!OUT: Беларускі фальклёр у чэскай музыцы (рарытэтнае аўдыё)
У новым аглядзе Віктара Сямашкі апавядаецца пра самыя цікавыя выпадкі з гісторыі чэскай музыкі 60—80-х гадоў мінулага стагодзьдзя, у якіх былі скарыстаныя беларускія фольк-матывы.
У часы БССР беларускі фальклёр карыстаўся шалёнай запатрабаванасьцю. Прычым ня толькі ў самой Беларусі, але й у «саюзных рэспубліках» ды «краінах сацлягеру». Пэрліны нашае народнае музыкі выконвалі вядучыя хоры, аркестры, джаз-ансамблі, рок-гурты ды музыкі-віртуозы. Дзеля прыкладу возьмем дзяржаву, што ў той час звалася Чэхаславаччынай.
На міньёне сьпевака Іржы Громадкі, выдадзеным у 1972 годзе, маецца «А ў полі вярба» з чэскамоўнай адаптацыяй. Прытым нідзе не пазначана, што па сутнасьці гэта кавэр на «Песьняроў», якія апрацавалі беларускі народны сьпеў і выдалі яго годам раней. На тым жа міньёне апынулася і чэскамоўная «Александрына». Зрэшты вядома, што Ўладзімеру Мулявіну ды кампаніі спадабаліся вэрсіі Громадкі. І яны нават далі сумесны выступ у Празе. Болей за тое, па вяртаньні з Чэхаславаччыны «Песьняры» сталі выконваць на сваіх канцэртах адзін з гітоў чэскага «салаўя».
Як вядома, савецкі часопіс «Кругозор» выходзіў з гнуткімі кружэлкамі ўнутры. У 6-м нумары за 1978 год быў зьмешчаны беларускі народны танец «Бульба». Яго прадставіла аркестра Чэхаславацкага радыё (студыя «Братыслава») і хор Любаміра Панка. Часопіс адзначае, што джазавую апрацоўку зробілі менавіта славацкія музыканты.
У 1985-м у межах вінілавай сэрыі «Дискоклуб» пабачыла сьвет танцавальная сюіта «Мэлёдыі народаў СССР». Усе творы выканала аркестра Густава Брома. Варта адзначыць, што Бром — увогуле, адзін з пачынальнікаў джазу ў Чэхіі. У 1940 годзе ён сабраў у Брно першую прафэсійную джаз-аркестру. Прытым яна мела прыватны, недзяржаўны статус. У 1960-х Бром зьвярнуўся адначасова да фальклёру й авангарду, а апрацоўваючы нашую «Бульбу», узгадаў традыцыі дыксілэнду.
Нельга не згадаць і Міхала Забэйду-Суміцкага — ураджэнца Беларусі, які з 1940 году і да канца сваіх дзён жыў у Празе. Чэская фірма грамзапісу «Супрафон» у 1966 годзе выдала кружэлку славутага на ўвесь сьвет тэнара. Палову альбома займаюць гішпанскія кансоны, другую палову — беларускі фальклёр. У 1968-м тая ж фірма прэзэнтавала плытку «Беларускія песьні і рамансы» ў выкананьні Суміцкага. Аднак у сувязі з падзеямі Праскае вясны мясцовыя ўлады абвінавацілі сьпевака ў прасавецкасьці ды зьнішчылі амаль усё, што ён запісаў у Празе.
Віктар Сямашка, Tuzin.fm
КАМЕНТАВАЦЬ