«Самы народны» кліп By Cry перамог у відэачарце (відэа)
Кліп на песьню «Ліпычка» стаў пераможцам трэцяга туру відэачарту на TuzinFM з вынікам 754 галасы.
Вакалістка гурта Аляксандра Грахоўская называе гэты кліп з досыць багатай відэаграфіі гурта «самым народным», бо ў ім пераплецены і тэкст народнай песьні і народныя строі і народныя традыцыі сьвяткаваньня і ў цэлым народны дух весялосьці. «Мы заўважылі, што дадзены кліп знаходзіць водгук ня толькі ў нашых прыхільнікаў, але і рэзануе з настроем людзей, якія знаёмыя з нашай творчасьцю ня вельмі глыбока. Пасьля выхаду кліпу мы атрымалі нямала захопленых водгукаў, а цяпер вельмі прыемна бачыць яго пераможцам чарговага туру відэачарту», — зазначае сьпявачка, якая таксама выступае як рэжысэрка большасьці кліпаў свайго гурта.
«Ліпычку» ён дапамагалі зьняць Міхась і Кацярына Аракчэевы зь Piligrym Studio, якія ў сваю чаргу зазначаюць, што для іх гэта быў першы досьвед удзелу працы ў чарце, таму было надзвычай прыемна перамагчы. Што да сымпатыяў, то аўтары найлепшага кліпу 3-га туру вылучаюць найлепш працу гурта Irdorath «Varazheya» і «Бераг» ад Port Mone Trio.
Супраца By Cry і Piligrym Studio працягнецца — цяпер ідзе праца над кліпам на песьню «Flora», а сам гурт неўзабаве прэзэнтуе новы самотнік «Ай, бяда». Болей навінаў — у афіцыйнай суполцы каманды.
TuzinFM
КАМЕНТАВАЦЬ