!OUT: Гімны БНР (аўдыё)
100-годзьдзе БНР працягваецца на TuzinFM! Якім чынам да гімнаў Беларускае Народнае Рэспублікі спрычыніліся анархісты ды сацыялісты? Чаму аўтара музыкі да «Купалінкі» можна лічыць асноўным гімнографам БНР? Віктар Сямашка паспрабаваў разабрацца ў музычнай гісторыі стогадовай даўніны ў рубрыцы !OUT.
1. Ваяцкі марш (сл. Макар Краўцоў — муз. Уладзімер Тэраўскі)
Уладзімер Тэраўскі і Макар Краўцоў
Ён жа — «Марш Слуцкае брыгады», альбо па першым радку — «Мы выйдзем шчыльнымі радамі». Верш паэта, настаўніка й журналіста Макара Краўцова з назовам «Ваяцкі гімн» упершыню быў надрукаваны ў 1919 годзе ў газэце «Беларусь». Краўцоў непасрэдна ўдзельнічаў у антыбальшавіцкім Слуцкім збройным чыне. Як гімн Беларускае Народнае Рэспублікі на музыку Ўладзімера Тэраўскага твор быў афіцыйна зацьверджаны ў 1920-м.
Акурат «Ваяцкі марш», а зусім ня стаўшую народнай «Купалінку»,Тэраўскі лічыў сваёй візытоўкай, зазначае дасьледчык Максім Іўкін. У «Беларускім сьпеўніку» кампазытара (1921) гэты твор стаіць першым. Тэраўскі сам паходзіў са Случчыны, усьлед за бацькам-сьвятаром кіраваў царкоўным хорам у Менску, стаў першым хормайстрам і асноўным кампазытарам БДТ-1 (цяпер Купалаўскага тэатру).
Хор БДТ пад кіраўніцтвам Уладзімера Тэраўскага
«Ваяцкі марш» працягваў гучаць і выдавацца ў першыя гады савецкае ўлады, але з карэктурай. Да прыкладу, згадка пра бел-чырвона-белы сьцяг замянялася на «свабоды сьцяг, штандар чырвоны». Напачатку 1990-х твор Тэраўскага — Краўцова прэтэндаваў на ролю гімну незалежнае Беларусі.
2. А хто там ідзе? (сл. Янка Купала — муз. Людамір Рагоўскі)
Людамір Міхал Рагоўскі і Янка Купала
Напрыканцы 1910-х гэты сьпеў называлі «Беларускім гімнам». Твор выконваўся хорам Тэраўскага ў гарманізацыі самога дырыгента на I Усебеларускім зьезьдзе ў 1917 годзе. Верагодна, што аўтар тэксту прысутнічаў на мерапрыемстве, якое дало старт утварэньню БНР.
Напісаньне музыкі да гімну «А хто там ідзе?» датуецца 1910 годам. Тады ж верш быў надрукаваны ў віленскай друкарні Марціна Кухты рэдакцыяй газэты «Наша Ніва» ў выглядзе асобнае брашуры, піша дасьледчыца Натальля Гардзіенка.
Брашура «А хто там ідзе?» (1910)
Людамір Міхал Рагоўскі лічыцца польскім кампазытарам, але цягам трох гадоў — з 1909 да 1912-га — жыў у Вільні, дзе актыўна ўключыўся ў беларускае жыцьцё. Яго маці паходзіла зь Віленшчыны, а нянька сьпявала беларускія традыцыйныя песьні.
3. Чырвоны знак (сл. Баляслаў Чэрвеньскі, пер. Вацлаў Іваноўскі — муз. Якуб Вогт)
На I Усебеларускім зьезьдзе хор Тэраўскага выканаў і «Чырвоны знак». Мэлёдыю напісаў яшчэ у 1843 годзе касьцельны арганіст са швайцарскага кантону Фрыбург Якуб Вогт, і першапачаткова яна звалася «Маршам фрыбурскіх карабінэраў».
Затым да гэтага матыву дадаў словы францускі анархіст Поль Брусэ, і марш стаў баявым левым гімнам «Le Drapeau Rouge» («Чырвоны сьцяг»). Ад французаў твор перанялі польскія сацыялісты. Тэкст па-польску напісаў паэт зь Львову Баляслаў Чэрвеньскі — «Czerwony sztandar». Затым польскую вэрсію пераклалі яшчэ на тузін моваў.
Вокладка польскага сацыял-дэмакратычнага выданьня «Czerwony sztandar»
Як сьведчыць гісторык Анатоль Сідарэвіч, «Czerwony sztandar» стаў адным зь першых твораў, перакладзеных на беларускую мову ў ХХ стагодзьдзі. Пераклад «штандару» на «знак» зьдзейсьніў будучы міністар асьветы БНР Вацлаў Іваноўскі. У 1905 годзе тэкст надрукавалі ў падпольнай друкарні Віленскага камітэту Літоўскай сацыял-дэмакратычнай партыі.
4. Ад веку мы спалі (сл. Аляксандар Мікульчык — муз. ?)
Да Францыі ўскосна адсылае й трэці твор, прадстаўлены на I Усебеларускім зьезьдзе. Пратэстны пралетарскі гімн «Ад веку мы спалі» называлі «Беларускай марсэльезай». Упершыню яна была пачутая ў 1906 годзе ад рэвалюцыйнага сялянства на Случчыне. Ёсьць сьведчаньні, што цягам 1920-х гадоў яе штодзень сьпявалі ў беларускіх школах.
Прытым сапраўдны аўтар музыкі ня высьветліўся дагэтуль. Меркаваньне, што гэта Тэраўскі — памылковае. А словы склаў Аляксандар Мікульчык, якога царскія ўлады падазравалі ў прыналежнасьці да «анархістаў-камуністаў». Песьня таксама разглядалася як варыянт дзяржаўнага гімну Рэспублікі Беларусь.
Існавала й другая «Беларуская марсэльеза» — верш Максіма Багдановіча «Пагоня», пакладзены на гімн Францускае Рэспублікі.
5. Інтэрнацыянал (сл. Эжэн Пацье, пер. Янкі Купалы — муз. П’ер Дэгейтэр)
Аснову першага ўраду БНР складалі сацыялісты. Таму ня дзіўна, што акром «Марсэльезы», тагачасныя беларускія патрыёты сьпявалі й «Інтэрнацыянал», міжнародны пралетарскі гімн. Арыгінальны тэкст напісаў у 1871 годзе яшчэ адзін францускі анархіст Эжэн Пацье. Прычым, першапачаткова ён таксама сьпяваўся на матыў «Марсэльезы». Пазьней усім вядомую музыку да Інтэрнацыяналу падабраў працоўны-музыка П’ер Дэгейтэр.
«Інтэрнацыянал» лічыўся афіцыйным гімнам БССР у міжваенны пэрыяд. Зь яго пачаў свой другі зборнік «Беларускі лірнік» (1922) Уладзімер Тэраўскі, прапанаваўшы ўласную харавую гарманізацыю. Пераклад з 6 куплетаў прыпісваецца Янку Купалу. Аднак у сьпеўніку стаіць іншая фармулёўка: «Поўны калектыўны пераклад зроблены з арыгіналу ў францускай мове і зацьверджаны беларускімі камуністамі».
Пазьней у 1935 годзе сваю вэрсію перакладу прапанаваў паэт, былы ўдзельнік хору Тэраўскага Андрэй Александровіч, а ў 1957-м яшчэ й адрэдагаваў свой жа пераклад.
6. Панам мы песьнi не сьпяваем (сл. Францішак Аляхновіч — муз. Уладзімер Тэраўскі)
Усяго ў выдадзеным у Бэрліне зборніку «Беларускі лірнік» зьмяшчаецца 99 нумароў. Магчыма, што сотым мусіў быць «Ваяцкі марш». А трэцім нумарам ідзе твор з назовам «Панам мы песьнi не сьпяваем» на словы віленскага драматурга Францішка Аляхновіча й музыку Ўладзімера Тэраўскага. Яны супрацоўнічалі ў трупе «Беларускага народнага тэатру».
Францішак Аляхновіч. Партрэт невядомага мастака
Менавіта за выкананьне гэтае песьні ў 1920 годзе ў Асіповічах Тэраўскага арыштавалі польскія акупацыйныя ўлады. Праз год кампазытар ужо сядзеў у савецкай турме.
7. Не загаснуць зоркі ў небе (сл. Янка Купала — муз. Мікалай Янчук)
Захаваліся дакумэнты, дзе тэкст песьні азагалоўлены ўсё тым жа азначэньнем «Беларускі гімн». Купала напісаў гэтыя радкі ў 1911-м акурат на 5-годзьдзе першае беларускае газэты з рысункамі — «Нашай нівы».
Аўтар музыкі Мікалай Янчук нарадзіўся на Падляшшы, быў перакананым уніятам, меў псэўданім Беларусін. Пакінуў сьлед ня толькі як кампазытар, але й як навуковец-славіст, этнограф, археоляг і антраполяг.
8. Зорка Вэнэра (сл. Максім Багдановіч — муз. Сымон Рак-Міхайлоўскі)
У працяг тэмы зорак да сьпісу гімнаў БНР сымбалічна можна аднесьці й гімн каханьню, узьнятаму да ўзроўню космасу.
Беларускі пасольскі клюб у Варшаве, 1923 г. Сымон Рак-Міхайлоўскі стаіць другі з правага боку.
Менавіта Сымон Рак-Міхайлоўскі ў якасьці старшыні пачынаў той гістарычны І Усебеларускі зьезд, а пасьля стаў сябрам Рады БНР і яе вайсковае камісіі.
Лёсы тых, хто ствараў гімнаграфію БНР:
Максім Багдановіч — сканаў ад сухотаў у 1917 годзе ва ўзросьце 26 гадоў;
Мікалай Янчук — у 1921 годзе на шляху зь Менску ў Маскву захварэў на тыф і памёр;
Максім Багдановіч і Мікалай Янчук
Аляксандар Мікульчык — дакладная дата сьмерці невядомая, пасьля 1918 году;
Сымон Рак-Міхайлоўскі — у 1938 годзе расстраляны НКВД у Менску як «агент польскага генштабу»;
Уладзімер Тэраўскі — у тым жа годзе расстраляны як «агент польскай разьведкі»;
Макар Краўцоў — арыштаваны бальшавікамі ў 1939 годзе, загінуў у зьняволеньні, але невядома дзе;
Янка Купала — загінуў у 1942 годзе ў Маскве пры нявысьветленых абставінах;
Вацлаў Іваноўскі — загінуў у 1943 годзе ў статусе бургамістра Менcку ў выніку замаху, арганізатар застаецца нявысьветленым;
Францішак Аляхновіч — застрэлены на сваёй кватэры ў 1944 годзе, хто стаіць за забойствам, дакладна невядома;
Людамір Рагоўскі — памёр у 1954 годзе ў Харватыі ў кляштары Сьвятога Якуба, дзе правёў рэшту жыцьця.
Аўтар матэрыялу асабліва дзякуе Максіму Іўкіну, Вінцуку Вячорку, Натальлі Гардзіенцы.
Падрабязьней у аўдыёпадкасьце Віктара Сямашкі
TuzinFM, на загалоўным фота Удзельнікі хору Ўладзімера Тэраўскага разам з вучнямі Менскае беларускае пачатковае школы №20 (крыніца: Arche.by)
Антон Рудак параіў дадаць да сьпісу "Пад гоман вясёлы" на словы Паўліны Мядзёлкі. Між іншым, жонкі міністра земляробства і ўнутраных справаў БНР Тамаша Грыба. https://www.youtube.com/watch?v=gYMfCIlFmQc&t=9s
Таксама ў якасьці бонусу "Czerwony Sztandar" зь дзявочага альбома Валерыі Сямашкі (1900 г.н.). На фота паненка сядзіць скрайняя з правага боку. У тым жа сьпеўніку - "Інтэрнацыянал", "Варшавянка" ды паўстанцкія песьні 1794 і 1863 гг.
Можна пабачыць тут - https://www.facebook.com/groups/765685913506674/
https://vk.com/krakatuk_vs?z=photo-28415603_456239271%2Fwall-28415603_1519
КАМЕНТАВАЦЬ