Jazz БССР-5. Эдзі Рознэр у Бэрліне (фота/аўдыё/відэа)
2627 / 0
19.10.2019

Jazz БССР-5. Эдзі Рознэр у Бэрліне (фота/аўдыё/відэа)

Выступы ў барах і на акіянскіх лайнэрах, здымкі з Марлен Дытрых, бойка з нацыстамі… У пятай частцы дакумэнтальнага сэрыялу пра беларускі джаз — бэрлінскі пэрыяд жыцьця Эдзі Рознэра, аднаго зь першых нашых джазмэнаў.

На TuzinFM і «Радыё Рацыя» працягваецца дакумэнтальны музычны сэрыял пра беларускі джаз, які падрыхтаваў аўтар рубрыкі !OUT Віктар Сямашка. Зь пятага выпуску пачынаем знаёмства зь непасрэднымі бацькамі-заснавальнікамі фармацыі, што ў 1940 годзе атрымала афіцыйнае найменьне «Дзяржаўны джаз-аркестар Беларускай дзяржаўнай філярмоніі ўпраўленьня па справах мастацтваў пры Савеце народных камісараў Беларускае Савецкае Сацыялістычнае Рэспублікі». Першы ў гэтым шэрагу Эдзі Рознэр, бэрлінскаму пэрыяду ў жыцьця якога прысьвечаны гэты матэрыял.

Адкрывае пятую частку аўдыёсэрыялу цытата з заходнебеларускага паэта 1920—1930-х Аўгена Бартуля.

Рэстаран:

Джац-банд іграе

Гучна так;

Барабан

І кастаньеты

Выбіваюць такт.

Саксафон

Шалее, ўторыць,

Пяе ў тон;

Сьвісьне гулкая сырэна

Вальс-бостон.

1. Эдзі Рознэр зьявіўся на сьвет у Бэрліне 26 траўня 1910 году. Для шлюбнікаў Ігнацыя (Іцхака) Рознэра й Розы Лямпель ён стаў шостым, наймалодшым дзіцем, меў брата й чатырох сёстраў. Навародка назвалі Пінхас бэн Іцхак (сынам Іцхака) для ўнутрысямейнага ўжываньня. А ў выбары афіцыйнага імя спыніліся на досыць папулярным, у тым ліку распаўсюджаным у Беларусі ды Польшчы ў тыя часы, Адольфе (скарочана, па-хатняму Адзі). Пазьнейшае сцэнічнае імя Эдзі зьявілася ў выніку напісаньня й прачытаньня Адзі на ангельскі манер. Другога афіцыйнага імя Эдуард, як памылкова лічаць некаторыя дасьледчыкі, Рознэр ня меў.

2. Дакумэнтаў пра адукацыю Рознэра таксама засталося няшмат. Вядома, што музычныя здольнасьці хлопчык праявіў ужо ў 4 гады, а першыя ўрокі граньня на фартэпіяна яму паказала маці. У 6 гадоў Адзі прынялі ў падрыхтоўчую клясу Кансэрваторыі Штэрна ў Бэрліне. Далей, паводле афіцыйнае біяграфіі, была Вышэйшая школа музыкі, дзе Адольф займаўся дырыгаваньнем і кампазыцыяй. Яму выкладаў Франц Шрэкер, опэрны кампазытар-экспрэсыяніст, паплечнік Арнольда Шонбэрга і прыхільнік Зыгмунда Фройда.

3. Падчас навучаньня ў Вышэйшай школе музыкі ў Бэрліне Адольф Рознэр абраў сабе дадатковы інструмэнт карнэт. «Я заўважыў, што трубачам больш плацяць», жартаваў ён. Усьлед за карнэтам ужо захоплены джазавай музыкай Адзі засвоіў трубу ды флюгельгорн. Заўважым, што малады трубач меў адметную пастаноўку пальцаў (указальны палец правай рукі разьмяшчаў паверх раструба), якую пасьля пераймалі ягоныя будучыя савецкія калегі.

4. Дэбютны ангажэмэнт Адольфа Рознэра, то бок, першы наём на пэўны тэрмін як скрыпача, адбыўся ў 1927 годзе ў бэрлінскім бары «Маякоўскі». Цягам наступных трох гадоў музыка працаваў у папулярных аркестрах Бэрліну. Найперш трапіў у танцавальныя фармацыі Шпігеля й Разэ-Пяцёзі, пасьля перайшоў да Марэка Вэбэра, у аркестры якога тэарэтычна мог супрацоўнічаць зь дзьвінскім кампазытарам Оскарам Строкам і сьпеваком Марэксам Беларусавым.

Адзі Рознэр (крайні зьлева) і Weintraub's Syncopators

5. Наступным крокам у кареры Рознэра стаў бэнд Міці Нікіша, вугорца па паходжаньні. Увесну 1929 году зладзіліся сумесныя выступы ды запісы Міці Нікіша з ансамблем Weintraub's Syncopators. Менавіта тады адбылася першая сустрэча Адзі Рознэра з бэндлідэрам Штэфанам Вайнтраўбам па мянушцы Стэпс. Ён паходзіў з Брэслаў (цяпер Уроцлаў) і быў вэтэранам Першае сусьветнае вайны. Стэпс стаў кіраўніком калектыву празь лёсаваньне — жараб`ёўку.

6. У сьнежні 1930 году Адзі Рознэр увайшоў у штат аматарскага калектыву Weintraub's Syncopators, які пасьля назаве па-савецку «аркестрай студэнтаў-мэдыкаў». Сярод «Cынкапатараў» сапраўды меліся два беспрацоўныя ўрачы, інжынэр, канторскі служачы, тры студэнты. Стэпс згадваў: «Кожны з нас валодаў пяцьцю інструмэнтамі. Таму мы маглі агучваць такія творы, як „Рапсодыя ў стылі блюз“. Мы папросту мянялі інструмэнты падчас выкананьня». Адзі, у прыватнасьці, мяняў скрыпку на трубу, часам браўся за дзьве трубы адначасова, дэманстраваў цыркулярнае дыханьне ды іншыя экстравагантныя прыёмы граньня, якімі авалодаў у Вайнтраўба.

7. Бэрлінскі музыказнаўца Дзьмітры Драгілёў, ацэньваючы фанаграфію WS, прызнае, што яны сталі першапраходцамі сўінгу ў Эўропе. Судзячы па фатаздымках «Cынкапатары» мелі поўны набор саксафонаў — ад сапраніна да кантрабасу. Ужывалі кухонныя рэчы, імітавалі гукі жывёлаў. Увогуле, свае кампазыцыі музыкі ператваралі ў шоў-нумары. Не абыходзілася безь сьветлавых эфэктаў, гульняў з рэквізытам, пераапрананьняў ды камэдыйных сытуацыяў, пантамімы ды буфанады. Музыкі Вайнтраўба былі здольныя граць, лежачы на сьпінах альбо гуляючы ў карты, маглі інсцэнаваць бойку на сцэне альбо выйсьці як мужчынскі хор з нотнымі аркушамі ў рукох.

Weintraub's Syncopators з калекцыяй саксафонаў

8. Калі паглядзець канцэртовы графік за 1932 год, то ўжо разам з Адзі Рознэрам Weintraub's Syncopators зайгралі ў тэатры-вар’етэ Hansa ў Гамбургу, гатэлі Europaische Hof у Брэмэне, у рэстарацыі Zoo ў Калёніі, у Эсэне, Празе, Вене ды Будапэшце. Улетку таго ж году Weintraub's Syncopators выступалі на акіянскім лайнэры America Line, што курсавалі па маршруце Гамбург — Нью-Ёрк. Праўда, сыходзіць на амэрыканскі бераг яны не змаглі, бо для таго патрабаваўся дазвол мясцовага музычнага прафсаюзу.

Weintraub's Syncopators выступаюць на палубе America Line. З трубой – Адзі Рознэр

9. Адзі Рознэр казаў, што гаворыць па-ангельску, як нью-ёрскі таксіст. Ён меў у Злучаных Штатах знаёмых па перапісцы: у прыватнасьці, ліставаўся з бубначом з аркестры Бэні Гудмана Джынам Крупа. Дарэчы, бацькі Гудмана паходзілі з Коўна ды ўкраінскае Білай Цэрквы, а бацькі Крупа з Польшчы. Біёграфы зьвяртаюць увагу, што свой імідж — фрызуру ды тонкія вусы — Рознэр мог пераняць у трубача з тае ж аркестры Гары Джэймза, зь якім таксама быў у перапісцы. З самім Бэні Гудманам Рознэр пабачыўся ў Маскве ўжо ў 1960-х.

Адзі Рознэр (падымаецца з трубой) і Weintraub's Syncopators

10. З пашырэньнем гукавога кіно сапраўды тапёры ды жывыя аркестры ў кінатэатрах страцілі працу, а «Сынкапатры Вайнтраўба» наадварот актыўна ўключыліся ў здымкі фільмаў ды працу над саўндтрэкамі. Іх прыкладная музыка выходзіла й на кружэлках. Найвядомейшая стужка з удзелам Weintraub's Syncopators — «Der blaue Engel» («Блакітны анёл») з Марлен Дытрых у галоўнае ролі паводле рамана Гайнрыха Мана. На фота са здымачнае пляцоўкі можна пабачыць, як Марлен Дытрых грае на скрыпцы Рознэра, прысеўшы на раяль, а пасьля Адзі акампануе актрысе. Кадар з гэтым акампанаваньнем трапіў у стужку.

Кадры з фільму «Блакітны анёл». Са скрыпкай — Адзі Рознэр

11. Усяго Weintraub's Syncopators паўдзельнічалі ў стварэньні каля 20 фільмаў. Аднымі з апошніх у 1933 годзе сталі «Ich und die Kaiserin» («Я ды імпэратрыца») і «Gruß und Kuß, Veronika» («Вітаю й цалую, Вераніка»). У тым жа годзе пасьля бойкі з нацыстамі ў піўным бары на Аляксандарпляцы Адзі Рознэр вырашыў пакінуць Радзіму й адпаведна гурт. У «Сынкапатараў» наперадзе яшчэ быў вялікі тур па СССР і працяглы візыт у Менск у межах таго туру.

Карыкатура на Weintraub's Syncopators

12. Нямецкі сьлед маецца й у біяграфіях такіх чальцоў Дзярджазу БССР, як Лётар Лямпель (вакал), Лазар Маркевіч (гітара, банджа), Абрам Бяльзацкі (віялянчэль, кантрабас), Хаім Шварцштэйн (бубны), Эрвін Вольфайлер (клярнэт, саксафон), Соф'я Шэфталь (радыстка).

На загалоўным фота: Адзі Рознэр (у цэнтры з трубой) і Weintraub's Syncopators

Папярэднія часткі даступныя па тэгу Jazz БССР. Працяг будзе. 

Віктар Сямашка, TuzinFM