Ян Маўзэр: «Узровень беларускай музыкі расьце — і гэта кайф!» (аўдыё)
5290 / 0
12.11.2018

Ян Маўзэр: «Узровень беларускай музыкі расьце — і гэта кайф!» (аўдыё)

Лідэр беларуска-ўкраінскага гурта «Мама» Ян Маўзэр у камэнтары для TuzinFM з нагоды перамогі ў аўдыёчарце распавёў пра азарт, ацаніў узровень сучаснай беларускай музыкі ды анансаваў новы рэліз.

Новая песьня Маўзэра выйшла пераможцай з двубою з гуртом Rostany, зь якім «Мама» ішла ў восеньскім чарце на TuzinFM літаральна плячо да пляча. «Там лета» назьбірала па выніку 1991 голас супроць 1901 за «Спартанцаў». Каб павіншаваць зь перамогаю мы знайшлі Яна Маўзэра на прагулцы ў парку ў Кіеве — ва ўкраінскай сталіцы музыка ўжо стала жыве сёмы год: «Так, я ведаю і цешуся, — зазначыў Ян. — За галасаваньнем сачыў. Больш за тое, паколькі зьяўляюся чалавекам азартным, удзельнічаў у ім. Перамагаць прыемна, але гэта не было мэтаю. Мэта была — прэзэнтаваць публіцы наш твор».

Ян з інтарэсам паслухаў удзельнікаў восеньскага чарту. Менавіта «Спартанцаў», дарэчы, ён вылучае найбольш. А яшчэ — новую песьню Akute ў нечаканым фармаце. Сьпіс лідэра «Мамы» дапаўняюць таксама «Каханая» ад Skynet, Аня Жданава з касьмічнай аранжыроўкай «Зьнічкі», круты трэк ад «Мутнагавока». «Я б з задавальненьнем слухаў радыё, дзе б гучалі ўсе песьні з гэтага Тузіна. Агулам, узровень беларускай музыкі расьце — і гэта кайф», — рэзюмуе музыка. Дарэчы, такое радыё ёсьць: штосуботу ў 18:05 і штонядзелю ў 16:05 на хвалях Беларускага Радыё Рацыя (Беласток, Горадня 98,1 FM, Берасьце 99,2 FM) выходзіць радыёвэрсія «Тузіна Гітоў», якую вядзе Алег Хаменка (тут сабраны архіў праграмаў за 7 гадоў).

Што да навінаў, то цяпер «Мама» працуе над новым трэкам. Акурат ад «Там лета» гурт вырашыў выдаваць кожную сваю песьню ў дзьвюх моўных вэрсіях — па-беларуску і па-ўкраінску, каб трапіць у ратацыю на мясцовыя FM-станцыі. Беларускі арыгінал запісаны, цяпер вядзецца праца над украінскай адаптацыяй кампазыцыі. Таксама Маўзэр хоча перазьвесьці адзін са сваіх трэкаў — «Сеяць вецер» і прэзэнтаваць наноў кліп на яго, але пакуль не атрымліваецца знайсьці агульную мову з гукарэжысэрам. Сачыць за навінамі каманды можна праз афіцыйныя суполкі УК і FB.

TuzinFM