BosaeSonca выканалі самую рамантычную тэму «Песьняроў» (аўдыёпрэм’ера!)
Гурт BosaeSonca запісаў для праекту «Re:Песьняры» сваю вэрсію песьні «Ты мне вясною прысьнілася».
«Ты мне вясною прысьнілася» ўвайшла ў рэпэртуар «Песьняроў» яшчэ ў той час, калі яны зваліся «Лявонамі» (1968). Некалькі гадоў таму ў інтэрвію газэце «Народная воля» аўтар песьні, між іншым тата Міланы Міхалевіч — жонкі палітыка Алеся Міхалевіча, распавёў як напісаў гэты цудоўны тэкст: «Спаткаў дзяўчыну — роднасную душу. Яна любiла паэзiю, музыку, захаплялася, як i я, песьнямi Iва Мантана i сьпявала iх безь перакладу, па-француску, бо ведала некалькi замежных моваў. Нам выпала ўсяго некалькi сустрэч. Аднойчы мы доўга блукалi па вулiцах гораду, гаварылi аб усiм на сьвеце. Была якраз купальская ноч i ўжо бралася на сьвiтанак, калi я праводзiў дзяўчыну да весьнiчак яе дому на тады цiхай Лодачнай вулiцы па-над Сьвiслаччу… Вярнуўся да сябе — сьвятло ўключаць ужо ня трэба было. Сеў да стала i без „паложаных“ творчых пакутаў i пошукаў рука нiбы сама сабою вывела першы радок „Летняя ночка купальная…“ Праз пару дзён пазванiў Юрыю Ўладзiмеравiчу Семяняку, напрасiўся на сустрэчу. Прыйшоў — ачомаўся, зьнiякавеў: турбую вялiкага творцу сваiм начным трызьненьнем? Хацеў схаваць лiсток, а кампазытар выхапiў яго ў мяне, прабег вычыма — i расплыўся ў шырокай усмешцы. „Пачакай, я зараз!“ — i шпарка, ледзь не подбегам скiраваўся да раяля, пальцы пабеглi па клявiшах. „Чуеш, чуеш, што выходзiць!“ — аж сьвяцiўся музыкант…»
«Ты мне вясною…» у 60—70-х гадах выконвалі шэраг беларускіх артыстаў, але надзвычайную папулярнасьць яна набыла пасьля таго, як выйшла на першай кружэлцы «Песьняроў» (1971). Сам безыменны афіцыйна альбом называлі паводле гэтай песьні. З тых часоў гэты сьпеў — абавязковы нумар на ўсіх канцэртах «Песьняроў» і The Best-складанках. Якраз гэтую песьню вырашылі пераасэнсаваць для праекту «Re:Песьняры» гурт BosaeSonca, аўтары найлепшага беларускамоўнага альбому 2013 па вэрсіі Experty.by.
«Па шчырасьці “Песьнярамі” я пачаў цікавіцца ўжо ў сталым узросьце, – распавядае лідэр калектыву Алесь Кот-Зайцаў. – Таму асаблівага ўплыву на разьвіцьцё мяне, як музыкі, яны не аказалі. Але гурт гэты такога маштабу, што нават калі ты ня слухаеш іх музыку адмыслова, то не магчыма ня ведаць некаторыя кампазіцыі, якія самі сабой так ці йначай даходзяць да цябе, як да слухача і зазвычай кранаюць да дрыжыкаў. Гэта нашае сапраўднае рэтра, нашая музычная гісторыя, за якую ня проста ня сорамна, а якой можна ўпэўнена і шчыра ганарыцца».
Алесь кажа, што спачатку думаў перасьпяваць «Малітву», але адразу ж зразумеў, што ідэя гэтая ня з найлепшых: «Прасьпяваць лепш, чым тое рабіў Мулявін, хіба немагчыма, а рабіць нейкі суцэльны рэмэйк на менавіта гэтую кампазіцыю проста рука не падымалася. У выніку я абраў песьню найбольш блізкую па духу да маіх уласных». Для музыкаў з гурта BosaeSonca непрымальна было сыграць кампазыцыю ў тым самым выглядзе, што й арыгінал, бо выглядала б другасна. Таму яны паставілі задачу зрабіць па-сутнасьці новы трэк, з сакавітым адгалоскам фірмовага «песняроўскага» гучаньня.
BosaeSonca – Ты мне вясною прысьнілася (музыка Юрыя Семянякі, словы Міхася Шушкевіча). Зьмяшчаецца са згоды дачкі кампазытара Ірыны Юр’еўны Семянякі.
Tuzin.fm
Летняя ночка купальная
Яснай растаяла зьнічкаю.
Падаюць зоры сьвітальныя
Ў чыстыя воды крынічныя.
Ой ты, дзяўчыначка мілая,
Як жа ты сьвет упрыгожыла!
Ластаўка ты легкакрылая, —
Лёгкі мой сон растрывожыла.
Ты мне вясною прысьнілася
Неразгаданымі чарамі,
Сэрца парыўна забілася
Лёгкімі крыламі-марамі.
Пэўна цябе, ненаглядная,
Стрэў я часінай удалаю.
Ты ж мая доля спагадная,
І не шкадую німала я.
Заўвага: Песьню напісаў Міхась Шушкевіч на музыку Юрыя Семянякі. Не зразумеў: Міхась пісаў тэкст, ведаючы музыку Семянякі?
Слушная заўвага, паправілі
Тут ужо 100% трып-гоп. Падхапілі, што ўжо прысутнічала ў песьні і давялі да лягічнага канца) А ўдзельнікі "Песьняроў" проста не зразумелі (http://kimpress.by/index.phtml?page=2&id=10529).
Зь языка сарвалі. У арыгінале песьня па атмасфэры вельмі блізкая да гучаньня Porishead узору 1996 году
КАМЕНТАВАЦЬ