Калядачка
7420 / 0
02.09.2014

Akana. Новае гучаньне фольк-клясыкі (аўдыёпрэм’ера!)

Гурт Akana ў межах праекту «Re:Песьняры» прадстаўляе сваё бачаньне песьні «Калядачкі».

«Калядачкі» — твор народны, узяты і апрацаваны «Песьнярамі» для «Праграмы каляндарна-абрадавых песень» (1979), пасьля яна ўвойдзе ў фільм «20 хвілін зь Песьнярамі» ды ў live-альбом «Зачараваная мая» і стане адным з галоўных гітоў ансамблю Мулявіна ў пачатку 80-х. Менавіта гэты твор абраў для выкананьня ў праекце гурт Akana, у які ўваходзяць Ірэна Катвіцкая, Руся і Надзея Чугунова.

«Кампазыцыя Калядачкі“ — вясёлы карнавал для простага народу і рафінаванага арыстакрата. І мяне як этнамузыколяга гэта прывабіла. Я знайшла прататып беларускага напеву, на падставе якой „Песьняры“, хутчэй за ўсе, і рабілі сваю кампазыцыю. Шматгалосныя фактуры — гэта тое, што Акана працягвае рабіць па песьняроўскай“ традыцыі. З усіх бакоў гэта наша песьня», — тлумачыць кіраўнік гурта Ірэна Катвіцкая. Музыка «Песьняроў» для сьпявачкі знаёмая зь дзяцінства. Ірэна кажа, што заслуга гэтага ансамблю (разам з Генадзем Цітовічам) у тым, што яны зрабілі беларускую народную музыку актуальнай і запатрабаванай: «Яны вывелі „простую сялянку“ ў сьвет. Іх творы слухалі як модную, але пры гэтым сваю музыку. Такі быў афіцыйна дазволены фанк на камсамольскай савецкай эстрадзе».

У Akana па выніку атрымаўся арыгінальны твор, з аўтарскім рыфам, гармоніяй і мэлёдыяй, зроблены пад уплывам ад музыкі «Песьняроў». Каб падкрэсьліць сваю павагу да таго, што зрабіў Мулявін, пры канцы кампазыцыі адмыслова ўжытая музычная цытата. «Калядачка» — адна з тых песень, якая будзе гучаць заўжды, — упэўненыя сьпявачкі.

Akana —– Калядачка (музыка і словы народныя, апрацоўка 1979 году Ўладзімера Мулявіна, апрацоўка 2014 году Ірэны Катвіцкай). Зьмяшчаецца са згоды выканаўцы.

Tuzin.fm

Ай калядачкі бліны-ладачкі, ой рана-рана, бліны-ладачкі.

Ой, калядачкі, вы хутчэй хутчэй, ой рана-рана, вы хутчэй хутчэй. 

Каляда, каляда, каляда, каляда, каляда, каляда. Каляда!

 Ай, калядныя бліны ладныя, ой рана-рана, бліны ладныя.

Мы калядачкам наравіць будзем, ой рана-рана, наравіць будзем.

Каляда, каляда, каляда, каляда, каляда, каляда. Каляда!

Каляда, каляда, каляда. Каляда, калядка, каляда.

Не ходзі коза жы, не ходзі. Каляда, калядка, каляда! Го-го-го-го!