Сяргей Будкін. Прабіцца праз абыякавасьць
Кіраўнік TuzinFM пра тое, што ён зразумеў пасьля правядзеньня 25 мерапрыемстваў праекту «(Не)расстраляныя».
Да працы над праектам «(Не)расстраляныя» з гэтай карцінкі я мог пазнаць пэўна з 2—3 асобы. Калі мы прапаноўвалі людзям на прэзэнтацыях праекту назваць тут некага, то прыгадваліся яшчэ некалькі, што суцяшае мала. Твары людзей з карцінкі, як і іх творы ня ведаюць. Вядомых беларускіх творцаў 1930-х напаткала двайная несправядлівасьць. Іх расстралялі тады і іх забылі цяпер.
Праз гэтае забыцьцё, няведаньне і абыякавасьць мы спрабуем прадзерціся. І вось некаторыя рэчы, якія я зразумеў пасьля 25 мерапрыемстваў у Менску.
Прабіцца з гэтаю тэмаю да людзей цяжка, практычна нерэальна. І вось чаму.
Па-першае, Гора ўспрымаецца як чужое, на жаль. Калі прыйдзе час, калі тэма рэпрэсаваных будзе ўспрымацца як наша агульная траўма, а не праблемаю асобна ўзятага Дашкевіча, Кузьняцова ці Дубаўца, тады зьявіцца Гонар. І ён шмат чаго зьменіць да лепшага ў нашай краіне, ажно да таго, што дыхаць тут будзе вальней.
Зь іншага боку, тэма рэпрэсіяў надта моцная ў сваёй трагічнасьці. І тут хутчэй кранаюць ня сумныя лічбы — 132 расстраляных толькі ў адну ноч 29.10.1937 і 600 000 рэпрэсаваных беларусаў «за палітыку» агулам. Тут больш уражваюць вершы, якія поўняцца жыцьцём, ветрам, юнацтвам, каханьнем, надзеяй і ў той жа час — недзе паміж радкамі — прадвызначанасьцю. У школах ды ўнівэрсытэтах іх не вывучаюць.
«Гэта кроў не баіцца сьмерці, гэта сэрца распаліць лёд…» — піша 20-гадовы Алесь Дудар, якога неўзабаве арыштуюць першы раз, а потым другі, а потым трэці…
«Хачу жыць, захлынацца і верыць. Піць каханьня нязьведаны боль…» — а гэта 24-гадовы Тодар Кляшторны. Калі яму будзе 33 яго кінуць у турму і ён за некалькі месяцаў допытаў і катаваньняў пастарэе гадоў на 20…
Тодар Кляшторны — на волі і ў турме
Ці шчымлівае Юлія Таўбіна: «Мне — дваццаць першы год. Жыцьцё ня за, а перада мной», напісанае за год да арышту…
І ўжо перадсьмяротны крык Міхася Чарота, выдрапаны на сьцяне камэры: «Кажу вам — я не вінаваты…»
Ад усяго гэтага жаху, асабліва калі яшчэ пачытаць пра далейшыя лёсы сямейнікаў асуджаных на сьмерць паэтаў, стыне кроў. Гэтым таксама тлумачыцца непрыманьне тэмы агулам і нашага праекту ў прыватнасьці на ўзроўні падсьвядомасьці, бо хочацца проста адвярнуцца, ня чуць, ня ведаць.
Родныя браты — Андрэй Мрый (зьлева) і Васіль Шашалевіч зь сямейнікамі. Андрэя арыштуюць у 1934-м дома ў прысутнасьці жонкі і двух малых дзяцей, сашлюць у лягер, дзе ён стане інвалідам і трагічна загіне. Васіля двойчы арыштуюць, выправяць у лягер, дзе ён трагічна загіне на лесапавале, жонку Веру заб’е сякераю вар’ят.
А бывае сьвядомае непрыняцьце.
На ўзроўні поўнага цемрашальства. Гэта калі адмаўляецца сам факт сталінскіх рэпрэсіяў і масавых расстрэлаў. І ніякія довады ня здольныя яго пахіснуць. Усе спасылкі на крыніцы не прымаюцца з прычыны таго, што гэтыя рэсурсы быццам купленыя, а людзі, якія займаюцца тэмай нібы адпрацоўваюць нейкія грошы. Прымаць контрааргумэнты, дакумэнтальныя сьведчаньні ды ўспаміны сьведкаў такія людзі адмаўляюцца. Калі факт наяўнасьці ў тых жа Курапатах чалавечых костак і прызнаецца, то злачынства сьпісваюць на нацыстаў. Канечне ж, у гэтую групу ўваходзяць зацятыя прыхільнікі савецкага ладу і проста настальгуючыя па СССР.
Менш цяжкая стадыя сьвядомага непрыняцьця — гэта калі факт расстрэлаў прызнаецца, але дапускаецца магчымасьць, што яны маглі быць заслужанымі, альбо памылковымі толькі ў некаторай ступені. Столькі людзей незаслужана расстраляць не маглі, кажуць прыхільнікі такой пазыцыі.
Беларускія пісьменьнікі, сябры літаратурнага аб'яднаньня «Маладняк». Фота 1924 (1925) году.
Зьлева направа, першы шэраг: Язэп Падабед (арыштаваны ў 1936, сасланы ў лягер, далейшы лёс невядомы), Алесь Якімовіч (дажыў да 1979), Міхась Чарот (арыштаваны і расстраляны ў 1937), Алесь Дудар (тройчы арыштаваны ў 1927, 1930, 1936 гг., расстраляны ў 1937), Язэп Пушча (арыштаваны ў 1930, асуджаны на 5 гадоў, дажыў да 1964). Другі шэраг: Адам Бабарэка (арыштаваны ў 1930, асуджаны да 5 гадоў ссылкі, паўторна арыштаваны ў 1937, асуджаны да 10 гадоў лягераў, памёр у лягеры ў 1938), Нічыпар Чарнушэвіч (арыштаваны ў 1930, асуджаны да 5 гадоў ссылкі, дажыў да 1967), Паўлюк Трус (памёр у 1929 ад тыфу), Анатоль Вольны (арыштаваны ў 1936 , расстраляны ў 1937 годзе), Андрэй Александровіч (арыштаваны ў 1938, асуджаны на 15 гадоў лягераў, выйшаў у 1947, паўторна арыштаваны ў 1949, рэабілітаваны ў 1955, дажыў да 1964), Кузьма Чорны (арыштаваны ў 1938, праз 8 месяцаў турмы адпушчаны, памёр ад інсульту ў 1944).
Зь іх вылучаецца яшчэ такая своеасаблівая групоўка, у якую ўваходзяць канкрэтна ненавісьнікі савецкага ладу. Гэта ўжо людзі як правіла падкаваныя, маюць сканаваныя зборнікі некаторых паэтаў і любяць цытаваць вершы, якія тыя пісалі на ўхвалу ды іх артыкулы з асуджэньнем сваіх жа калегаў. Маўляў, за што бароліся, на тое і напароліся, камуністы клятыя, — без усялякага шкадаваньня рэзюмуюць яны. Спэцыфіка часу і дэталі іх не цікавяць. Адметнасьць такіх людзей — пры дыскусіі яны імгненна пераходзяць на асабістыя абразы і агулам паводзяцца нявытрымана і нахабна.
Здаралася яшчэ такая цікавая рэакцыя — сьвядомае прыняцьце з далейшым адпрэчваньнем. Гэта калі сама тэма прызнаецца безумоўна важнай, але ставіцца пад сумнеў танальнасьць яе гучаньня ды спосаб падачы канкрэтна ў нашым праекце. Тут найбольш уразіў прыклад, калі «(Не)расстраляныя» выклікалі дыскамфорт у аднаго адукаванага чалавека з той прычыны што там «толькі мужчынскія твары». Довад, што праект прысьвечаны не мужчынам і не жанчынам, а ўсім беларусам, якія пацярпелі ў час сталінскіх рэпрэсіяў тут не спрацоўвае. І праект не знаходзіць водгуку ў людзей з такім ладам мысьленьня (праект, дарэчы, плянуецца ў будучыні разьвіваць і ў кірунку жаночым).
Багата тых, каму баліць. І кожнаму па-свойму. Камусьці ўжо адбалела, камусьці баліць на адлегласьці, некаму баліць да крыку, некаму проста муляе на ўзроўні няёмкасьці, а некаму адмыслова забалела, бо бывае так, што балець можа па загадзе. І ўсе гэтыя людзі між сабою, канечне ж, разьяднаныя. Бывае нават, што тыя, у каго нібы аднолькава баліць, ненавідзяць адзін аднаго. А некаторыя, у каго баліць, пэўныя, што балець мусіць менавіта так, і ніяк інакш…
А бывае, што боль прыглушае Страх. Ён пасяліўся ў душах нашых папярэднікаў, якія жылі ў жахлівыя 1930-я. І ён настолькі моцны, што прайшоў праз пакаленьні і дайшоў да нас. Гэты страх ахутвае нас і паралізуе, блякуе актыўнасьць і не дае гаварыць. Унукі Міхася Зарэцкага, напрыклад, прызналіся ў сваім адзіным інтэрвію нядаўна, што не рабілі ніякіх спробаў дазнацца пра лёс дзеда. Дасьледчык Леанід Маракоў казаў, што ў ягонай сям’і лічылі за лепшае ня згадваць пра лёс рэпрэсаваных сваякоў, у тым ліку ягонага дзядзькі — паэта Валерыя Маракова.
Выснова несуцяшальная: мы ня можам сабою ганарыцца, мы ня прынялі гэты боль, не перажылі і не асэнсавалі яго, не пазбыліся страху і наогул не высьпелі як нацыя, бо мы не знаходзім між сабою пункты сутыкненьня. Гэта ўсё ў нас яшчэ наперадзе.
Хочацца паўплываць на тое, каб гэта здарылася хутчэй. Таму і паўстаў праект «(Не)расстраляныя». Пасьля сэрыі лекцыяў і музычных прэзэнтацыяў рыхтуецца да друку шыкоўная кніга-альбом. На сёньня мы сабралі на Ulej.by 179 заяваў і 42% заяўленай сумы. Да сканчэньня кампаніі засталося 6 дзён.
Спрычыніцца да праекту
Сяргей Будкін, TuzinFM, загалоўнае фота Vitebsk4.me
КАМЕНТАВАЦЬ