!OUT: Фэлікс Аксёнцаў пра таемны сэнс «Радыё Свабода» (+ відэарарытэт гурту Ulis)
Аўтар «Радыё Свабода» ды іншых тэкстаў гурту Ulis Фэлікс Аксёнцаў распавёў у інтэрвію Tuzin.fm пра патаемны сэнс свайго гіта.
Песьня «Радыё Свабода» гурту Ulis — бясспрэчны гіт і гімн некалькіх пакаленьняў. Але пра што насамрэч сьпяваецца ў кампазыцыі, здагадваюцца нямногія, нават з тых, хто браў удзел у конкурсе кавэраў на гэту песьню. У тэксьце маюцца адсылкі да Орўэла, празь якія песьня можа набыць зусім процілеглы сэнс. Па тлумачэньні Tuzin.fm зьвярнуўся непасрэдна да аўтара вершу «Радыё Свабода» Фэлікса Аксёнцава. Паэт ужо 18 гадоў жыве ў Канадзе. Цяпер ён працуе ва ўнівэрсытэце ў Ванкувэры, практыкуе зэн-будызм і зрэдчас піша вершы — і па-беларуску, і па-расейску.
ТГ: Спадар Фэлікс, тэкст «Радыё Свабода» пісаўся пад гатовы музычны матыў?
— Так, пад гімнавую мэлёдыю Славы Кораня. Гэта было ў Менску напачатку 1990 году.
ТГ: Радок зь песьні «там, дзе няма цемнаты» — гэта ж прамая цытата з антыўтопіі Орўэла «1984». Менавіта такім чынам апісваецца «Міністэрства Любові», месца допытаў і катаваньняў. Там няма цемнаты, бо ўвесь час гарыць электрычнае сьвятло, як у менскай «Амэрыканцы».
— Сувязь з Орўэлам існуе, але зь іншага боку. Выраз «там, дзе няма цемнаты, стрэнемся мы» мае прыкладна тое ж дачыненьне да цытаты з «1984», што словы «Радыё Свабода» да славутае радыёстанцыі. Гэта спроба выкарыстаньня вядомых славазлучэньняў у новых кантэкстах.
На фота: гурт Ulis узору 1993 году: Алег Тумашоў, Фэлікс Аксёнцаў, Сяржук Краўчанка (зьверху зьлева направа), Сяргей Кныш, Слава Корань (унізе). Фота Ўладзімера Парфянка з фотасэсіі да альбому «Танцы на даху».
ТГ: У кантэксьце «1984» Вашае «Радыё Свабода» становіцца ў адзін шэраг зь «Міністрэствам Праўды», што займалася прапагандай, і «Міністэрствам Міру», што спэцыялізавалася на вайне. Тады радок «слухаюць нас» можна зразумець як «падслухоўваць нас» праз радыёпрымачы. У рамане Орўэла рэжым падглядаў за людзьмі праз «тэлегляды».
— «Радыё Свабода» — выйсьце з сусьвету Орўэла. Маёй рэлігіяй тады, у 80-я — 90-я гады, быў рок-н-рол. «Радыё Свабода» — тое ж, што ў іншых сьветапоглядах «благадаць», «нірвана», «Дух Сьвяты» ці «сусьветны розум». Чалавек як увасабленьне Свабоды Выбару. Таму — хвалі радыё, таму — «вусны і словы» адвечнага. Тыя вусны і словы, што былі нам дадзеныя рок-н-ролам. Словы «слухаюць нас», «ведаюць нас» — тут набываюць адценьне «сапраўды ведаюць», «сапраўды слухаюць» па-за сусьветам «1984».
ТГ: Як Вы ўвогуле ставіцеся да антыўтопіі Орўэла? З сучаснай Беларусьсю ў ёй даволі шмат паралеляў.
— Орўэл дакладна вызначае бязвыходнасьць жыцьця ва ўмовах таталітарнае сыстэмы. Але ж, на справе, бязвыходнасьць не ў катоўнях «Міністэрства Любові», а ў атэізьме самога Орўэла, у ягонай сьвядомасьці. Іронія для мяне ў тым, што правакацыйны пароль «мы стрэнемся там, дзе няма цемнаты» зьдзейсьніцца й для катаў, і для ахвяраў, і для атэіста Орўэла. Мы стрэнемся па-за жыцьцём, таму «не пакіне нас надзея».
На фота: Фэлікс Аксёнцаў у Ванкувэры, дзе жыве з 1996 году. Як прызнаўся паэт «Тузіну Гітоў» у першым публічным інтэрвію пасьля ад’езду (2006), ён знаходзіўся ў жудасным псыхалягічным стане, пакідаючы Радзіму.
— Белы сьцяг — гэта безумоўная адмова ад сілы, гвалту. Гэта капітуляцыя ілюзорнага «я» на карысьць сапраўднага. Гэта беларускі сьцяг без крыві. Дарэчы, ёсць у тэксце й алюзіі на некаторыя артэфакты з гісторыі рок-музыкі, але ж лепей пакінуць іх там нерасшыфраванымі (рэд. — U2?).
ТГ: Ці ў курсе былі ўдзельнікі «Ўлісу» пра такі шматпластовы сэнс «Радыё Свабода»?
— Вядома ж, мы абмяркоўвалі гэтыя думкі ў гурце. Кожны з нас успрымаў гэты сьпеў крыху па-свойму, як і мае быць.
Відэа. Гурт Ulis выконвае «Радыё Свабода» на дабрачынным канцэрце, прысьвечаным угодкам БНР. Запіс зроблены дзяржаўным Тэлевізійным беларускім каналам (ТБК) 20 сакавіка 1993 году ў менскім Палацы культуры чыгуначнікаў. Відэа ўзятае з архіву экс-прэзыдэнта Менскага рок-клюбу Ўладзімера Зайчанкі. У сеціве публікуецца ўпершыню.
ТГ: А як вы ставіцеся да таго, што аўдыторыя часам можа трактаваць мэсыдж аўтара цалкам інакш? Напрыклад, падобная гісторыя з сатырычнай песьняй «Гадзючнік» N.R.M, якая стала гімнам Плошчы-2006, але прыпеў там відавочна гучыць ад імя афіцыйнае прапаганды.
ТГ: Мне падабаецца, калі людзі адчуваюць розныя сэнсы ў вершы. Таму мае ўласныя думкі пра тэкст «Радыё Свабода», магчыма, цяпер неістотныя. Я вельмі рады, што песьня жыве. Бо яна — бы кропля ў той эўрапейскай плыні, да якой належыць і сама радыёстанцыя «Свабода».
Віктар Сямашка, Tuzin.fm
КАМЕНТАВАЦЬ