Navi. «Шчасьце» быць! (прэм'ера сынглу)
Гурт Navi прэзэнтуе на Tuzin.fm беларускамоўны сынгл «Шчасьце», запісаны ў новым гучаньні.
«Шчасьце» ілюструе новы этап у жыцьці Navi. «Цяпер мы даем поўны гук!», — з захапленьнем абвяшчаюць заснавальнікі каманды Арцём Лук’яненка і Ксенія Жук. Цяпер яны стала граюць з бас-гітарыстам ды бубначом, сам Арцём зьмяніў акустычную гітару на электрычную і гэта сапраўды даволі моцна паўплывала на гучаньне Navi. Поўным складам музыкі ўпершыню выйшлі на сцэну 17 ліпеня ў Re:Public, дзе ў тым ліку ўпершыню зайгралі ўжывую «Шчасьце». Студыйны варыянт песьні Navi прадстаўляюць на Tuzin.fm. «Гэтай песьняй мы якраз сьведчым, што выходзім на новую ступень, а значыць маем і большыя намеры», — кажуць музыкі. Запіс, зьвядзеньне і майстарынг песьні зрабіў Артур Сьцяпанаў, які зьяўляецца саўндпрадусарам гурта.
Арцём і Ксенія вырашылі аздобіць вокладку сынгла выявамі твараў сваіх слухачоў. Дзеля гэтага заклікалі праз сваю суполку дасылаць фотаздымкі. «Мы падкрэсьлілі, што нам патрэбныя менавіта шчасьлівыя моманты з жыцьця людзей. І мы атрымалі іх вельмі шмат, усе выявы проста фізычна ня здолелі зьмясьціцца на вокладку», — кажа Арцём. Navi мяркуе зьняць на гэтую песьню свой новы кліп і таксама задзейнічаць у ім сваіх слухачоў.
Музыкі ўжо маюць матэрыял на новы альбом. Усе песьні ўжо напісаныя, цяпер справа за студыяй. Пачуць Navi ў абноўленым гучаньні ў найбліжэйшы час можна на фэсьце «Дружба» 2 жніўня.
Песьня «Шчасьце» возьме ўдзел у аўдыёчарце на Tuzin.fm у новым музычным сэзоне 2014/2015.
Прэм’ера на Tuzin.fm. Navi — Шчасьце
Cловы і музыка — Арцём Лук’яненка
Запіс, зьвядзеньне, майстарынг — Артур Сьцяпанаў
Вокладка — Андрэй Сьвятлоў
Сёньня я зразумеў,
Навошта ты
Хочаш, каб
Засталіся мы адны
Побач моц
Новы сэнс і новы час
Толькі, каб самым лепшым у адказ
Зразумей, што адбылося
Зразумей, што адбываецца
Пр. Я ня ўбачу сьвет, пакуль яго ня ўбачыш ты
Сонца запавет мы знойдзем разам і тады
Кожны новы крок для нас адкрые цэлы шлях
І калі патрэбна шчасьце зьявіцца ў руках
Першым з нас
Будзе толькі той, хто там
Моцным стаў
За працягам ёсьць працяг
Побач моц
Новы сэнс і новы час
Толькі, каб самым лепшым у адказ
Зразумей, што адбылося
Зразумей, што адбываецца…
КАМЕНТАВАЦЬ