Топ-12 прэм’ераў зімы-2019 (аўдыё)
Stokes, «Цмокі», Volski, Uzari, Akute, Dzieciuki… У новым аглядзе беларускамоўных прэм’ераў на TuzinFM — дэбюты ад маладых выканаўцаў і сьвежыя гіты ад знакавых гуртоў.
Stokes — Пад дажджом
Новы трэк, з дапамогай якога наваполацка-менска-маскоўскі гурт нагадвае пра сваё існаваньне. У багатай на падзеі 22-гадовай гісторыі гурта гэта другі беларускамоўны аўтарскі трэк. І ізноў ягоным суаўтарам выступіў Глеб Лабадзенка, які пераклаў калісьці «Пад купалам нябёс». Болей пра трэк.
Цмокі — Я хацеў бы спаткацца з Вамі на вуліцы
Новы твор гурта, у якім граюць рэдактары Citydog і NN.by. «Гэта свабодны верш, які вельмі лёгка кладзецца на музыку, таму што ў ім — Космас. Спадзяемся, што адчуваньне гэтага Космасу мы перадалі і ў нашай песьні», — кажа вакаліст гурта Мікола Шакель. Музыкі таксама прэзэнтавалі атмасфэрны відэашэраг з фота беларускага астранома Віктара Малышчыца. Болей пра трэк.
Uzari — Падзяка сэрца
Новы беларускамоўны трэк ад колішняга прадстаўніка Беларусі на «Эўравізіі», у якім ён аддае даніну павагі сваёй краіне, мове і гісторыі. Гэты самотнік анансуе будучы альбом сьпевака, які будзе цалкам беларускамоўным. Ягоны рэліз заплянаваны на красавік 2019-га. Болей пра трэк.
Volski — Лепшыя на сьвеце
Песьня, якую сам Лявон называе адной з самых аптымістычных на сваім альбоме «Гравітацыя». «Яна пра каханьне. Такое яскравае і сьветлае, быццам ляціш над зямлёй», — зазначае аўтар. Рэжысэр Арцём Лобач зрабіў да гэтай песьні сюрэалістычны відэашэраг з рарытэтнымі кадрамі старога Менску.
Гарадскі вал — Серабранка
Новы самотнік гурта Рамана Абрамчука выйшаў праз пару тыдняў пасьля папярэдняга «Адмарозкам, Даўнам, Закаханым». У яго ўвайшлі таксама два трэкі і абодва напісаныя на словы Антона Рудака. Выканаўца так прадстаўляе загалоўны трэк: «Сабака Элвіс асьвятляе шлях бадзёрым бітам-брэхам, беспантовыя панэльнікі становяцца парталам у касьмічны абсяг, сябрукі-балбесы адпраўляюць галоўнага героя ў Амэрыку на арэлях, а саксафаніст перадае прывітаньне маме на 48-й сэкундзе!» Другі нумар — новая вэрсія вядомай ужо песьні «Элвіс». Сярод музыкаў, якія былі задзейнічаны ў запісе трэку Дзяніс Жураўлёў aka Груша (біт-бокс), Уладзь Пыльчанка (акардэон) і Фрыд Самотны (саксафон).
Дом сувязі — Дзед Барадзед
Песьня з дэбютнага EP менскага поп-панк гурту прасякнутая настальгіяй па дзяцінстве. «Гэта ода беларускаму тэлебачаньню, якое сканала, а тады цешыла аўтарскімі праектамі і харызматычнымі вядоўцамі. Галоўных герояў трэку памятаюць усе з пакаленьня 90-х. Іх можна выкінуць на сьметніцу, але немагчыма выкрасьліць з нашых сэрцаў», — так прэзэнтавалі свой трэк пра Дзеда Барадзеда музыкі.
Akute — Кома Intro (feat. Грязь)
Самотнік, які анансуе пяты альбом магілёўскага гурта. Трэк атрымаўся нетыповым, зрэшты такім непрадказальным мусіць быць увесь будучы рэліз. «Галоўная ідэя песьні ў тым, што выйсьці са стану комы можна ня ў той бок», — кажа яе суаўтар Раман Жыгараў. Музыкі запісалі твор у калябарацыі са сваім даўнім сябрам Дзянісам Астапавым з праекту «Грязь». Гэта ня першая сумесная праца — некалі яны прэзэнтавалі на TuzinFM трэк «Сьпі», у стварэньні якога паўдзельнічаў другі заснавальнік «Грязи» — Рома Англічанін.
Mandzik feat. Lear — Dyska
Першы сынгл з будучага дэбютнага рэлізу «Tancy» паказаў малады рэпэр і кіраўнік «Моладзі БНФ» Дзяніс Мандзік. Трэк запісаны разам з маладой сьпявачкай Валерыяй Суравіцкай (Lear). Выканаўца кажа, што ягоны музычны праект накіраваны на захаваньне і ўзьмацненьне беларускамоўнага гіп-гопу. Літаральна сьледам выйшаў яшчэ адзін фіт з удзелам Мандзіка. Разам з рэпэрам Zło яны пакпілі зь беларускіх чыноўнікаў.
Kawa — Бам-бам
Гомельскі электра-поп гурт на чале са сьпявачкаю Таісіяй Серыкавай выдаў другі беларускамоўны самотнік «Бам-бам». Да гэтага музыкі запісалі трэк «Патанцуем разам» ды кліп на яго. Слухачы прынялі песьню вельмі прыязна, таму Таісія вырашыла працягнуць. «Гэта песьня пра летні настрой, пра дыханьне і закаханасьць. Няхай лета будзе з вамі цэлы год!» — так прэзэнтуе твор аўтарка.
VectorEgo — Сьвет
Поп-рок гурт зь Менску прымеркаваў выхад свайго першага беларускамоўнага самотніку да дня ўсіх закаханых. Такім чынам музыкі вырашылі зрабіць тэматычнае віншаваньне сваім прыхільнікам. Песьню сустрэлі прыязна, а гэта значыць, што можа быць працяг. Аўтарам словаў і музыкі да «Сьвету» выступіў Аляксандар Сычоў, ён жа зрабіў аранжыроўку, прапісаў гітару і бубны ды цалкам запісаў ды зьвёў сам трэк. А засьпявала вакалістка гурта Алена Магілёўская.
Alex Nail feat. Yamit — Zamova
Вынік экспэрымэнту ды-джэя і фолькавай сьпявачкі, які паўстаў з ідэі спалучыць этніку з сучаснай музыкай і стварыць арыгінальны трэк, якога яшчэ не было ў беларускай музыцы. «Экспэрымэнтаў па спалучэньні беларускага фольку з трансавай музыкай, гаўсам ды іншымі электроннымі стылямі было мноства, але мы знайшлі пэўную нішу ў стылі трэп, у якім яшчэ ніхто не экспэрымэнтаваў такім чынам», — зазначыў у камэнтары да TuzinFM Alex Nail. Вакальную партыю запісала Марына Яміт, салістка гурта Rutvica.
Dzieciuki — Калі над лугам бусел праляцеў
Першая песьня з новага альбому «Радыё „Harodnia“», якую гарадзенскія музыкі паказалі сваім прыхільнікам. Яна напісаная на верш Алеся Чобата, упершыню ў акустычнай вэрсіі Алесь Дзянісаў яе прэзэнтаваў перад Днём Волі-2017. І менавіта тую праграму на словы паэта са Скідзелю менскія ідэолягі забаранілі да выкананьня. «У гэтым простым, на першы погляд вершы нiбыта схавалася адначасова ўсё хараство, уся боль i сутнасьць беларусаў. Гэтая песьня стала для нас усix гэткім пунктам незвароту, у якім кожны з нас, пакiнуў частку сваёй душы», — заявілі Dzieciuki з нагоды прэзэнтацыі электрычнай вэрсіі. Песьня таксама пабачыла сьвет у піяна-вэрсіі, якую зрабіла Вераніка Крупіца.
Паслухаць прэм’еры песень беларускіх выканаўцаў можна ў аўтарскай праграме кіраўніка TuzinFM Сяргея Будкіна «Музыка тыдня» на «Беларускім Радыё Рацыя» (98,1 FM у Беластоку і Горадні, 99,2 FM у Берасьці, он-лайн — www.racyja.com) штотыдня ў аўторак у 20:05 з паўторам у нядзелю ў 11:05 (па беларускім часе).
ТОП-12 ПРЭМ’ЕРАЎ ВОСЕНІ-ЗІМЫ 2018/2019. ROCK/INDIE/RAP
ТОП-12 ПРЭМ’ЕРАЎ ВОСЕНІ-ЗІМЫ 2018/2019. ELECTRO/POP/FOLK
Увага музыкам! Калі пра вашую прэм’еру не згадалі ў нашых аглядах, магчыма вы забыліся паведаміць пра яе існаваньне нам на мэйл 12tuzin@gmail.com. Дасылайце свае трэкі, інфармацыю пра трэк/кліп/рэліз ды фота. Перавагу аддаём песьням на беларускай мове. Пра новыя цікавыя беларускія трэкі таксама можна паведамляць у камэнтарах да гэтага матэрыялу.
TuzinFM
КАМЕНТАВАЦЬ