Pauline зрабіла крок у той бок
3153 / 0
02.05.2014

Pauline зрабіла крок у той бок

У аўдыёчарце на Tuzin.fm — новы лідэр. У 13-м туры перамагла песьня «Пачакай» у выкананьні сьпявачкі Pauline.

Кампазыцыя «Пачакай» была навічком 13-га туру. За два тыдні галасаваньня паволі трэк прасунуўся ўверх ажно да першай пазыцыі. Сьпявачка Pauline радуецца такому выніку: «Для мяне гэтая перамога — яшчэ адна невялічкая „птушачка“ ў галаве, яшчэ адно пацьверджаньне, што крочыць трэба ў той бок, які я абрала. У апошні час я шмат чаго зьмяніла, зрабіла, так кажучы, уласны рэбрэндынг, таму рэакцыя слухачоў мне была надзвычай важнай».

Паўліна прызнаецца, што пільна сачыла за галасаваньнем ды сама галасавала: «Калі мая песьня ўвайшла ў пяцёрку, было вельмі прыемна і я ўжо магла сьвяткаваць сваю маленечкую, а ўсё ж такі перамогу. Але не ўяўляла, што скончу гэтую „гонку“ на першым месцы. З удзельнікаў гіт-параду, мне найболь спадабаліся песьні Akute і Haina».

Песьня «Пачакай» — цяперашняя візытоўка сьпявачкі. На гэты ж твор яна плянуе зьняць кліп. Таксама праект Pauline рыхтуецца да жывога выступу, але пакуль не паведамляецца дзе і калі ён адбудзецца. І, канечне ж, музыкі рыхтуюць новыя песьні.

Tuzin.fm

Тэгi: