Гурт «Ілюжан». Усё як мае быць (аўдыё)
У новым туры аўдыёчарту на Tuzin.fm гурт «Ілюжан» прадстаўляе свой твор «Як мае быць». Музыкі кажуць, што ён зьявіўся раней за аналягічны слёган квасу «Старажытны».
Гурт «Ілюжан» стаў адным з самых прыемных адкрыцьцяў гэтага году. Музыкі граюць разам ужо некалькі гадоў, але толькі сёлета паказалі плён сваёй працы і прэзэнтавалі на Tuzin.fm свой першы міні-альбом. «Для любога сьпеўнага гурту патрэбнае ня толькі спалучэньне добрае музыкі зь нягоршай паэзіяй, але й магчымасьць хаця б мінімальна імправізаваць, каб песьні штораз нібыта ствараліся наноў. Музыкі „Ілюжан“ якраз маюць такі патэнцыял. Падчас канцэртаў яны лёгка зрываюцца ў калектыўныя варыяцыі на тэму, джэмуюць… Узьнікае гэткі душэўны драйв, у меру кантраляваны палёт эмоцыяў. Болей за тое, лаціна-джазавая рытміка „Ілюжан“ папросту дыхае беларускім мэлясам», — кажа пра іх музыка і журналіст Віктар Сямашка, вядучы рубрыкі !OUT.
«Ілюжан» вырашылі прапанаваць у аўдыёчарт песьню «Як мае быць». Сьпявачка, аўтар тэксту і мэлёдыі Кацярына Аліхвер зазначае: «Тэкст зьявіўся задоўга да стварэньня самой кампазыцыі, нават раней за аналягічны дэвіз квасу „Старажытны“. Паклалі на музыку мы падчас імправізацыі гурта на рэпэтыцыі ў 2012 годзе. Гэта песьня-развага пра зьменлівасьць жыцьця і марнасьць страхаў і чаканьняў, заклік не трымацца за мінулае і сьмела крочыць насустрач свайму новаму дню, да сваёй мары і не спакушацца на лёгкія шляхі». Канчатковы абрыс песьня «Як мае быць» набыла пасля зьяўленьня сола клярнэта ў выкананьні Дзяніса Нікольскага, гармонію і структуру прадумаў Сяргей Харашкевіч, а да аранжыроўкі кампазыцыі спрычыніліся ўдзельнікі гурта — Сяргей Харашкевіч, Яўген Кірдзей, Дзяніс Нікольскі, Міця Шацёр.
Ілюжан — Як мае быць (музыка гурта, словы Кацярыны Аліхвер). Зьмяшчаецца са згоды выканаўцы.
Tuzin.fm, фота LiiLaa Studio
Мары мінулыя
Лісьцем засохлым
Ляцяць і зьнікаюць
Ў марознай слаце.
Хмары панурыя
Сінім нябёсам
Месца саступяць,
І вернецца Дзень.
А ў парасонах
Хаваецца ліпень,
І вечар паліць
На сьцежках свой мёд.
Хочацца верыць,
Што так будзе вечна…
Як шчыра Сусьвет
Запрашае ў палёт!
Хай — навальніцы цень:
Ноч на парозе,
Хвалі сумненьняў —
Нясьцерпна жыць…
Зноў зазірне ў вакно
Новы твой Дзень —
Вітай яго,
І будзе ўсё,
Як мае быць.
Хай на даляглядзе —
Краёў незнаёмых
Стракатыя ўзоры
Зіхцяць не табе.
Ты ведаеш сьцежку —
Адну зь мільёнаў,
Якая да мары
Цябе прывядзе.
о божа, она что, полька? что за пронаунс?
Вакалістка родам з Паставаў, што на Паазер’і. Менавіта адтуль у Кацярыны адметнае вымаўленьне й фолькавыя інтанацыі.
"У нас у Паставах атрымліваецца такое своеасаблівае скрыжаваньне і летувіскага, і польскага, і расейскага… Плюс яшчэ дзядулі ды бабулі з Палесься, 9 гадоў школы на беларускай мове. Акром таго, пэўны час я ўдзельнічала ў фольк-тэатры „Госьціца“, брала ўрокі ў Ларысы Сімаковіч ды іншых пэдагогаў па вакале… Гэта ўсе так зьбіраецца й акумулюецца"
Падрабязьней - http://tuzin.fm/article/1189/out-muzyka-jakoj-nie-ctavala-audyjo-videa-prezentacyja-ep.html
А я лічу, што за кошт гэтага своеасаблівага вымаўлення вакал проста шыкоўны
Падтрымлiваю
Вельмі прышпільнае вымаўленне.
Наконт самой песьні - не зразумеў аб чым яна, але мне падаецца, ў дадзеным выпадку, гэта неістотна :). Атмасфера летуценнасці перададзена.
Дзяк.
КАМЕНТАВАЦЬ