«Там лета» ад гурта «Мама» — найлепшая песьня сэзону на TuzinFM (+прэм’ера!)
2037 / 0
20.08.2019

«Там лета» ад гурта «Мама» — найлепшая песьня сэзону на TuzinFM (+прэм’ера!)

Наведнікі TuzinFM назвалі галоўным гітом сэзону 2018/2019 песьню «Там лета» гурту Яна Маўзэра «Мама». Пераможцы прэзэнтуюць на TuzinFM новы беларуска-ўкраінскі самотнік.

«Там лета» апярэдзіла ў мэгатуры Akute з трэкам «Весела» і «Зіму» Лявона Вольскага. Аўтар галоўнага гіту сэзону Ян Маўзэр дзякуе ўсім тым, хто яго падтрымаў. «Шчыра кажу, што за галасаваньнем не сачыў. Раней моцна хацелася перамагаць, цяпер проста падабаецца пісаць песьні, рабіць музыку — гэта такая магія, калі зь нічога зьяўляецца нешта. Калі некаму яшчэ акрамя нас падабаюцца нашыя песьні — супэр. Калі камусьці не падабаюцца — таксама норм, густы розныя». «Мама» ўжо аднойчы перамагала ў мэгатуры — у сэзоне 2014/2015 найлепшым стаў трэк «Будзь злой».

Цяперашні стан свайго гурта Ян вызначае як «мэдытатыўны». «Мама» за 5 гадоў існаваньня так і не дала ніводнага канцэрту, але працягвае ствараць новы матэрыял. На TuzinFM музыкі прэзэнтуюць новы самотнік «Паміж намі». Праца над ім вялася ў «211 Studio» з гукарэжысэрам Віталём Цялезіным. Ян Маўзэр кажа, што зьдзейсьнілася ягоная мара папрацаваць з чалавекам, які рабіў саўнд «Океану Ельзи», Brutto, Джамале і Зэмфіры.

«Фактычна гэта першы раз, калі я цалкам задаволены вынікам. Гэта ня першы варыянт запісу песьні. Першы рабілі колькі год таму разам з Колхзам. Але не атрымалася таго гучаньня, якое хацелася. Потым мы пачалі супрацоўнічаць са студыяй ФДР і гукарэжысэрам Яраславам Вільчыкам (драмэр «Тартаку») ды Раманам Кальмуком. Кальмук займаецца прасоўваньнем музыкі на радыё. Сярод некалькіх дэма, якія мы яму паказалі, ён выбраў гэтую для далейшай працы. Трэба было перакласьці тэкст на ўкраінскую мову. З гэтым мне дапамагла прыяцелька — украінская паэтка Ганна Сарычава. Беларускі й украінскі вакалы гучаць па-рознаму, бо пісаліся ў розныя пэрыяды часу й у розныя мікрафоны. Беларускі — у Беларусі, украінскі — на 211 Studio».

 

Трэк таксама даступны на Youtube, Google Play i Apple Music.

TuzinFM