Топ-12 прэм’ераў восені-зімы 2018/2019. Electro/pop/folk (аўдыё)
На TuzinFM агляд самых цікавых беларускамоўных прэм’ераў. У першай частцы — найбольш яскравыя трэкі ў стылях электра/поп/фольк.
Five Up — Зручны час
Беларускамоўны дэбют ад электроннага гурта з рокавым вакалам. «Наша песьня пра тое, што мы часта дарма губляем свае жыцьцi, але яшчэ ёсьць магчымасьць, каб нешта зьмянiць да лепшага. I сёньня — самы зручны час для гэтага», — кажуць музыкі. Кампазыцыя таксама выдадзеная на ангельскай мове.
Paulinn — Анамалія
Сьпявачка Паліна Цімохіна прэзэнтавала новы сынгл свайго праекту Paulinn «Анамалія». «Гэтая песьня пра своеасаблівыя адносіны, калі розум разыходзіцца з сэрцам, калі адной рукой абдымаеш, а іншай — адштурхоўваеш, калі не разумееш і ня ведаеш, што вас чакае заўтра, але сёньня ты гатовы на ўсё. Гатовы пражыць гэтую гісторыю і анамалію», — кажа аўтарка. У падтрымку сынглу зробленае таксама лірык-відэа. Трэк «Анамалія» быў запісаны таксама ў ангельскамоўнай вэрсіі. Аўтарам перакладу стаў Ягор Гаўрылаў, вядомы як рэпэр Zeman.
SnopSnoŭ — Chałodnaje serca
Пераможцы «Басовішча-2018» меліся прэзэнтаваць свой новы трэк адразу пасьля фэсту, аднак замарудзілі, бо склад гурта абнавіўся і ў яго прыйшлі людзі з новымі поглядамі на музыку. Па выніку, партыю басу абіралі з 16 варыянтаў, вакал — з 4, першы раз ад моманту існаваньня гурта былі запісаныя жывыя бубны. «У гэтай песьні мы ўдасканалілі нашу палітыку міксу індзі-року з электронікай. Імкнуліся электронную частку зрабіць больш насычанай і яскравай, гітарную — больш драйвовай. Працягнем дасканаліцца на другім альбоме, які цяпер пішам», — зазначыў з нагоды прэм’еры лідэр гурта Сяргей Іваноў.
Roman Voloznev — Cалёныя сны
Новы самотнік 21-гадовага сьпевака паўстаў дзякуючы конкурсу «Засьпявай-5». Раман паклаў на музыку верш Мікіты Найдзёнава. «Вылучыў менавіта гэты ягоны верш, бо ён мне падаўся нейкім асаблівым, не такім, не падобным да той творчасьці Мікіты, якую я ведаў дагэтуль. І музыка на гэтыя словы нарадзілася ў лічаныя хвіліны», — зазначыў выканаўца. У падтрымку сынглу ён зрабіў таксама лірык-відэа. Так атрымалася, што гэты трэк трапіў у тройку фіналістаў «Засьпявай-5», а значыць гісторыя зь ім атрымае працяг.
Naviband — Аднойчы і назаўжды
Гурт Арцёма Лук’яненкі і Ксюшы Жук прэзэнтаваў першы беларускамоўны трэк пасьля выхаду альбома «Адной дарогай». Агулам жа гэта трэцяя новая песьня каманды ў 2018 годзе — да гэтага былі прэзэнтаваныя расейскамоўная «Молодость в кармане» і сьпеў па-ўкраінску «Сумне море». Выканаўцы напісалі «Аднойчы і назаўжды» ўлетку, падчас фэстывальных падарожжаў і прысьвяцілі яе сыну Мацею, які нарадзіўся ў Арцёма і Ксюшы сёлета. Трэк вырашаны ў сынці-поп стылістыцы. Увосень музыкі выступілі ў туры па Польшчы, Чэхіі ды Ўкраіне, а 16 лютага яны зьбіраюцца адзначыць 5-годзьдзе гурта вялікім канцэртам у Менску.
Мішэль Помаз — Апошнія сны
Восеньскі рэліз ад выканаўцы, які працуе ў стылі індзі-поп ды электра-рок. Песьня была задуманая яшчэ год таму, але музыка доўга шукаў адпаведны стыль і форму. «Апошнія сны» прадстаўляецца як песьня-ўспамін. «У яе аснове ня пэўная гісторыя, а хутчэй аб’яднаньне эмоцыяў, перажываньняў і пачуцьцяў некалькіх падобных адносінаў — першых, нясьмелых, юначых, якія ўжо больш, чым проста сымпатыя, і менш, чым каханьне. Восень сымбалізуе зусім не рамантычны настрой — гэта полымя, у якім гараць летуценныя, нерэальныя мары і надзеі, полымя, на зьмену якому прыходзіць халодная зіма, несучы аднаўленьне, новы, больш дарослы жыцьцёвы этап», — піша Мішэль у анатацыі да трэку, які быў прэзэнтаваны на soundcloud-канале TuzinFM. Болей інфармацыі пра выканаўцу — у ягонай суполцы.
Таісія Серыкава і Яўген Доліч — Я сумую па табе
Сумесны сынгл удзельніцы праекту Аляксандра Рыбака Milki і вакалісткі гомельскага гурта Kawa з прадстаўніком Беларусі на конкурсе «Славянскі базар — 2012». Аўтарам словаў і музыкі выступіла Таісія, а дуэт паўстаў са знаёмства выканаўцаў за кулісамі Нацыянальнага фэстывалю беларускай песьні і паэзіі ў Маладэчне. Яўген уразіўся пазытыву і драйвовасьці, што сыходзілі ад Таісіі. Сьпявачка прыняла ідэю зрабіць нешта сумеснае і прапанавала якраз гэты твор, які ня надта ўпісваўся ў фармат ейнага гурта Kawa.
Ілюжан — Барані, Божа
У сваім новым самотніку музыкі заклікаюць шанаваць чульлівасьць адзін да аднаго. «Словы „барані, божа“ можна было пачуць ад старэйшых, калі размова вялася пра нешта небясьпечнае. На гэтай падставе склалася песьня пра тое, наколькі важна берагчы і шанаваць чуйнасьць людзей, бо моцны стрэс і зьнявага накладаюць адбітак на ўсё далейшае жыцьцё, і часам бывае вельмі цяжка пасьля пазбавіцца ад гэтых ня бачных вокам шнараў», — кажа вакалістка каманды Кацярына Аліхвер. У гэтым трэку на вакале задзейнічана большасьць музыкаў гурта і на выступах «Ілюжан» ён выклікае надзвычайнае захапленьне слухачоў.
Vibeclub — Добры вечар
Трэк, які адкрывае «калядны» EP менскага соўл-гурта, які пабачыў сьвет у студзені 2019 году. Музыкі арыгінальным чынам падыйшлі да інтэрпрэтацыі фолькавай спадчыны. «Добры вечар», як і іншыя песьні з рэлізу, паўстала ў выніку спантаннага джэму на рэпэтыцыі. Вакалістка Валерыя Дэле (вядомая таксама як голас гурту Dee Tree) падабрала колькі народных тэкстаў для сьпяваньня, а музыкі лавілі груў. Гітарыст і вакаліст каманды Павал Парасяцьеў зафіксаваў гэты экспэрымэнт, які потым і быў даведзены да ладу ў студыі.
Няміга — Папараць-кветка
Новы самотнік ад каманды, якая стала адным з адкрыцьцяў 2018 году ў беларускай музыцы. «Ён трошкі магічны і загадкавы, прысьвечаны старажытнаму паганскаму сьвяту Купальля. Шмат ужо сказана музыкамі пра гэты дзень, але і нам хацелася выказацца на тэму пошукаў таямнічай папараць-кветкі!» — пішуць музыкі ў анатацыі да рэлізу. У гэтай працы да Ксеніі Валенды (вакал, гітара), Лізаветы Лобан (бэк, пэркусія), Марыі Лабовіч (клявішныя), Веры Алендры (духавыя) далучыўся Савелій Юрчанка (электрагітара), ён жа быў адказны за зьвядзеньне і майстарынг кампазыцыі.
Vuraj — Літо
Песьня «Літо» дала назву новаму альбому гурта Vuraj. На Заходнім Палесьсі гэтым словам абазначалі цыкль летніх абрадавых песень. «Гэта адна з самых старажытных, філязофскіх і магічных песень, мае яшчэ дахрысціянскія карані. Узьнікла ад замовы, яшчэ ў тыя даўнія часы, калі людзі зьвярталіся да сіл прыроды ў час найбуйнейшага росквіту, напрыканцы лета. Таму гэтыя песьні і маюць асаблівую энэргетыку», — сказаў у камэнтары TuzinFM лідэр каманды Сяргей Доўгушаў. Ён запісаў гэтую песьню ў фальклёрнай экспэдыцыі ў 2014 годзе ад Марыі Міхайлаўны Абрамчук і Вольгі Міхайлаўны Макарэвіч (вёска Коланск, Івацэвіцкі раён).
Ягорава Гара — Вы павейцятка, ветры
Cынгл гомельскай фольк-каманды, які анансуе новы альбом. Сьпеў «Вы павейцятка, ветры» запісаны падчас правядзеньня архаічнага абраду Пахаваньня Стралы ў вядомай сваімі рушнікамі вёсцы Неглюбка Веткаўскага раёну Гомельскай вобласьці. У музыцы «Ягоравай Гары» зьявіліся элемэнты эмбіенту, этнатрансу і псыхадэлікі. А агулам, як абяцае лідэр каманды Ягор Паляшук, будучы альбом будзе нечаканым і сур’ёзным.
Паслухаць прэм’еры песень беларускіх выканаўцаў можна ў аўтарскай праграме кіраўніка TuzinFM Сяргея Будкіна «Музыка тыдня» на «Беларускім Радыё Рацыя» (98,1 FM у Беластоку і Горадні, 99,2 FM у Берасьці, он-лайн — www.racyja.com) штотыдня ў аўторак у 20:05 з паўторам у нядзелю ў 11:05 (па беларускім часе).
Увага музыкам! Калі пра вашую прэм’еру не згадалі ў нашых аглядах, магчыма вы забыліся паведаміць пра яе існаваньне нам на мэйл 12tuzin@gmail.com. Дасылайце свае трэкі, інфармацыю пра трэк/кліп/рэліз ды фота. Перавагу аддаем песьням на беларускай мове. Пра новыя цікавыя беларускія трэкі таксама можна паведамляць у камэнтарах да гэтага матэрыялу.
TuzinFM
КАМЕНТАВАЦЬ