імя Гертруда Сакалова). Ад пачатку 1960-х пані Вярба выдала не адзін зборнік сваіх вершаў, у тым ліку для дзяцей; паэтка памерла ў Менску ў 2012 годзе. А зборнік песьняў Пятрэнкі на вершы беларускіх паэтаў выйшаў у 1997 празь некалькі месяцаў пасьля скону кампазытара. Між іншым, колісь ён выкладаў беларускую мову і літаратуру ў Полацкай пэдагагічнай вучэльні. Як адзначае пісьменьнік Уладзімер Арлоў: «Тысячы выхаванак і выхаванцаў здабылі ў яго ня толькі веды, але навучыліся галоўнаму — любіць Радзіму. Не СССР, а — Беларусь».

ВІА «Песьняры» выконваюць «Рушнікі», Калённая заля Дому Саюзаў, Масква, 1970

6. «На што бабе агарод»

(муз. А. Туранкоў — сл. Янка Купала)

На другой вялікай плытцы «Песьняроў» як цалкам народны сьпеў пазначаная песьня «На што бабе агарод». Янка Купала напісаў гэты стылізаваны пад фальклёр верш у 1906 годзе і назваў «Прыпеўкай». А на музыку яе паклаў кампазытар Аляксей Туранкоў. Зразумела, Мулявін і кампанія выконваюць твор у сваёй адметнай аранжыроўцы. Што тычыцца Туранкова, то аналягічна з Равенскім падчас Другое сусьветнае вайны ён заставаўся на акупаванай тэрыторыі. Але пасьля трапіў не за мяжу, а ў ГУЛАГ, дзе ледзь не памёр ад голаду. Асабовая справа Туранкова захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.

ВІА «Песьняры» выконвае «На што бабе агарод», запіс 1972

7. «Колькі ў небе зор»

(муз. і сл. А. Шыдлоўскага)

У 2011 годзе ў Горадні адзначылі стагодзьдзе Аляксандра Шыдлоўскага. Сам кампазытар не дажыў да яго дзевяць гадоў. Выпушчаная кампіляцыя яго песень пад назовам «Колькі ў небе зор». Усяго на рахунку Шыдлоўскага больш за 200 твораў. Музычную дзейнасьць ён сумяшчаў з палітычнай: удзельнічаў у падпольным нацыянальным руху, за што быў выключаны зь Віленскае гімназіі, неаднойчы арыштоўваўся, сядзеў у турме. У 1928 годзе ён стаў інструктарам беларускага парлямэнцкага клюбу ў польскім Сойме «Змаганьне». А праз 10 гадоў разам з братам стварыў апошнюю ў Польшчы легальную беларускую арганізацыю — Беларускае культурнае таварыства ў Варшаве. Адначасова Шыдлоўскі зьбіраў народныя песьні, апрацоўваў іх, сьпяваў у хоры Рыгора Шырмы. З 1950 году Аляксандар Шыдлоўскі жыў у Горадні, дзе стварыў некалькі песенных калектываў.

Хор беларусаў Кліўлэнду (ЗША) выконвае «Колькі ў небе зор»

8. «Когда я на почте служил ямщиком»

(муз. Я. Прыгожы — сл. Ул. Сыракомлі, пер. Л. Трафалёва)

Тэкст гэтае «расейскае народнае песьні» зьяўляецца перакладам вершу Ўладзіслава Сыракомлі «Pocztylion», напісанага па-польску ў 1844 годзе. Як вядома, Сыракомля карыстаўся і беларускай, і польскай мовамі. Сюжэт заснаваны на рэальнай гісторыі, якую паэт пачуў у мястэчку Мір у карчме паблізу касьцёла. Паводле аднае вэрсіі, жудасны інцыдэнт з паштаром і яго каханай здарыўся на тракце Пецярбург — Варшава. Згодна з другой — на старадаўняй дарозе між Мірам ды Нясьвіжам ля вёскі Семакава. Лёс самога Ўладзіслава Сыракомлі таксама склаўся трагічна: напрыканцы 50-х гадоў XIX стагодзьдзя расейскія ўлады ўсталявалі за ім сакрэтны нагляд. А пасьля выступу на патрыятычнай маніфэстацыі ў Коўне паэта арыштавалі і зьняволілі ў віленскай вязьніцы. Ён памёр у часе сьледзтва. Пахаваны на могілках Росы ў Вільні. У Міры маецца прыватны музэй названае песьні.

Народны артыст СССР Сяргей Лемешаў выконвае «Когда я на почте служил ямщиком», запіс 1940

9. «Андрюша»

(муз. З. Беластоцкі — сл. Л. Старскі, пер. П. Лешчанка)

Як вынікае з прозьвішча, кампазытар Зыгмунд Беластоцкі нарадзіўся ў Беластоку. Тады, у 1887 годзе, горад уваходзіў у склад Гарадзенскае губэрні. Пан Зыгмунд пачынаў простым тапёрам у кінатэатры, а пасталеўшы, пачаў пісаць музыку для гукавога кіно. Зь сярэдзіны 20-х гадоў ён працаваў музычным кіраўніком у розных тэатрах-рэвю ў Лодзі ды Варшаве. Адным з гітоў Беластоцкага напачатку 30-х гадоў стаў «Andrjusza». Арыгінальны тэкст гэтага факстроту пачынаецца з радкоў: «Ech, Rassija, już dzisiaj ty niczyja. Gdzie czasy dawne i slawne te dni? (Эх, Расея, ужо цяпер ты нічыя. Дзе даўнія часіны і слаўныя дні?)» У вобразе п’янага Андрушы з гармонікам пазнаюцца тыповыя рысы расейца з пункту гледжаньня паляка. У сваёй вэрсіі «Андрушу» запісаў сьпявак-эмігрант Пятро Лешчанка. Песьня загучала на ўвесь СССР і пачала лічыцца народнай. Падчас Другое сусьветнае вайны кампазытар Зыгмунд Беластоцкі апынуўся у гета, дзе і загінуў. Прычым, дакладная дата сьмерці застаецца невядомай.

Расейскі і румынскі эстрадны сьпявак Пятро Лешчанка выконвае «Андрюшу», запіс 1934

10. «В лесу родилась ёлочка»

(муз. Л. Бэкман — сл. Р. Кудашавай)

Тэкст найвядомейшае на постсавецкай прасторы навагодняе песенькі напісала спадкаемніца беларускага княжацкага роду Гедройцяў Раіса Кудашава. Яны жыла ў Маскве й у 1903 годзе апублікавала свой верш «Ёлка» ў дзіцячым часопісе. У арыгінальнай вэрсіі налічвалася 56 радкоў. Праз 2 гады верш паклаў на музыку адмыслова для сваёй дачкі аграном Леанід Бэкман, які нават ня ведаў нотнае граматы. Пані Гедройць дазналася, што ейны верш стаў усенародным гітом, толькі ў 1921 годзе, калі, едучы ў цягніку, пачула, як маленькая дзяўчынка сьпявае пра тую самую яліначку. Існуюць пераклады сьпеву на ангельскую, нямецкую, навагрэцкую, азэрбайджанскую, фінскую, латыскую, украінскую мовы. Пэўна, упершыню на беларускую мову песьню Раісы Кудашавай пераклаў Янка Купала.

Дзяржаўны камэрны хор Беларусі выконвае «В лесу родилась ёлочка»,  Андэрлехт, Бэльгія, 2013

11. «Бывайце здаровы»

(муз. І. Любана — сл. А. Русака)

Сьпеў «Бывайце здаровы» лічаць сваёй ня толькі расейцы, але й украінцы. Існуе варыянт ажно на летувіскай мове. Але факт ёсьць факт: першыя радкі сьпеву Адам Русак напісаў у 1936 па вяртаньні з роднае вёскі Пясочнае, што на Капыльшчыне, у Піцер. А першым выканаўцам «Бывайце здаровы» стала маці Адама Русака, якая паклала словы сына на вядомы ў Пясочным вясельны матыў. Паралельна сваю мэлёдыю на «Бывайце здаровы» прыдумаў сакурсьнік Русака па Менскім музычным тэхнікуме Ісак Любан. Ва ўсіх першых публікацыях «Бывайце здаровы» называлася як народны, ананімны сьпеў. Перакладзеная на расейскую мову Міхаілам Ісакоўскім, яна бесьперапынна гучала па радыё і выдавалася вялікімі тыражамі на грампласьцінках. Тады ўжо ў расейскіх выданьнях пазначалася, што аўтарам музыкі зьяўляецца Любан, а вершаў Ісакоўскі. Пра паэта Адама Русака ўвогуле ані слова. Неўзабаве адбылося паседжаньне Саюзу пісьменьнікаў Беларусі, на якім аўтарства Адама Русака было даказанае. У 40-м годзе спадар Ісакоўскі даслаў ліст з прабачэньнямі. Дакумэнт захоўваецца ў сямейным архіве Русакоў. Між іншым, аўтарства і надалей пазначалася няправільнае.

Зьміцер Вайцюшкевіч выконвае «Бывайце здаровы» на канцэрце ў Ізраілі, 2012

12. «Лясная песьня»

(муз. Ул. Алоўнікаў — сл. А. Русак)

Неафіцыйны партызанскі гімн узьнік па сканчэньні Другое сусьветнае вайны. Аднак, былыя партызаны ўпэўнена сьцьвярджалі, быццам сьпявалі яго хорам пасьля баёў. Дарэчы, бярозы і сосны ў першым радку песьні — гэта апісаньне лесу вакол хутара Русакоў у Пясочным. Сьпеў настолькі ўрэзаўся ў народную памяць, што нават увайшоў у рэпэртуар N.R.M.

N.R.M. у клясычным складзе выконвае «Лясную песьню», плытка «Генэралы айчыннага року», 2004

Гэты сьпіс можна працягнуць. Маецца яшчэ маса твораў, народнае паходжаньне якіх выклікае падазрэньне. Іх аўтарамі таксама маглі быць рэпрэсаваныя ці незаслужана забытыя кампазытары ды паэты. Таму новыя адкрыцьці яшчэ наперадзе!

Віктар Сямашка, Tuzin.fm

*Артыкул «Тузін шлягераў, пазбаўленых аўтараў» упершыню быў апублікаваны на Tuzin.fm 26 лістапада 2011. Да публікацыі 26.12.2013 некаторыя спасылкі на відэа і аўдыё былі зьмененыя, а сам матэрыял быў дапрацаваны аўтарам.

КАМЕНТАРЫ:

  • 12tuzin@gmail.com / адказаць
    26.12.2013 / 15:09

    Пазначайце ў камэнтарах, калі згадаеце яшчэ прыклады беларускіх песень, пазбаўленых аўтараў.

  • Сяргей / адказаць
    05.04.2017 / 21:28

    Добры дзень, паважаныя спадары. Хачу ўнесці невялікае ўдакладненне наконт песні "Люблю наш край". Справа ў тым, што музыку на словы К. Буйло напісаў не Мікалай Ровенскі, а Вячаслаў Селях (Качанскі). Гэта можна ўбачыць у "Зборніку песняў беларускага жаўнера", які быў выдадзены на эміграцыі ў 1976 годзе. Партытуру да слоў В. Селях напісаў напачатку 30-х гадоў. І па-другое, у 2000 годзе выйшаў СД дыск "Я нарадзіўся тут", і пад №5 у выходных дадзеных у выкананні В. Кругловай паказаны кампазітар Вячаслаў Качанскі. Дзякуй вам за ваш праект, удачы і поспехаў.

  • Віктар Сямашка / адказаць
    21.04.2017 / 13:38

    Дзякуй за камэнтар, спадар Сяргей! У крыніцах, на якія вы спасылаецеся, - на жаль, хапае памылак. Аўтарства Міколы Равенскага ўпершыню было пазначанае ў "Зборніку песень з нотамі" 1922 г. Пра гэта, у прыватнасьці, распавядаецца ў буклеце да дыску "Мікола Равенскі. Магутны Божа. Незабыўная спадчына" з сэрыі "Беларускі музычны архіў". Ягонае ж аўтарства датычна песьні "Люблю наш край" згадваецца практычна ва ўсіх біяграфічных артыкулах. У тым ліку ў даведніку "Кампазытары Беларусі" 1997 г. Магчыма, у Селяха была свая мэлёдыя на той жа верш. Магчымае й сумеснае аўтарства, бо яны пэўны час супрацоўнічалі. Трэба, канешне, удакладніць гэтае пытаньне.

  • Віктар Сямашка / адказаць
    04.05.2017 / 20:29

    Высьветлілася, што адзін мой калега мае "Зборнік песьняў беларускага жаўнера". Там на ст. 44 пазначана: "№ 6. ЛЮБЛЮ НАШ КРАЙ, словы К.Буйлы, гарманізацыя В.Качанскага". Але гарманізацыя - гэта апрацоўка арыгінальнае мэлёдыі. У дадзеным выпадку тае самае мэлёдыі Равенскага. То бок, Качанскі ні ў якім разе не аўтар вядомага матыву.

  • Сяргей / адказаць
    23.12.2018 / 19:02

    Паважаны спадар, Віктар Сямашка. Дзякуй за вашу ўвагу да пытання аб аўтары музыкі да песні "Люблю наш край" К. Буйло. У такім выпадку, як Вы пракаментуеце інфармацыю пра аўтарства, якая размешчана па гэтым адрасе нацыянальнай бібліятэкі http://e-catalog.nlb.by/Record/BY-NLB-br0001204235#toc (глядзіце ў апісанні пад 8 пунктам)
    З павагай,
    Сяргей

  • Віктар Сямашка / адказаць
    27.12.2018 / 12:49

    Відавочна, гэта памылка. Гэтак і ў пункце №3 Рыгор Пукст пазначаны як "Я. Пукст".

  • Сяргей / адказаць
    27.12.2018 / 13:56

    Вы маеце на ўвазе і сцвярджаеце, што паказаны аўтар музыкі запіса 1967 году В.Качанскі (Селях),апрацоўка А.Багатырова, гэта памылка? І ў довад прыводзіце прыклад апіскі імя Пукста? Цікавы і матываваны доказ! Дзякуй.

  • Сяргей / адказаць
    27.12.2018 / 14:57

    Так, і хацеў бы дадаць, "Зборнік песьняў беларускага жаўнера" на які Вы спасылаецесь, выйшаў, калі я не памыляюсь, у 1975 г. !967 год і 1975 год. Разумееце? І каму як не Вам разумець, што аўтар можа ўносіць змены і апрацоўку сваёй музыкі. Тым больш калі яна пішацца для выканання сола (1967) ці хору(1975).

  • Віктар Сямашка / адказаць
    27.12.2018 / 17:26

    На зборнік "Зборнік песьняў беларускага жаўнера" перадусім спаслаліся Вы, спадар Сяргей. А матываваны доказ я таксама ўжо прывёў вышэй.

  • КАМЕНТАВАЦЬ